Навагодняй ноччу мой тата будзе працаваць. Ён аператар кацельнай, а гэта вельмi адказны занятак: нельга ж пакiнуць без цяпла жылыя дамы i кватэры, а тым больш у свята. Не сказаць каб ён узрадаваўся, калi даведаўся пра дзяжурства, але i не замаркоцiўся надта. Зрэшты, ён не адзiн такi. Хвiлiну, у якую Зямля пойдзе на чарговы абарот вакол сонца, на рабочым месцы сустрэнуць медыкi i мiлiцыянеры, ратавальнiкi i анiматары, вадзiцелi аўтобусаў i машынiсты цягнiкоў, афiцыянты i кухары, электрыкi i газавiкi — адным словам, тысячы людзей, якiя робяць святы камфортнымi i бяспечнымi для iншых. Калi падумаць, iх так шмат, што неяк нават прытупляецца вострае пытанне аб колькасцi выхадных на Новы год. Многа iх цi мала, заўсёды ёсць людзi, якiя напружана працуюць, а сем’i i блiзкiх вiншуюць толькi па тэлефоне.
Адзiн раз у жыццi мне давялося сустракаць Новы год не дома i не ў сяброў, не разам з блiзкiмi. Хаця як сказаць... Была побач адна асоба, праўда, тады яшчэ не вельмi добра мне знаёмая. Ноччу, калi выбухi петард, салютаў i феерверкаў, вясёлыя воклiкi гуляк наблiзiлiся нават да сцен радзiльнага дома, я думала толькi пра адно: каб не разбудзiлi яны маю нованароджаную дачку, якая цiха пасопвала побач. Але яна праспала ўсю весялосць, i гэта традыцыя захавалася яшчэ на некалькi гадоў.
Скажу шчыра, было мне тады маркотна, i званкi родных, пажаданнi наступны Новы год абавязкова сустрэць разам не надта ўздымалi настрой. Наадварот, водгукi вясёлай мiтуснi на заднiм плане нават падкрэслiвалi нашу цiхую адзiноту. А яшчэ засмучала, што мандарыны i цукеркi есцi нельга... Хаця чым гэта ноч адрознiвалася ад iншых? Толькi тым, што з дзяцiнства мы прывучылiся, што неабходна яе адзначаць сярод блiзкiх, абавязкова за багатым сталом i выключна весела. Але яна прамiльгнула, як i iншыя, i хутка наступiла заўтра з яго звычайнымi клопатамi.
Не адзiн Новы год мы з мужам сустракалi паасобку — ён выязджаў па сваiх службовых справах, я то заставалася дома, то ехала да мацi або свекрывi, да сяброўкi. Прыкмета не спраўдзiлася нi разу, большасць дзён новага года мы ўсё роўна потым праводзiлi разам. Зараз ужо выбiраецца «ў кампанiю» пасталеўшы сын, i мы яго не трымаем на сямейным свяце: ён не прыйдзе ў захапленне ад «Дыскатэкi 90-х», а нас не зацiкавяць падлеткавыя квесты. Сустрэнемся i абмяняемся ўражаннямi ранiцай.
Сёння вечарам за сталамi збяруцца многiя сем’i i кампанii сяброў. Жадаю сабе i ўсiм чытачам, каб у апошнi момант не давялося бегчы ў магазiн па маянэз цi агуркi, каб кошка не развярнула ёлку, а калi паспрабуе ўсё ж увасобiць у жыццё гэты спрадвечны кацiны намер, няхай хто-небудзь паспее яе падхапiць, перш чым паразбiваюцца цацкi. Спадзяюся, гэтай ноччу мы пачуем толькi прыемныя пажаданнi, а не горкiя навiны, паспеем загадаць жаданне пад бой курантаў, i яно абавязкова спраўдзiцца.
I сярод iншых тостаў мы абавязкова ўзнiмем келiх за тых, хто зараз знаходзiцца на сваiм працоўным месцы i клапоцiцца аб нашых камфорце i бяспецы. Зрэшты, калi ўсё ж паверыць вядомай прымаўцы аб сустрэчы года i далейшым правядзеннi, у iх абавязкова ўсё будзе добра. А як жа iнакш? Калi чалавек на працы — значыць, са здароўем у яго парадак, ён лiтаральна неабходны людзям, а дома яго з нецярпеннем чакаюць блiзкiя. Хiба не гэта галоўнае?
З Новым годам!
nevmer@sb.by
Кто встретит Новый год на рабочих местах
Тост за іх Святочны пост
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.