Сколько можно заработать в ювелирной мастерской

Тонкая агранка бізнесу

Якую толькі справу, што патрабуе стараннасці, уседлівасці і вагон цярпення, не называюць ювелірнай... Нават цікава: гэтая складаная праца з упрыгажэннямі ва ўжытку ператварылася ў фразеалагізм таму, што мае вялікую каштоўнасць? Адно толькі можна сцвярджаць: прафесія ювеліра старадаўняя і рэдкая. І ў наш час вырабы, створаныя рукамі майстроў, працягваюць карыстацца попытам. У Мінску налічваецца каля 65 ювелірных майстэрняў. Уладальнікі адной з іх, Вадзім Федзюковіч і Дзмітрый Ткачоў, расказалі, па што да іх часцей за ўсё прыходзяць кліенты, паведамілі пра самы незвычайны  заказ і пра тое, як уладкаваны іх бізнес.

Вадзіма Федзюковіча са школы зацікавіла ювелірная справа.

Уласны міні-завод

Рамонт і рэстаўрацыя, выраб пад заказ ювелірных упрыгажэнняў, значкоў, атрыбутыкі, лагатыпаў з каштоўных металаў, пераплаўка золата і срэбра, чыстка і паліроўка сталовага срэбра, раскачванне пярсцёнкаў і бранзалетаў — пералічваць усё, што павінен умець ювелірны майстар, можна нават пасля слоў «і гэтак далей». Сёння майстры могуць вучыцца на спецыяльных курсах, якія з’явіліся ў Мінску нядаўна. Да таго ж на навучанне можа ўзяць ювелірная майстэрня і, як правіла, працаўладкаваць.

Вадзіма гэтая справа зацікавіла ў школе. Ужо ў адзінаццатым класе ён прыйшоў у майстэрню на падпрацоўку. З тых часоў мінула больш за дваццаць гадоў, ён змяніў некалькі майстэрняў. А ў 2016 годзе знаёмы заснавальнік ювелірнай майстэрні перадаў яе Вадзіму і Дзмітрыю. Паколькі ў былога гаспадара з нейкага моманту не стала часу ёй займацца, тэхнічны стан быў дрэнны.

Размяшчаецца яна на вулі­цы Калініна ў падвальным памяшканні на 85 квадратных метрах. Тры пакоі з чатырох займае абсталяванне, част­ку якога прыйшлося абнаўляць і дакупляць, а астатняе — перарабляць. Уладальнікі праводзяць невялікую экскурсію ў гэтым царстве печаў, металаў і разнастайных дробязей. Ёсць тут нават сапраўдная хімічная лабараторыя.

Індывідуальныя заказы — 60 працэнтаў прыбытку.

— У ёй робім аналізы металу, каб даведацца пра ўтрыманне чыстага золата ў сплаве, тым самым вызначаючы яго пробу. Тут жа вырабы пакрываюць металамі, з дапамогай гальванічнага працэсу — золатам, срэбрам, родыем. Апарат для такіх працэдур каштуе каля 2500 рублёў. Гэтай паслугай карыстаюцца часцей іншыя ювелірныя майстэрні, радзей — рознічныя кліенты. Напрыклад, знаходзяць дома старыя ўпрыгажэнні і хочуць даведацца, з чаго яны зроблены. Таксама для аналізаў выкарыстоўваецца муфельная печ, — расказвае Вадзім.

У наступным памяшканні займаюцца адліўкай, фрэзероўкай васковых загатовак і іншымі відамі работ. З так званай елкі, якая пакуль знаходзіцца ў кіслаце, пачынаюць рабіць ліццё. Пры дапамозе ручной апрацоўкі вырабы прыводзяцца ў нармальную форму, набываюць выгляд. У печы грэецца апока — «елкі» ў гіпсе. Таксама выкарыстоўваюцца васковыя інжэктары, фрэзерны станок, вальцы для механічнай пракаткі металу. Дзякуючы ім можна раскачаць злітак металу, зрабіць профіль рознай формы. На паліравальным станку адбываецца фінішная дапрацоўка вырабаў, каб надаць ім той самы прывабны бляск. Дарэчы, такі міні-завод сёння абыдзецца ў 130 тысяч рублёў. У апошнім памяшканні дызайнер у спецыяльнай праграме на камп’ютары стварае 3D-мадэлі ўпрыгажэнняў.

— Калі параўноўваць з кан­курэнтамі, у нашай майстэрні ёсць усё абсталяванне, звязанае з ювелірнымі работамі, — дзеліцца Вадзім.

Эпоха індывідуальнасці

Вырабы са срэбра таксама заказваюць, але радзей.
З усіх паслуг — тэрміновы рамонт, фрэзероўка, хімічны аналіз і іншыя — большы акцэнт на інды­відуальныя заказы. Гэта прыкладна 60 працэнтаў прыбытку.

Час, які ідзе на адзін індывідуальны заказ, залежыць ад працэдуры апрабавання, што праходзіць у дзяржаўнай інспекцыі. Туды на месяц Вадзім і Дзмітрый вязуць усе вырабы з каштоўных металаў. Дарэчы, цяпер складанасцей з атрыманнем ліцэнзіі на ювелірную майстэрню ў Міністэрстве фінансаў няма. А для адкрыцця рамонтнага пункта яна зусім не патрабуецца.

Самыя частыя заказы і асабліва сезонныя цяпер — заручальныя пярсцёнкі. Цікаўлюся: «І чаму ж людзі аддаюць перавагу звароту да вас, а не ў ювелірны магазін?»

— У крамах сёння прапа­ноўваюць у асноўным тонкія вырабы. Людзі хочуць насіць пярсцёнкі кожны дзень, каб яны не крывіліся і не ламаліся. Таму яны і прыходзяць у майстэрню. Часам кліенты выбіраюць нешта з нашага каталога або прыносяць раздрукоўку з інтэрнэту, могуць і самі прыдумаць ідэю і пакласці на стол гатовы эскіз.

Індывідуальны заказ пачынаецца з абмеркавання і магчымых варыянтаў вырабу. Праект адабраецца кліентам, пасля чаго заказчык самастойна купляе метал і прыносіць яго ў майстэрню. Тут трэба разумець, што ўсе каштоўныя металы фармальна належаць дзяржаве. Калі ў чалавека няма якога-небудзь лому, ён ідзе ў банк, набывае мерныя зліткі чыстага золата. Вырабы са срэбра таксама заказваюць, але радзей.

Зараз пра лічбы. Возьмем, напрыклад, сярэднестатыстычныя заручальныя пярсцёнкі. Для іх вырабу спатрэбіцца ад чатырох грамаў металу. Па курсе Нацыянальнага банка адзін грам фізічныя і юрыдычныя асобы купляюць за 116 рублёў (дарэчы, сусветны кошт на ўнцыю золата падняўся). Майстэрня зробіць адзін пярсцёнак па кошце ад 45 рублёў.

— Усім вядома, што вырабы, якія прадаюцца ў крамах, маюць пэўны дызайн, форму і памер. Але мала хто лічыць, колькі каштуе іх зрабіць у майстэрні. Мы бяром грошы толькі за сваю працу, без нацэнкі на метал і камяні. З-за гэтага і розніца ў кошце, — тлумачыць Дзмітрый.

Злічыць непалічанае

Як прызнаюцца партнёры, раней заказы былі больш істотнымі. Аднойчы рабілі вялікага срэбнага бабра. Попыт цяпер, можа, ненамнога, але пайшоў на спад. З чым гэта звязана, сказаць складана.

На працягу тыдня ў майстэрні з’яўляецца ад 10 да 20 заказаў. Хімічны аналіз робяць усяго тры майстэрні ў Мінску. Паслуга каштуе 28 рублёў. З некалькімі майстэрнямі, якія не маюць абсталявання, заключаны дагаворы, і яны прыносяць метал раз на месяц. А кліенты з заказамі на выраб і рамонт зусім розныя — ад студэнта да пенсіянера. Раён, дзе размяшчаецца майстэрня, даволі стары, прыходзяць шмат пажылых людзей. Таму дзейнічае сістэма зніжак і акцый.

Натуральна, акрамя металаў, майстэрня працуе з устаўкай розных камянёў. Калі яны не каштоўныя, прапануе камяні сама. Часцей за ўсё заказваюць фіяніт розных колераў. Кошт яго залежыць ад дыяметра, прыкладна ад аднаго рубля. У кліентаў становіцца папулярным штучны аналаг брыльянта — муасаніт, які мае блізкія да яго цвёрдасць і каляровыя параметры. Таксама з’явілася мноства штучна вырашчаных брыльянтаў, але пакуль у Беларусі яны не вельмі распаўсюджаныя.

— Асноўны расходны матэрыял — формамаса. Для індывідуальных заказаў выкарыстоўваецца спецыяльны мадэльны воск, больш цвёрды. Для хімічнага аналізу закупляюцца рэактывы. Таксама расход ідзе на гальванічнае пакрыццё. Растворы для ваннаў закупляюцца раз на год. Яны каштуюць каля 1800 рублёў. Абнаўляюцца і дробныя расходнікі — пілкі, свердлы, фрэзы, боры. Напрыклад, упакоўка пілак каштуе 45 рублёў, — гаворыць Дзмітрый.

У групе ў сацыяльнай сетцы і на сайце размешчаны далёка не ўсе іх вырабы, але кожны з іх здзіўляе — крыжыкі з тонкімі ўзорамі і выявамі святых, невялікая брошка ў выглядзе жанчыны з крыламі, бранзалеты з мноствам дробных рознакаляровых камянёў... Усё фатаграфаваць і публікаваць майстры не паспяваюць.

Пашырацца Вадзім і Дзмітрый не плануюць. Кажуць, цяпер праца аднімае вельмі шмат часу, а адкрыццё другой майстэрні або філіяла пацягне за сабой яшчэ большыя і часовыя, і фінансавыя выдаткі.

ТОЛЬКІ  ЛІЧБЫ

Сярэдні даход - 2000 рублёў

Стартавы капітал - 130 тысяч рублёў

Расходны матэрыял - 700 рублёў

Рэклама сайта - 350 рублёў

Кошт муфельнай печы - 2500 рублёў

Кошт працы за адзін пярсцёнак - ад 45 рублёў


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter