Рознабаковыя інтарэсы дапамагаюць Леаніду Данелія пашыраць свой творчы далягляд

Тонкія адценні музыкі і паэзіі

Рознабаковыя інтарэсы дапамагаюць Леаніду Данелія пашыраць свой творчы далягляд. Прыкметнай падзеяй стала персанальная выстава мастака ў гонар яго сямідзесяцігоддзя.­

Творчы шлях мастака Леаніда Данелія па­чынаўся ў студэнцтве. Хлапчуком ён атрымліваў асновы малявання ад бацькі, вядомага ў Беларусі мастака Пятра Данелія. Бацька кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва ў Брэсце больш за 20 гадоў.

У 1963 годзе Леанід паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Гады вучобы прыпалі якраз на час, які цяпер называецца “адлігай”. Вялікі прыклад творчага пошуку ім, вучням, паказвалі тады яшчэ маладыя мастакі-педагогі Леанід Шчамялёў і Альгерд Малішэўскі. Студэнты ўжо маглі знаёміцца з творамі замежнага і рускага авангарда. Але былі і тыя, хто наватарскія эксперыменты ў жывапісе прымалі ў “штыкі”. Юнацкае бунтарства пагражала Леаніду Данелія выключэннем з вучылішча. Пашанцавала, што праз два гады вучобы ў вучылішчы ён здолеў паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут.

У інстытуце многія педагогі больш “спагадліва” глядзелі на “эксперыменты” студэнтаў. Гэта быў цікавы час энтузіязму і надзей. У студэнцкім асяроддзі панаваў дух творчасці.

— Тры важныя складнікі — Паэзія, Музыка, Жывапіс — былі запатрабаваныя ў нашых душах, — успамінае той час Леанід Данелія.

Пасля заканчэння інстытута Леанід набіраўся досведу як мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адным з мінскіх праектных інстытутаў. Практычны досвед і зносіны з майстрамі архітэктуры ў далейшым дапамаглі яму ў самастойнай рабоце. Прафесія як спецыяліста ў галіне дызайну была запатрабаваная. Леанід працаваў некалькі гадоў у “Белгандальрэкламе”, затым была работа ў Мінскім мастацкім вытворчым камбінаце. Ён выканаў шмат грамадска значных аб’ектаў.

Пры гэтым Леанід Данелія ніколі не забываў, што галоўнае, дзеля чаго ён прыйшоў у мастацтва, гэта жывапіс. Магчымасць зарабляць грошы дызайнам рабіла яго больш свабодным у творчым пошуку.


“Жнівеньскі вечар”


“Птушкі вяртаюцца”

Ужо з 1976 года Леанід стаў актыўна ўдзельнічаць у выставачнай дзейнасці. На першай выставе пейзажа прадставіў работу пад назвай “Раніца ў старым горадзе”. Пейзаж вылучаўся арыгінальнай кампазіцыяй, быў выкананы ў дэкаратыўнай манеры. У далейшым у яго творчасці ішла “напрацоўка” свайго стылю. Ставіў задачу — праз настрой, кампазіцыю, колер — аказаць эмацыйнае ўздзеянне на гледача. Неўзабаве пейзаж, прысвечаны паэту Максіму Багдановічу, карціна “Руіны страляюць ва ўпор” ды іншыя прыцягнулі ўвагу крытыкаў.

Паэзія Максіма Багдановіча вельмі моцна паўплывала на Леаніда. Яму захацелася прадставіць у адной са сваіх работ вобраз каханай вялікага паэта. Так, у 1993 годзе была напісана “Вераніка”, дзе на пярэднім плане — засохлае дрэва як сімвал няспраўджанай мары паэта. Пазнаёміўшыся з творчасцю мастака, разумееш, які гэта доўгі і цярністы шлях. Як не проста знайсці сваю “мелодыю кахання”, свой стыль. Сам Леанід Данелія так пра гэта гаворыць:

— Жывапіс — гэта перш за ўсё эмацыйны ўсплёск душы. Часта за экспромтам стаіць твой інтэлект, твой прафесійны досвед, багаж ведаў. Калісьці Феліні, вядомы італьянскі рэжысёр, шчыра гаварыў, што “багаж ведаў” з гадамі яму стаў перашкаджаць. Ён хацеў зноў убачыць свет дзіцячымі вачыма — той свет, у якім мы жывём. Мастаку часам, каб выказаць свой стан, даводзіцца шукаць арыгінальную выяўленчую мову, змяняць манеру падачы матэрыялу.


“У пачатку вясны”


“Нарачанскія краявіды”

У апошні час Леанід Данелія працуе ў абстрактна-імпрэсіяністычным стылі. У той жа час нельга сказаць, што гэта беспрадметнае мастацтва. У ім ёсць рэальныя вобразы, якія часам пераходзяць у абстрагаваныя формы стылізацыі. Насычаны колер узмацняе эмацыйна кампазіцыю такіх карцін.

Вельмі цікава Леанід працуе ў графіцы, дзе мастак захапляецца жаночай прыгажосцю. Сваімі жаночымі вобразамі ён прыцягвае ўвагу гледача да рамантычнага ўспрымання свету. У сваёй творчасці мастак пастаяннна эксперыментуе — адмаўляецца ад ужо асвоеных фармальных прыёмаў, шукае як бы з “чыстага” ліста грані новага ў жывапісе і графіцы.

Ён — удзельнік многіх замежных выстаў. Работы мастака захоўваюцца ў прыватных калекцыях у многіх краінах свету: Францыі, Германіі, ЗША, Расіі, Польшчы, Галандыі, Вялікабрытаніі... Аўстрыйскі выдавецкі дом “Arviviente” выдаў кнігу — альбом “Belarus Visual Artist”, у якую ўвайшлі работы Леаніда. Дарэчы, гэтае ж выдавецтва ўпершыню зрабіла магчымым удзел беларускіх мастакоў у аўкцыёне “Крысці”.


Леанід Данелія са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка

Сёння Леанід Данелія — выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Назапашаны багаж ведаў з душой перадае студэнтам у галіне дызайну, жывапісу, малюнка.

У яго шырокія і рознабаковыя інтарэсы. Выхаваны ў традыцыях нацыянальнага рэалістычнага мастацтва, ён шукаў свой адметны шлях. Графіка, прыкладное і дэкаратыўнае мастацтва, архітэктура, жывапіс — усё гэта яму знаёмае. У яго вобразах арганічна спалучаюцца выразныя магчымасці колеру і ліній, дэкаратыўнасць.

У рамантычнага мастака, а такім і вядомы сёння Леанід Данелія, заўсёды прысутнічае цікавасць да шматаблічнасці. Так, у апошніх работах ён усё больш імкнецца да абстрактнага імпрэсіянізму, аднак і канкрэтныя вобразы застаюцца на яго палотнах. Абстрактнасць, заземленая ў рэалістычнасць, дае магчымасць Леаніду выказаць гаму пачуццяў праз фарбы, якія ёсць і музыка, і паэзія ў кожным яго творы.


На занятках

— Творчая асоба — гэта не проста чалавек мастацтва, — разважае Леанід Данелія, — але і пэўная філасофія, светаразуменне. Гэта яшчэ і штодзённы творчы пошук, бясконцая праца з вялікай аддачай сіл. Так жыць складана, але гэта апраўдана. Тады душа жыве з ні­чым непараўнальным адчуваннем прыгажосці свету, яго ўнутранай гармоніі.

— Значыць, у творчасці спыняцца нельга?

— Творчасць — бесперапынны працэс. Вельмі часта добрыя сны становяцца памочнікамі, ва ўсякім разе, для мяне. Колер і кампазіцыю яны часцей і падказваюць.

— У апошні час вы захапіліся адвечнай тэмай у мастацтве — вобразам жанчыны...

— Жыццё шматграннае, але вечныя ісціны заўсёды побач з намі. Муза ў жыцці мастака — гэта анёл раўнавагі і натхніцелька.


“Успаміны дзяцінства”

— Апошнія вашы карціны — “По­ўня”, “Кветкі восені”, “Вецер свабоды”, “Час здзяйснення жаданняў”, “Мары і адзінота”, “Далёка за поўнач” — напісаныя ў своеасаблівым жанры. Яны насычаны жыццёвай энергіяй, ад іх павявае святочным настроем, спакуслівай прыгажосцю і адначасова магутнай унутранай жаночай сілай…

— Для пачуццяў і светаўспрымання агульнай асновы няма: кожны чалавек адчувае па-свойму. І гэта цудоўна. Творца толькі дорыць асалоду індывідуальнага бачання і адчування.


“Кветкі красавіка”

* * *

Мастак адгукаецца сваім сэрцам, сваёй творчасцю на боль Беларусі. Такі факт. Персанальная выстава Леаніда Данелія, праведзеная раней у Германіі, завяршылася аўкцыёнам, на якім прадаліся ўсе 20 яго карцін, а на гэтыя сродкі была здзейснена гуманітарная дапамога для беларускіх дзетак, пацяр­пелых ад Чарнобыля.

Ён па-ранейшаму шмат працуе і працягвае адкрываць сябе ў жывапісе. А набыты за мінулыя гады багаты досвед Леанід перадае студэнтам. У гэтым таксама бачыць сваю місію.


Леанід Данелія
— мастак шырокіх і рознабаковых інтарэсаў. Выхаваны ў традыцыях рэалістычнага мастацтва, ён шукаў свой шлях, разумеючы, што праз акадэмічнае можна знайсці філасофскае самавыяўленне. Паступова раскрываўся яго светапогляд у галіне графікі, архітэктуры, жывапісу. Валоданне мовай гэтых мастацтваў і сёння дапамагае яму выпрацоўваць такую сістэму стварэння вобразаў, у якіх арганічна спалучаюцца любоў, дабрыня і спагадлівасць.


Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter