Тонежская “чырачка”

Чаму палешукі пякуць птушачак і ўпрыгожваюць ёлачку
Святкаванне Масленіцы ў палескай вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна называецца “Чырачка”. Спраўляючы гэты абрад, мясцовыя жыхары першы раз гукаюць вясну. У выстуджаным завеямі і маразамі паветры спевы нечым нагадваюць паслязімовую песню птушкі — не надта смелую і крыху няўпэўненую. Але колькі радасці ў гэтым перадвясновым першагалоссі.

Фота аўтара

Гуканне вясны будзе доўжыцца і пазней — на Саракі і Благавешчанне. З гэткімі ж працяглымі гучнымі песеннымі завяршэннямі: “Гу-у-у-у...” Але “Чырачка” — сапраўды першая з першых ластавак вясны.

Чаму менавіта на Масленіцу праводзіцца “Чырачка” і адкуль паходзіць яе назва, ужо ніхто ў гэтым палескім краі дакладна не прыгадае. Затое тонежцы добра ведаюць, што да “Чырачкі” яшчэ гаспадарыць зіма, а пасля яе — ужо вясна і канчатковы паварот на новы жыццёвы лад. Ведаюць, што сустракаць “Чырачку” трэба з печанымі птушачкамі ў руках — верабейчыкамі і буслікамі. Што гэтак жа важна ўпрыгожваць ёлачку каляровымі стужкамі — як сімвал маладой сілы і зямной красы. З песнямі-вяснянкамі прайсці праз увесь Тонеж да гары — выспы сярод колішніх балот. Той самай чарніцоўскай гары, на якой гукаліся ўжо тысячы тонежскіх вёснаў і спраўляліся адвечна маладыя “Чырачкі”.


Да нядзельнага свята баба Галя пачынае рыхтавацца загадзя. Замешвае дзежку цеста, ставіць яе ў цёплае месца, каб спорна падышло. Рэцэпт нескладаны: кіслае малако, каровіна масла, яйкі, цукар, сода, пшанічная мука. Трэба напячы цэлы кошык “чырачак”, каб хапіла і сваім унукам, і ўсім дзецям, якія прыйдуць гукаць вясну. І каб на агульны абрус было што пакласці, калі на гары гульбішча пойдзе. Гэтак на “Чырачку” было спрадвеку.

Колькі Галіна Паўлаўна Акуліч сябе памятае, першае вясновае свята заўсёды спраўлялася і ў іхняй хаце, і па суседству, і ў сватоў, і ў кумоў. Тонежцы клікалі адзін аднаго ў госці і абавязкова прыносілі гасцінцы — птушачак з цеста. Сакрэты выпечкі яна засвоіла яшчэ з маленства, а цяпер перадае іх маладзейшым гаспадыням. І не нарадуецца, што хапае жадаючых кулінарнае ўмельства пераймаць. “Чырачкі” ў яе атрымліваюцца прыгожыя — пухленькія і злёгку падпечаныя, а якія смачныя! Дзецям сапраўдная радасць. “Няхай і ў іншых гэтак жа атрымліваецца!” — зычыць сапраўдная захавальніца тонежскай “Чырачкі”. І песні, як і яна, няхай спяваюць і нашчадкам перадаюць.

“Чырыкаць” у Тонежы пачынаюць яшчэ да паўдня. Выносяць загадзя ўпрыгожаную ёлку, насаджваюць на шэст пудзіла зімы. З традыцыйнай песняй выпраўляюцца па сяле:

...За чэрэтом зелененькім,

Ляжыць ніва не орана,

Не орана, не сеяна.

По той ніве ходзіць пані,

Рве цветочкі, в’е вяночкі.

А за ею ходзіць паніч,

Аддай, дзеўко, венка свого,

Венка свого, зеленого...

Старэйшыя жыхары, пачуўшы гэтую, па сутнасці, самую першую вясновую песню, беспамылкова вызначаць, якое свята прыйшло на іх зямлю.

— Ужо “чырыкаюць”, — кажуць яны, пачуўшы знаёмыя змалку гукі.

Моладзь крыху вагаецца, услухоўваецца, хоць многія з дзяцінства наведваюць гурток фальклорных спеваў і вывучэння мясцовай песеннай манеры выканання. Але, удзельнічаючы ў свяце, яны лёгка падхопліваюць вяснянкі і вядуць матыў разам з дарослымі.


Тонежцы любяць “Чырачку”, выходзяць на вуліцу яе сустракаць, далучаюцца да гурту і таксама ідуць на гару, да якой яшчэ з добры кіламетр. Печаныя “чырачкі”, над якімі ўсю ноч шчыравала баба Галя, яны трымаюць у сваіх напрацаваных за жыццё далонях. Наперадзе незвычайнага шэсця хлопчыкі нясуць пудзіла зімы на спальванне і высока паднятую ёлку — каб бліжэй да сонца была.

На чарніцоўскай гары адбываецца галоўнае дзеянне “Чырачкі”. Спачатку моладзь гуртам тройчы звяртаецца да старэйшых:

— Благаславіце, людзі добрыя, вясну-красну гукаці!

— Бог благаславіць! — тройчы адказваюць ім старэйшыя.

Утвараецца вялікі карагод, пачынаецца тое непадробнае тонежскае гуканне, якое немагчыма зблытаць з ніякім іншым:

...Ой, чырочко-пташэчко,

Не залетай далечко.

Не занось мого венчыка,

Бо мой венчык потрэбчык.

Ой, гу, вясна!

Ой, гу, красна!..


За карагодам чарадуюцца забавы, абрадавыя дзеянні, дзіцячыя гульні і зноў спеўныя карагоды. Маленькую ўпрыгожаную ёлачку трэба закінуць як мага вышэй на дрэва. Калі ж не ўдаецца, спрытны хлапчук зацягне яе на самую вяршыню. Вышыня сімвалізуе набліжэнне да бога сонца, якому падуладна прывесці вясну і даць волю новым сілам зямлі. У яго ж, сонца, гонар ладзіцца і вогнішча з ахвярапрынашэннем — спальваннем саламянага пудзіла зімы.

З гары прынята каціцца верацяном. Асабліва, калі багата снегу. Спачатку спрабуюць старэйшыя — каб цэлы год не балелі ад працы спіны. Моладзь падхоплівае вясёлую ініцыятыву і пачынае “заводзіцца”, пакуль усе не акажуцца выкачанымі ў снезе.


Завяршаецца “Чырачка” агульным частаваннем на льняным абрусе, разасланым на снезе. Выкладваюцца “харчэ” — ежа і пачастункі, прыхопленыя з сабою. І абавязкова — птушачкі, тыя, што пяклі і баба Галя, і іншыя гаспадыні і ўдзельніцы святкавання сустрэчы вясны.

Максім Вечар

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter