Толькi для піражкоў

З гэтага дня насеннем маку гандлюе оптам толькі дзяржава

З гэтага дня гандляваць оптам насеннем маку ў Беларусі зможа толькі дзяржава.

— Прычым забаронена рэалiзоўваць насенне ў крамах плошчай менш за 50 кв. м (за выключэннем крам, размешчаных у сельскай мясцовасці), на рынках, з дапамогай гандлёвых аўтаматаў, шляхам разноснага гандлю і гандлю па ўзорах, — гаворыць начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гродзенскага РАУС Яўген Ванькоў. — Насенне абавязкова павінна быць расфасавана ў спецыяльныя ўпакоўкі масай не больш за 200 г. Новыя правілы ўстаноўлены Дэкрэтам № 1 «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку».

Пачынаючы з лютага за захоўванне і перамяшчэнне больш за два кілаграмы насення маку без спецыяльнай упакоўкі фізічнай асобе пагражае штраф да 70 базавых велічынь і канфіскацыя транспарту, на якім яго перавозілі.

Больш суровае пакаранне пагражае індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам, якія будуць везці насенне без заключэння дагавора куплі-продажу з упаўнаважанай арганізацыяй. У прыватнасці, для ІП штраф складзе да 250 базавых велічынь, для юрыдычных асоб — да 300 базавых з канфіскацыяй тавару і транспартнага сродку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter