Опыт экстремальной встречи Нового года, который никому лучше не повторять

Толькі б Гдзень пражыць...

Брагін — а гэта, калі хто не ведае, райцэнтр на поўдні Гомельскай вобласці — узору 1986 года быў не зусім тым месцам, дзе толькі і думак было, з кім 31 снежня пайсці ў лазню. Па-першае, лазня тая была як доля беларускага мужыка за тым часам, калі на яго карку шчыльненька сядзелі розныя Радзівілы, Агінскія і яшчэ тузін паноў і падпанкаў. Па-другое, весялосці і святочнага настрою ў прыфрантавым,так бы мовіць, паселішчы было нямнога. Так, прыфрантавым. Сам фронт знаходзіўся менш чым кіламетраў за сто адсюль. Эпіцэнтр баявых дзеянняў — чацвёрты блок Чарнобыльскай АЭС, смуроднае і атрутнае дыханне якога з рызыкай для жыцця ўтаймоўвалі тысячы людзей. У самім Брагіне размяшчалася мноства службаў, штабоў, якія каардынавалі і накіроўвалі работу па перасяленні людзей, дэзактывацыі забруджаных тэрыторый, многа чаго іншага. Людзей, хоць у першую чаргу ў чыстыя месцы былі вывезены жанчыны і дзеці, не сказаць што паменшыла: краіна пасылала спецыялістаў, якія і працавалі тут вахтавым метадам.


Такую вахту трымаў і я ў раённай газеце «Маяк Палесся». Яна павінна была выйсці тры разы на тыдзень — іначай быць не магло. Няважна, што нас, журналістаў, менш, чым пальцаў на руцэ, і матэрыялаў няма. І таму калі 31 снежня раніцай рэдактар, які праходзіў у нас пад нікам (слова сучаснае, тады такога не было) Глухі Янка, сказаў, што рэдакцыйны «ўазік» у поўным нашым распараджэнні, можам ехаць куды хочам, мы з фотакарам і маім цёзкам Мішам хуценька пабралі лахі пад пахі.

— Гдзень, — на правах камандзіра экіпажа закамандаваў я шафёру і па сумяшчальніцтве нашаму качагару Сашу. — Мы едзем у Гдзень.

Патлумачу, чаму туды. Вялікая, на 400 з нечым двароў, вёска гэта за паўсотні кіламетраў ад Брагіна, самы паўднёвы пункт не толькі «Камарынскага апендыкса», але і ўсёй краіны. І калі ад’ехаць ад яе кіламетраў на 20 у левы бок, будзе Чарнобыль. Яшчэ праз столькі — Прыпяць, якая ўжо тады была горам-прывідам, і тая самая АЭС. Адразу пасля аварыі на ёй людзей з гэтых найпрыгажэйшых мясцін адсялілі на другі, менш-больш чысты, канец раёна. Але ж вось праява, вось чыста паляшуцкая хітрасць і поўная нязгода з пераменай, тым больш прымусовай, месцаў — мужыкі, жанчыны, якіх вазілі аўтобусамі на работу ў былы калгас «Червона Україна», на зваротныя рэйсы чамусьці спазняліся. Такім макарам за пару месяцаў у Гдзень вярнуліся амаль усе жыхары. Яны і былі першымі ў краіне самасёламі, якіх, праўда, сілай зноў высяляць не сталі.

Многа цікавага, са смехам, жартамі, а то і слязьмі пра ўсё гэта, пра жыццё, што пачалося нанава, гдзенцы нам расказвалі. Мы гутарылі і здымалі ў калгаснай канторы, сельсавеце, ФАПе, магазіне, на машынным двары, проста на вуліцы. Мой блакнот пух ад запісаў, Міша ледзьве паспяваў мяняць плёнкі ў старэнькім «ФЭД» і занатоўваць прозвішчы сфатаграфаваных.

Часу не было, калі лічыць, што адбывалася ўсё ў апошні дзень года і гаспадыні ўжо накрывалі святочныя сталы са смачненнымі палескімі далікатэсамі і такой жа непаўторнай… але, добра, пра яе не будзем. Карацей, з апошняй хаты мы, лагодныя і ўлагоджаныя, выйшлі ўжо добрымі прыцемкамі. Падзівіліся, што марозу ўжо градусаў дваццаць і, бачна, будзе больш, што злосны вецер шпурляе ў твары цэлыя гурбы снегу, якога ў той год было багата.

— Па конях, хлопцы, нас чакаюць вялікія справы і смачныя стравы! — камандую і разумею, што ляпнуў нешта не тое.

Чаму не тое, скажу пазней, а пакуль едзем. Чорнай стужкі шашы ўжо практычна не бачна пад сумётамі, следу ні спадарожнага, ні сустрэчнага, ніводнага агеньчыка, ніводнага пробліску святла абапал дарогі таксама — едзем праз выселеную зону.

Прыкладна на палавіне шляху наш «уазік» сутаргава торгаецца, выдае нейкі перадсмяротны віск і становіцца колам — прыехалі.

— …! — ляснуў кулаком па тарпедзе Саша. — Не іначай карбюратар.

Колькі часу Саша корпаўся пад капотам, колькі разоў залазіў у кабіну, адаграваў скручаныя марозам пальцы, як практычна ў цемры разбіраў па вінціках з неймавернымі высілкамі зняты карбюратар, расказваць не буду. Доўгіх некалькі гадзін. Такіх доўгіх, што я ўжо не адчуваў ног у мадэльных чаравічках, а тоўсты кажушок-«чабурашка» са штучнага футра цяпла таксама не даваў ані каліва. Побач гэтак жа зацята прадаваў дрыжыкі Міша.

Але вось нарэшце Саша ляснуў капотам, сеў за руль, павярнуў ключ запальвання. Нічога. Яшчэ раз. Нічога. Яшчэ раз. Нічога.

Цяжкае маўчанне парушыў Міша:

— Давай ключы.

— Якія, навошта? — не зразумеў Саша.

— Здымем запаску, падпалім і будзем чакаць раніцы. У цемры такім марозам не дойдзем.

Так, не дойдзем. Хаця, здаецца, што там ісці — вунь літаральна праз дарогу яшчэ крыху бачны пяціпавярховікі пасёлка Сонечны. Толькі ён выселены, людзей няма. Іх няма ў Пірках, Савічах, да якіх, магчыма, і можна было б дабрысці, толькі сэнсу ніякага.

Мае хаўруснікі завіхаюцца ля запаскі, раз-пораз страсаючы марознае паветра моцнымі слоўцамі, , а я перабіраюся на вадзіцельскае месца і без дай прычыны, не спадзяючыся ні на што, паварочваю ключ і… Рухавік чмыхнуў, змоўк, падумаў, чмыхнуў і завуркатаў. Саша імгненна выцягнуў мяне з машыны за каўнер, сеў за руль і, нешта нашэптваючы, стаў пакрысе, лагодна і пяшчотна прыбаўляць газу. Рухавік слухаўся, капрызіць не думаў, і мы, дзякуй богу, крануліся з месца. І тое, што печка не працавала, што калелі мы і далей, а Саша бачыў дарогу толькі праз маленькую пра­дзьмуханую ў шкле дзірачку, было такой дробяззю пасля ранейшага, што і казаць не варта.

У качагарку, прыбудаваную да рэдакцыйнага будынка, мы ўваліліся, не чуючы ні ног, ні рук. Вы, дарэчы, верыце, што чалавек можа трымаць рукі ў агні і яму не будзе балюча? Вось і я не верыў, пакуль на сабе не паспытаў. Ну, гэта рукі, я іх крыху адагрэў. А вось язык, наадварот, мне дакладна трэба было прымарозіць, бо зноў ляпнуў:

— Ну што, па дамах! Вас ужо зачакаліся.

Хаўруснікі паглядзелі на мяне, як на блазна, але далікатна прамаўчалі. А мне стала вельмі няёмка. Ведаў жа, што жонка Сашы з двума малымі яшчэ з вясны вандруе дзесьці па лагерах, санаторыях і дамах адпачынку. У Мішы яшчэ горш: адным нядобрым днём жонка, з якой ён пылінкі здуваў і якую толькі на руках не насіў, узяла ў ахапак двух сыноў і пайшла да другога мужыка. З той пары прайшло мо паўгода, але суму і тугі ў вачах Мішы менш не стала ні на каліва, а часам ён так глыбока задумваўся аб нечым сваім, што ледзь не выпадаў з рэальнасці.

Няёмкую сітуацыю разруліў Саша:

— Слухайце, а навошта куды ісці, тут давайце святкаваць. А што — цёпла, чыста і мухі не лятаюць.

Прапанова прайшла на ўра. Міша спрытна дастаў з безразмернай тэчкі паўлітроўку белай (яна ў нас у той час прадавалася па талонах, але прадаўшчыца, якую ён сфатаграфаваў для газеты, пайшла насустрач). Я скокнуў у кабінет, выграб з шуфляды дзве банкі адмысловай кітайскай тушонкі «Вялікая сцяна» і пачак індыйскай гарбаты — усё гэта мы атрымлівалі як спецпаёк. Саша, калі я вярнуўся ў качагарку, ужо пластаў паляўнічым нажом ружаватае сала, пальцы на чатыры таўшчынёй, з кменам, а Міша цягаў са слоіка салёныя агуркі:

— Разлівай.

Я разліў гарэлку, якая па кансістэнцыі больш была падобна на алей, мы павіншавалі адзін аднаго з наступаючым, стукнуліся рознакалібернымі шклянкамі, дружна выдыхнулі і дружна ўзялі… Што сказаць? Нармальная гарэлка, яна ж як маленькае сонейка, што ўспыхвае ў жываце і адтуль ужо нясе цяпло па ўсім целе. А тут было адчуванне, што ты праглынуў лядзяш, які не толькі не раствараецца, а, наадварот, расце, большае і працінае ўсяго цябе холадам. Не паверыце: каб гэты холад прагнаць, гарэлку прыйшлося не заядаць, а запіваць вогненнай, больш падобнай на чыфір гарбатай і толькі потым, калі лядзяш растаў, узяцца за бутэльку зноў. Балазе, самы патрэбны для гэтага час настаў: крамлёўскія куранты, а ў тыя гады пад іх бой вялізная краіна сустракала Новы год, пачалі свой адлік… Уступілі ў год 1987-ы і мы трое.

Наступным днём, адагрэўшыся пад цёплай коўдрай, добра паснедаўшы са сваімі кватэрнымі гаспадарамі, я прыйшоў у рэдакцыю, зняў футарал са старэнькай пішучай машынкі і… Ніколі мне яшчэ не працавалася так хораша і спрытна, ніколі пальцы не лёталі над клавішамі так імкліва, як ластаўкі над Дняпром, ніколі так адразу, без усялякіх высілкаў, не знаходзіліся патрэбныя вобразы і словы, з дапамогай якіх я хацеў перадаць чытачам свае эмоцыі і ўражанні ад вандроўкі ў Гдзень, цёпла і шчыра, наколькі здольнасцей хапала, расказаць пра яе жыхароў.

Праз два тыдні, суботняй раніцай, гэты мой нарыс прачытаў, не, нават не прачытаў, а пражыў, прапусціў праз сябе на беларускім радыё знакаміты дыктар Мікалай Чырык.

«Пад самы Новы год у адной з хат вёскі Гдзень прагучаў тоненькі дзіцячы крык — з’явіўся на свет яшчэ адзін маленькі грамадзянін. Што ж, няхай усё ў яго будзе добра. Няхай для яго цвіце і зелянее шырокі поплаў, устае над полем і лесам летняя вясёлка, сам доўжыцца і віруе жыццё ў гэтым блаславёным краі...» — такімі словамі закончыў я свой нарыс.

Міхаіл КУЧКО, «СГ».

mihailkuchko@mail.ru

Дзед Мароз, канешне, не Афрадзіта

Але ў Аўстраліі ён узнікае з акіянскай хвалі

Адарваны апошні лісток календара. Заўтра адлік дзён пачне новы 2020 год. Аднымі з першых яго сустрэнуць жыхары экзатычнай Аўстраліі. Аднойчы мне давялося правесці навагоднія святы на кантыненце вечнага лета. Пералёт на магутным «Боінгу» заняў амаль суткі. Больш як дзесяць гадзін ляцелі над бязмежнымі расійскімі прасторамі. Зверху добра было відаць выцягнуты хрыбет Уральскіх гор. Беласнежным дываном усцелена таёжная прастора Сібіры. Лайнер пасля некалькіх кругоў над Японіяй прызямліўся ў аэрапорце Нарута, што побач з Токіа. Залітая агнямі японская сталіца вірыла начным жыццём. Праз кожныя некалькі хвілін у неба ўзляталі самалёты, якія накіроўваліся ў розныя куткі планеты. Аб’явілі рэйс на Сідней. Пералёт заняў амаль столькі ж часу, як з Масквы да Токіа. У салоне з дзвюх соцень пасажыраў пераважалі прадстаўнікі Краіны ўзыходзячага сонца. Потым яны расказалі, што ляцяць адпачываць на аўстралійскія лецішчы. Многія з іх маюць на паўднёвым кантыненце ўласную нерухомасць. 

Авіямаршрут пралёг над воднай прасторай Ціхага акіяна. Зялёнымі лісткамі на вадзе здаваліся з ілюмінатара параскіданыя паўднёвыя астравы. Перад сіднейскім аэрапортам лайнер пайшоў на зніжэнне. Сярод суцэльнай зеляніны віднеліся дахі дамоў і вядучыя да іх стужкі асфальтаваных дарог. Пад промнямі яркага сонца зіхацелі водныя люстэркі рэк і вадаёмаў. Нас сустрэла аўстралійскае лета. Агарнула ўражанне, нібыта трапілі ў казку. 

Заліты сонцам аэрапорт. Наш багаж аглядаў мытнік-індус з закручанай на галаве чалмой. Мне выпала несці каробкі з сувенірамі. Мытнік загадаў раскрыць іх. Некалькі хвілін ён круціў у руках вырабленыя з ільну беларускія лялькі. Нават спрабаваў на зуб ільняную саломку. Паклікаў на дапамогу калегу. Аглядаючы сувеніры, яны нешта паміж сабой абмяркоўвалі. Падышоў яшчэ адзін прадстаўнік мытні. Каробкі з сувенірамі яны некуды панеслі. Я не мог уцяміць, у чым справа. Больш як гадзіну давялося чакаць, пакуль вярнулі назад усе сувеніры. Высветлілася, што лён яны прынялі за наркатычнае зелле, таму панеслі правяраць. 

Побач з аэрапортам высока ўпіраліся ў неба таўшчэзныя эўкаліпты, акружаныя квітнеючымі дзікімі архідэямі. Паабапал аўтатрасы, пракладзенай па перасечанай мясцовасці, экзатычныя плантацыі бананаў змяняліся густа зарослым цукровым трыснёгам, цытрусавымі садамі, бамбукавымі гаямі, палоскамі палёў. У адрозненне ад нашых заснежаных прастораў гэты аддалены кантынент сустракае навагодняе свята ў зялёным убранні.

Для навагодняга частавання аўстралійцаў Жанет і яе мужа Рэя, якія прымалі мяне, прызапасіў традыцыйнае шампанскае і некалькі штофаў сувенірнай гарэлкі. Продкі іх — еўрапейцы. Паўтара стагоддзя таму караблём дабраліся на вечназялёны кантынент і засталіся тут. З таго часу змянілася некалькі пакаленняў. Двухпавярховы дом Жанет і Рэя знаходзіцца на адной з вуліц Сіднея. Гаспадары імкнуцца захоўваць еўрапейскія традыцыі продкаў.

Зацікавіў мяне іх расказ пра навагодні касцюм для маленькай дачкі Адэлаіды. У сямейным альбоме захоўваецца фотаздымак дзяўчынкі ў беларускім нацыянальным строі. Гаспадыня распавяла, як усё гэта атрымалася. У этнаграфічнай энцыклапедыі еўрапейцаў яе зацікавіў каляровы здымак нацыянальнага беларускага строю. Сваімі рукамі да навагодняга свята пашыла такі ж касцюм для маленькай дачкі. Мне, як беларусу, прыемна было за прызнанне ў далёкай Аўстраліі беларускага строю.

У адрозненне ад нашага звычаю перад святам запасацца прадуктамі, мае гаспадары не спяшаліся ў супермаркеты. У пакоі красавалася пастаўленае ў гаршку вечназялёнае з чырвонымі кветкамі дрэўца. Назва яго — «метрасідзерас». Галінкі ўпрыгожылі фігуркамі аўстралійскіх жывёл з чырвонымі шапачкамі Санта Клауса на галовах. Бачыў, як прадаваліся і прывезеныя з-за акіяна традыцыйныя ялінкі. Цана на іх у Аўстраліі высокая.

Аўстралійцы Новы год не лічаць сямейным святам. Традыцыйна адзначаюць яго ў шумных кампаніях. Мы адправіліся да слыннага Харборскага моста Сіднея. Горад ззяў агнямі ілюмінацый. Вуліцы ўпрыгожвалі яркія гірлянды, штучныя елкі. Здавалася, турысты ўсяго свету з’ехаліся сюды. На галовах у многіх — традыцыйныя ўборы Санта Клауса. Сярод шумнага натоўпу чуліся розныя мовы свету. Праз водную прастору заліва рознакаляровымі агнямі пераліваўся падобны на ракавінку будынак Сіднейскай оперы. 

У прыбярэжным кафэ са шклянай падлогай, пад якой плавалі розныя рыбы, кухар, выконваючы наш заказ, спрытна вылавіў адну з іх. Умомант разабраў і абсмажыў у алеі. Да філе падаў смажаную бульбу фры і бакалы белага віна. Запомнілася і прагулка на невялікім параходзіку па сіднейскай гавані. На палубе гучала музыка, людзі танчылі.

У дзевяць гадзін неба азарыў магутны салют. Яркімі ўспышкамі феерверка асвяцілася ўся бухта. Пачалося навагодняе святочнае шоу. Мноства караблёў, паруснікаў, яхт, малых і вялікіх суднаў запаўнялі рознакаляровымі агнямі нябесную прастору. Назіраць за парадам агнёў можна і з гля­дзельнай пляцоўкі сіднейскай вежы. 

Апоўначы разам з боем курантаў прастору заглушылі званы храмаў розных канфесій. У праваслаўнай царкве Сіднея мне давялося пабываць. Да адной з прыхаджанак звярнуўся з пытаннем на англійскай мове. Яна мне адказала, што ў царкве ўсе гавораць толькі па-руску. Пабудавана святыня стагоддзе таму. У яе перанесены абразы з праваслаўнага храма крэпасці Харбін, што на ціхаакіянскім узбярэжжы Кітая. Па-славянску прыбралі храм да навагодняга свята.

Першага студзеня ў Аўстраліі, як і ў нас, выхадны. Па традыцыі аўстралійцы право­дзяць яго на прыродзе. Мы адправіліся на ўзбярэжжа Ціхага акіяна. Тэмпература вады там у такі час года не апускаецца ніжэй 25 градусаў. Заліты сонечнымі промнямі бераг запоўнілі тысячы адпачывальнікаў. Шматлікія аматары сёрфінга рассякалі прыбярэжныя прасторы акіяна. Сярод іх экстравагантна насіўся па хвалях на ўпрыгожанай дошцы для сёрфінга Санта Клаус. Вызначаўся ён сярод іншых па традыцыйнай шапцы і прымацаванай белай барадзе. 

Запомніўся незвычайны рэстаран, перад уваходам у які гасцей вітаў Санта Клаус. Ён выцягнуўся на некалькі соцень метраў уздоўж узбярэжжа акіяна. Уваход каштаваў 10 аўстралійскіх долараў, што эквівалентна пяці амерыканскім. У меню безліч самых розных экзатычных страў. Можна частавацца любым на выбар. Час знаходжання ў рэстаране не абмежаваны. Афіцыянтаў у ім няма. Поўнае самаабслугоўванне. 

Увечары гаспадары запрасілі ў госці суседзяў. Кожны з іх прыйшоў са сваёй бутэлькай віна. Гэта лічыцца ў Аўстраліі правілам добрага тону. Як і тое, што жанчына пры сустрэчы першая руку не падае. 

На адкрытым балконе смажылі яешню з беконам, частаваліся экзатычнымі пладамі. Расказваў я аўстралійцам пра рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў казачнай Белавежскай пушчы, пра навагоднія гулянні марознымі вечарамі, пра зімовыя завеі ў роднай Беларусі. Прысутныя з вялікай цікавасцю слухалі, як можна ўтрымацца на марозе. Для іх 15 градусаў цяпла ўжо лічыцца ледзьве не стыхіяй. Кожнаму ўручыў тыя самыя сувеніры, што выклікалі падазрэнні ў мытнікаў. Да спадобы ўсім прыйшлося беларускае шампанскае, а вось больш моцныя нашы напоі так і засталіся некранутымі. 

Такой выдалася навагодняя вандроўка ў Аўстралію.

Уладзімір Субат, «СГ».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ГОРЯЧАЯ ТЕМА: