30 жніўня будуць вітаць удзельнікаў раённых «Дажынак» хлебаробы «Фядорскага»

Толькi б час запаволiць...

Караваямі з новага ўраджаю і песнямі будуць заўтра вітаць удзельнікаў раённых «Дажынак» хлебаробы «Фядорскага» разам са сваім ганаровым гаспадаром Рыгорам Дзямко...
Караваямі з новага ўраджаю і песнямі будуць заўтра вітаць удзельнікаў раённых «Дажынак» хлебаробы «Фядорскага» разам са сваім ганаровым гаспадаром Рыгорам Дзямко.

dzyamko.png

Рыгор ДЗЯМКО


НАШЧАДАК аўстра-венгерскіх перасяленцаў, унук польскай шляхцянкі, сын палескіх хлебаробаў Рыгор ДЗЯМКО марыў прысвяціць сваё жыццё лесу, але старэйшы брат Іван пераканаў яго вывучыцца на агранома. Пасля трохгадовай службы на Ваенна-Марскім Флоце Іван вярнуўся дамоў і закахаўся ў дзяўчыну Таісу, якая зачаравала яго не толькі прыгажосцю, але і рамантычнай прафесіяй агранома. Малодшаму Рыгору, які рыхтаваўся да паступлення на лесатэхнічны факультэт, параіў паступаць на аграфак.


ПЯЦЬ гадоў студэнцтва ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і практычная школа гаспадарання ў родных мясцінах пад кіраўніцтвам мудрага старшыні столінскага калгаса «40 год Кастрычніка», Героя Сацыялістычнай Працы Івана Янкоўскага далі трывалую аснову аграному Рыгору Дзямко на ўсё жыццё. Трыццаты год Рыгор Аляксеевіч упэўнена трымае штурвал адной з самых эфектыўных гаспадарак Беларусі. Працоўныя здабыткі старшыні СВК «Фядорскі» Столінскага раёна Рыгора Дзямко ацэнены высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі —ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За працоўную доблесць» і ордэнам Айчыны Ш ступені, прысваеннем званняў заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі і ганаровага грамадзяніна Столінскага раёна, абраннем дэпутатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.


Пэўна, вялікае шчасце хадзіць сцежкамі дзядоў і прадзедаў, працягваць іх справу. Сцежкі могуць змяніцца і наваколле не так выглядаць, як некалі. А зямля тая ж і клопаты ў хлебаробаў амаль такія, як і стагоддзе таму. Каб вясною ўправіцца на полі, летам даглядзець пасевы і ўвосень быць з ураджаем.


Невялікімі лапікамі ўціскаліся сялянскія надзелы сярод палескага балота. З недаверам сустрэлі ў шматлюднай глыбіннай палескай вёсцы Вялікае Маляшава, што паміж Туравам і Давыд-Гарадком, першых меліяратараў, якія пачалі наступ на навакольныя балоты. На нізінах, дзе чулліва дрымалі чароты, у хуткім часе тугімі каласамі зашумела збажына. 


— Каб не меліярацыя, то палешука занеслі б у Чырвоную кнігу, — перакананы Рыгор Дзямко. — Зямлі зусім мала было. Як кінуць вокам, суцэльная багна паміж Прыпяццю і Гарынню. 


Сто гадоў таму ў гэтую глухамань схаваў сваю сям’ю ад Першай сусветнай вайны прадзед Рыгора Аляксеевіча — шляхціц Іосіф Булат, які валодаў багатымі надзеламі ў Цэнтральнай Польшчы. На Палессі спакон вякоў народ пакладзісты, цярплівы, і ў гэты ціхі куточак яшчэ раней прыбіліся не столькі ад галечы, колькі ад неспакойнага жыцця ў часы Аўстра-Венгерскай імперыі закарпацкія продкі смуглявага роду Дзямкоў, гены якіх дагэтуль моцна трымаюцца ў абліччы каравокіх нашчадкаў. 


Здзіўлена ўспрымалі палешукі вытанчаную дачку шляхціца Агаф’ю Булат у незвычайным для мясцовых сялян капелюшы, ды яшчэ з пер’ем наверсе. Зачараваў прыезджую паненку сваёй прыгажосцю нашчадак закарпацкіх перасяленцаў чарнабровы Іван Дзямко. Як не супраціўляліся ганарлівыя Булаты, але згараючая ад кахання Агаф’я настаяла на сваім і стала жонкай Івана. У перадваенныя гады савецкай улады на Палессі ўвесь шляхетны род Булатаў, як кулацкі клас, вывезлі ў Сібір. Замужнюю Агаф’ю Дзямко не кранулі. Па ўсяму свету параскідаў лёс яе вялікую радню.


— Пісалі пісьмы нам, цікавіліся жыццём родных, пра сябе расказвалі, — узгадвае Рыгор Дзямко. — Нават аднойчы мне, як вучыўся ў Горках, прыслалі модны балоневы плашч. У Англіі і Амерыцы і цяпер недзе жывуць нашчадкі нашага роду, карані якога вядуць да заможных магнатаў. Бабуля Агаф’я гэтым вельмі ганарылася. Калі яе сын Аляксей закахаўся ў сіроцкую дзяўчынку з суседняга Талмачава, катэгарычна запярэчыла. Але каханне перамагло, і маладыя пажаніліся. Доўга не падпускала нявестку да печы фанабэрыстая Агаф’я Іосіфаўна, чым падкрэслівала сваё верхавенства ў хаце. Так разам перажылі і ваеннае ліхалецце. Падрасталі тры сыны — Васіль, Іван і Кузьма. Я — чацвёрты ў сям’і, але не апошні. Бацькі збудавалі сваю хату. Чаротам накрылі. Летнім часам з сябрамі-падлеткамі ў чаротавым даху адшуквалі «заляпанкі» з мёдам дзікіх пчол і ласаваліся. Цукеркаў у пасляваенныя гады не было. Да нас любіў заходзіць дзед Іван, які заўзята смаліў тытунёвыя самакруткі. Сяджу каля лямпы і рыхтую ўрокі, а ён нахіліцца да шкельца і прыкурвае. Бабуля Агаф’я не так часта наведвала нас. На перапынках паміж урокамі бегалі да яе падсілкавацца пампушкамі, якія ўмела і любіла гатаваць яна для сваіх шматлікіх унукаў. Малодшая сястра Прося знешне і па характары больш за ўсіх падобная на яе.


— Ці неяк уплывала бабуля на ваша выхаванне?


— Да культуры прызвычайвала. І школа нас выхоўвала. Настаўнікаў вяскоўцы паважалі. Пашчасціла мне вучыцца ў інтэлігентнай настаўніцы Надзеі Іванаўны Кавалец, якая ўдастоена высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы. Дзякуючы такім педагогам многія выпускнікі атрымалі вышэйшую адукацыю. 


— Рыгор Аляксеевіч, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі вы атрымалі дыплом вучонага агранома. А куды вас размеркавалі?


— У той час моладзь ехала на камсамольскія будоўлі, асвойвала цалінныя землі. І мне выпала накіраванне ў Паўладарскую воб- ласць Казахстана. У акадэміі выплацілі 180 рублёў пад’ёмных, гэта было больш, чым самы высокі заробак за месяц у калгаснага старшыні. Заставалася толькі развітацца з роднымі перад ад’ездам у цалінны край. Хваляваўся, як бацькі аднясуцца да размеркавання. Па дарозе дамоў завітаў у калгас «40 год Кастрычніка» Столінскага раёна, дзе праходзіў пераддыпломную практыку… 


— Кіраваў калгасам прынцыповы старшыня Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі.


— Яго прынцыповасць крута павярнула мой далейшы лёс. Калі ён даведаўся пра маё размеркаванне, тут жа стаў званіць і дабіўся, каб я застаўся аграномам-насенневодам у яго калгасе. Пад’ёмныя поштай вярнулі ў Казахстан. Бацькі і не паспелі пахвалявацца. Альшанскі калгас грымеў поспехамі. Толькі што старшыня атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ураджайнасць пшаніцы на высокаўрадлівых асушаных землях перавышала сорак цэнтнераў з гектара. 


— Ад агранома-насенневода ва многім залежаў поспех у раслінаводстве.


— Мы тады займаліся высадкамі на насенне буракоў, морквы, турнепсу, цыбулі. Сеялі чарнушку і атрымлівалі насенную цыбульку. Па 500 жанчын выходзілі на праполку.


— Зарплаты ў гаспадарцы ўсім хапала?


— Калі ў дзень на тры буханкі хлеба зараблялі, то дзякавалі.


— Рыгор Аляксеевіч, а як вам працавалася пад кіраўніцтвам Героя?


— Старшыня быў патрабавальны. На пачатку верасня Івану Дзмітрыевічу было б 90 гадоў. Адвязу кветкі на яго магілу ў Давыд-Гарадку. Ён гарэў калгасам. Не адзін я спасцігаў яго навуку кіравання. Кузняй кадраў называлі нашу гаспадарку, дзе я атрымаў першую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі ўмеў патрабаваць і шчыра радаваўся поспеху іншых. Да маладых спецыялістаў ставіўся па-бацькоўску. Калі я атрымаў позву на службу ў армію, ён тут жа дамовіўся з ваенкомам на адтэрміноўку. Але я настаяў і паўтара года адслужыў. Вярнуўся і яшчэ восем гадоў працавалі разам. Іван Дзмітрыевіч разумна кіраваў стратэгіяй калгаса. Спецыялісты ведалі сваю справу. Старшыня меў вялікі аўтарытэт. Некалі паехалі з ім у Маскву, і адтуль у калгас адразу прыйшло 10 новых грузавікоў «ГАЗ-51». Ён быў грунтоўным кіраўніком, неаднойчы абіраўся дэпутатам органаў улады і дэлегатам партыйных з’ездаў. Дзякуючы Івану Дзмітрыевічу Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР выдзяліла з саюзнага фонду значныя сродкі на асушэнне балот, што з усіх бакоў падпіралі Альшаны. 25 гадоў меліяратары бесперапынна адваёўвалі ў багны гектар за гектарам высокаўрадлівых зямель, дзе ўтыкні аглоблю і вырасце дрэва. Да 50 балаў дасягае ўрадлівасць. Рэкордныя ўраджаі лёну, буракоў, збожжавых давалі абноўленыя плошчы. Калгасніцы ўручную апрацоўвалі лён і здавалі на прыёмны пункт у Століне. Пінскі льнозавод адкрыў у Альшанах траста- прыёмны пункт, куды яе пастаўлялі ўсе навакольныя гаспадаркі. 


— Рыгор Аляксеевіч, а цяпліцамі альшанцы займаліся?


— Пра іх яшчэ ніхто не ведаў. Усе працавалі на калгасных палях. Гаспадарка неаднаразова выходзіла пераможцай Усесаюзнага спаборніцтва па ўраджайнасці асноўных сельгаскультур. Звеннявая льнаводка Параска Шут у Маскве на з’ездзе партыі побач з Леанідам Брэжневым у прэзідыўме сядзела. Асабіста ёй прысылаў віншаванні югаслаўскі лідар Іосіп Броз Ціта, з якім яна пазнаёмілася ў Маскве. Калгаснікаў штогод узнагароджвалі медалямі і ордэнамі. Гэта цяпер у Альшанах культ грошай.


— Альшаны — адна з найбольшых вёсак Беларусі. Ці хапала ўсім працы ў калгасе?


— Да паўтысячы альшанцаў штовясны выязджалі з сякерамі на будоўлі Сібіры і Урала. А восенню вярталіся з чамаданамі грошай. Будавалі дамы, куплялі матацыклы, аўтамашыны, ладзілі дзецям вяселлі. За сезон да пяці тысяч рублёў зараблялі на будоўлях. За такія грошы можна было дом пабудаваць.


— Свой дом у Альшанах збудавалі?


— Ажаніўся на альшанскай дзяўчыне Вулляне, якая закончыла Пінскі саўгас-тэхнікум і вярнулася ў свой калгас заатэхнікам-селекцыянерам. Зараблялі мы добра, і хутка прасторны дом пабудавалі. Але не доўга ў ім жылі. Раённае кіраўніцтва некалькі разоў прапаноўвала мне пасады старшыні калгаса. З-за розных прычын не пагаджаўся. У гутарцы са мной сакратар абкама партыі па сельскай гаспадарцы Каваленка саркастычна выпаліў, што не варта сядзець у аграномах да сівой барады…


— …а станавіцца на крыло і ляцець самастойна.


— Прапанавалі заняцца агранамічнай навукай у вобласці. Я паехаў у Брэст, а жонка з сынам і дачкой засталіся ў Альшанах. Хутка выдзелілі кватэру. 


— Толькі працуй.


— Не змог я ў горадзе ўтрымацца. Не па мне сядзець у кабінеце. Праз 5 месяцаў папрасіўся ў вёску. Старшыня аблвыканкама Мацюшэўскі адчуў мой настрой і пасля вяртання ордэра на кватэру падпісаў маю заяву…


— …на вяртанне блуднага сына ў Альшаны.


— Вярнуўся, а старшыня адпачываў у санаторыі. Паехаў да яго вырашаць свой лёс. Янкоўскі выслухаў мяне і прапанаваў быць яго намеснікам. Але нядоўга затрымаўся я і ў намесніках. Узначаліў калгас імя Кірава і на 8 гадоў затрымаўся там. А 2 студзеня 1985 года ў кабінеце міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Фёдара Мірачыцкага атрымаў загад аб прызначэнні дырэктарам створанага на асушаных землях Палесся саўгаса «Беражцы» Столінскага раёна. Самалётам праз гадзіну быў у Пінску, адкуль да цэнтра новага саўгаса паўгадзіны на аўтамашыне. Пачыналі гаспадарыць на 800 гектарах калгасных зямель.


— Цяпер якая тэрыторыя гаспадаркі?


— Пасля шматлікіх рэарганізацый у нашым СВК «Фядорскі» дзесяць тысяч гектараў сельгасугод- дзяў, што складае чацвёртую частку ворыўных плошчаў Столінскага раёна. Сёлета ўраджайнасць збожжавых пры 28 балах урадлівасці склала амаль 60 цэнтнераў з гектара. Намалацілі 14 300 тон зерня, што грунтоўна ўзмацніла кармавую базу. Штогод прадаем дзяржаве звыш 5 тысяч тон ялавічыны, што больш агульных гадавых аб’ёмаў такіх раёнаў, як Ганцавіцкі ці Маларыцкі.


— Якое пагалоўе ў гаспадарцы?


— На нашых комплексах 18 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Далучылі суседнюю заняпалую гаспадарку, дзе амаль тысячу гектараў зямлі не выкарыстоўваем з-за нізкай урадлівасці. 


— Далучэнне гаспадаркі знізіла вытворчыя паказчыкі?


— Даволі хутка ўраджайнасць на далучаных землях падвоілася. Рэнтабельнасць вытворчасці мяса ў нас стабільная, не ніжэй 60 працэнтаў. Цяжка трымаць такую планку. Высокія цэны на энерганосьбіты, паліва, угнаенні, запчасткі гірамі цягнуць уніз.


Асноўныя нашы ўгоддзі ў пойме рэк Стыра і Прыпяці. Абна- дзейвае тое, што ў нашай краіне меліярацыі будзе надавацца пэўная ўвага. Спадзяемся, што і нашы некалі асушаныя масівы прывядзем у парадак. 


— На ўсё патрэбны сродкі і немалыя. Як і на мадэрнізацыю вытворчай базы.


— Мадэрнізацыяй, колькі я кірую гаспадаркай, столькі і займаемся. Інакш не выжылі б.


— Рыгор Аляксеевіч, вы бываеце за мяжой. Ці ёсць розніца складаемых поспеху аграрыяў?


— Заходняя Еўропа нізкаўрадлівую зямлю не выкарыстоўвае для раслінаводства. Там, дзе ёсць аддача, і сродкі ўкладваюцца. Не на ўсіх нашых меліяраваных землях можна высокаэфектыўна працаваць. Гэта штучна створаныя ўгоддзі, і яны патрабуюць пастаяннай падтрымкі. 


— Бога не перахітрыш?


— Мы можам асцярожна карыстацца гэтым, а нешта перайначваць складана і рызыкоўна. На асушаных масівах ганчарны дрэнаж, што ўкладвалі чвэрць стагоддзя таму, зацягло глеем. Поўныя каналы вады, і пачынаецца забалочванне. Ужо новая тэхналогія дрэнажа з поліэтыленавых трубак, што патрабуе немалых затрат.


— А што для вас зараз самае складанае ў жыцці?


— Змірыцца, што так хутка час ляціць. Два сыны і дачка выраслі і самі маюць дзяцей. Пяцярых унучак і дваіх унукаў падарылі дзеці нам. Гады кулямі пралятаюць, а мне так яшчэ хочацца паспець многае здзейсніць. 


КРОК за крокам здзяйсняе старшыня Рыгор Дзямко задуманае. У вёсках гаспадаркі паўстаюць новыя вуліцы сучасных катэджаў, у якія перасяляюцца жывёлаводы, механізатары, спецыялісты, настаўнікі. Пастаянна Рыгору Аляксеевічу паступаюць заявы з просьбай прыняць на працу. Вабяць людзей заробкі, умовы працы і жыцця. Побач з новым пасёлкам, што за некалькі гадоў вырас на ўскрайку Фядор, паўстае велічны храм, які да зімы плануюць накрыць дахам. 


У час паездкі па Брэстчыне старшыня Урада Міхаіл Мясніковіч пацікавіўся ў старшыні СВК «Фядорскі» Рыгора Дзямко, як удаеца так эфектыўна працаваць? Рыгор Аляксеевіч адказаў, што за трыццаць гадоў працы старшынёю ведае характар і здольнасці кожнага. На даверы ўсё трымаецца. Тысячы гектараў зямлі апрацаваць, жывёлу тройчы ў дзень накарміць, штодзённа 40 тон малака надаіць і адправіць на перапрацоўку. Адказнасць кожны адчувае высокую, і заробкі адпаведныя. Фінансавая стабільнасць трымаецца, таму што 18 тысяч жывёлы — капітал, які не падвяргаецца інфляцыі. Аргументы вопытнага кіраўніка ўразілі Прэм’ер-міністра, і прысутнаму на сустрэчы старшыні аблвыканкама Канстанціну Сумару ён адзначыў, што ёсць каго на Брэстчыне ўзнагароджваць.


СВК «Фядорскі» стабільна трымаецца ў кагорце самых моцных гаспадарак Беларусі, а па чыста вытворчай рэнтабельнасці  нават лідыруе і пастаянна нарошчвае валавую вытворчасць сельгаспрадукцыі. Як у народзе кажуць, дзе хлеб, там і песня. Караваямі з новага ўраджаю і песнямі будуць вітаць заўтра фядорскія хлебаробы ўдзельнікаў раённых “Дажынак”, ганаровым гаспадаром якіх сёлета выпала быць Рыгору Аляксеевічу Дзямко.

Уладзiмiр СУБАТ


Столінскі раён


Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter