Вайна 1812 года доўжылася нядоўга — як казалі ў народзе, ад Тройцы да Калядаў. Але была яна вельмі жахлівай і знішчальнай.
Асабліва для беларусаў: многія важныя падзеі таго ваеннага супрацьстаяння дзвюх імперый адбыліся якраз у Беларусі. Праз нашу зямлю рухаўся Напалеон з Вялікай арміяй на Маскву, праз яе ж потым і ўцякаў, агрызаючыся, як загнаны ў пастку воўк. Даведзеныя да адчаю шматпакутныя сяляне няпрошаных «гасцей» падымалі, як сена, на вілы, глушылі, нібы звяроў, дубінамі.
У Чашніцкім раёне і цяпер можна пачуць паданне пра звычайную вясковую жанчыну Сцепаніду Капусту. Французы, уцякаючы з-пад Масквы, забілі яе мужа і дачку, гвалтам забралі карову і каня, спалілі ў вёсцы Капцэвічы амаль усе хаты. Адзін з ваякаў адбіўся ад зграі і, зусім змарнелы, з’явіўся глухім шэрым прыцемкам, нібы жудасны прывід, на ганку Сцепанідавай сялібкі. Убачыўшы на стале няхітрую сялянскую вячэру — толькі што звараную з лупінай гарачую бульбу ды салёныя агуркі — накінуўся на яе. Нясцерпная хваля імгненнага, як удар маланкі, пякучага гневу накрыла жанчыну. Яна схапіла на прыпечку вялікі гаршчок кіпятні і рашуча абрынула вар на галаву ворага...
Тэрмін «выпаленая зямля» з’явіўся ў ваеннай навуцы значна пазней, у дваццатым стагоддзі. Але ў 1812 годзе такой была для нашага народа чорная ява. Калі ў 1813 годзе Віцебскую губерню наведаў рускі афіцэр і будучы дзекабрыст Фёдар Глінка, то ў сваім пісьме пакінуў наступнае хвалюючае сведчанне: «Усюды попел і разбурэнне. У вёсках чутныя толькі стогн і скаргі».
Французскае войска заняло Глыбокае 18 ліпеня 1812 года. Банапарт затрымаўся тут на некалькі дзён, чакаючы падыходу цяжкай артылерыі. Наведаў тутэйшы кляштар, доўга стаяў у захапленні перад двухвежавым фасадам кармеліцкага касцёла і летуценна сказаў здзіўленым генералам: «Шкада, што храм гэты нельга забраць у Парыж» (маюцца весткі, што гэтыя словы ён сказаў не ў Беларусі, а ў Маскве, наконт аднаго з драўляных храмаў на Нягліннай. — Рэд.).
Затым падпісаў загад аб рэквізіцыі ў мясцовага насельніцтва ўсіх коней і стварэнні этапных прадуктовых пунктаў, даручыўшы інтэндантам дастаўляць туды з гарадоў, мястэчак і вёсак захопленай тэрыторыі муку, авёс, гарох, гарэлку, іншы правіянт. «Вайна, панове, — звярнуўся імператар да світы, — павінна карміць сябе».
Марадзёрства французскіх салдат набыло неўзабаве проста жахлівыя памеры. Прызначаны акупацыйнымі ўладамі докшыцкі камісар Стэфан Ваньковіч ужо праз месяц вымушаны быў паслаць у адчаі рапарт барысаўскаму прэфекту: «Салдаты без літасці рабуюць паселішчы, забіраюць усё да апошняга, забіваюць і калечаць людзей». Гэты роспачны рапарт ніякіх наступстваў не меў.
Праз нейкі тыдзень камісар напісаў чарговы рапарт: «Салдаты, займаючы дамы, выбіваюць вокны, спусташаюць агароды, ламаюць платы і штыкетнік, усюды паляць кастры, ад якіх загараюцца хаты».
У адным з рапартаў камісар назваў прозвішча арыстакратычнага марадзёра — капітана дэ Дувіла, кавалерысты якога забралі ў жыхароў Докшыц сілай усю жывёлу, што яшчэ заставалася пасля папярэдніх рэквізіцый, а таксама мяса, сена, соль... Ваньковіч паскардзіўся: «На просьбу даць акт аб рэквізіцыі кавалерысты кінуліся мяне біць».
У марадзёрстве дайшло нават да жорсткіх сутычак паміж афіцэрамі ўжо зусім не «Вялікай арміі». Падчас рабавання вёскі Вітунічы здабычы на ўсіх заваёўнікаў не хапіла. Разлютаваны француз Карл Мазон выхапіў палаш і трапным ударам клінка раскроіў галаву не паспеўшаму апярэдзіць яго італьянцу Раймонду Скароні.
Вёску Віроўля Гарадоцкага павета жаўнеры з дывізій маршалаў Сен-Сіра і Удзіно абчысцілі дашчэнту. Нагрузілі падводы мукой, аўсом, выгналі з хлявоў і закалолі вепручкоў і бычкоў (кароў сяляне паспелі загнаць у бор), з галёканнем пахапалі курэй... Далёка ад’ехаць не паспелі. Іх дагнаў казацкі эскадрон са штуцэрнымі стралкамі. Пайшлі ў атаку ў конным страі і ў штыкі. Французы абараняліся ўпарта, але казакі пасеклі іх усіх...
Захаваўся ўспамін сялянкі з вёскі Дзявічкі Полацкага павета: «Усё лета людзі нашы хаваліся ў лесе з жывёлай. Засталася ў вёсцы толькі братавая з малым сыночкам. Мы баяліся, што як дзіця пачне крычаць, то пранцузы пачуюць. Калі іх прагналі, мы вярнуліся ў свае хаты. Толькі ў Дзявічках засталіся каровы. У іншых вёсках пранцузы іх пабралі».
У пачатку 1813 года, калі французы былі адкінуты на Нёман, паспеў час падвесці хоць які рахунак ваеннаму спусташэнню. Была складзена, у прыватнасці, «Ведамасць спаленых і разрабаваных вёсак у Копыскім павеце». Спіс атрымаўся жахліва доўгім. Вёскі прызнаваліся «приведенными в полное разорение», «крайне разоренными», «немалое потерпели разорение».
Не паспелі французы выбрацца за Бярэзіну, а да ўлад ужо звярнуўся докшыцкі памешчык Лашкевіч са слёзнай скаргай на тое, што французы разбурылі ў яго фальварку «завод гарачыцельных він», і ён пазбаўлены сродкаў на вартае яго статусу існаванне. Памешчыкі чакалі кампенсацый…
Заварушыліся і іншыя, заявілі раптам, што пастаўлялі харчаванне рускай арміі выключна, маўляў, з меркаванняў «чистейшего патриотизма», і цяпер, калі супастат выгнаны з рускай зямлі, яны разлічваюць на «сугубое вознаграждение» зніжэннем розных падаткаў. Такая пазіцыя моцна абурыла віцебскага губернатара фон Герцфельда, які адразу разгадаў хцівую камбінацыю самазваных «патрыётаў».
А што ж сялянства? Яно цярпліва маўчала з надзеяй на тое, што ўжо ж пасля такой вайны з яго скінуць, нарэшце, мулкі хамут панскага прыгнёту. Спадзяванне гэта было марным. У жніўні 1813 года Аляксандр І выдаў маніфест, якім у сувязі з перамогай над французамі дараваліся міласці саслоўям. «Успомніў» цар і пра сялян: «А крестьянство, верный наш народ, да получит мзду свою от Бога!»
Добра вядомая гісторыя жыхароў вёскі Жарцы Полацкага павета. Яны апынуліся ў нейтральнай зоне. Французы з корпуса Удзіно да вёскі не дайшлі, а рускія з корпуса Вітгенштэйна займалі абарону на поўнач ад Жарцоў. У пачатку верасня французскі батальён паспрабаваў заняць паселішча. Іх сустрэў сялянскі атрад, узброены самаробнымі дзідамі, шаблямі, віламі, старымі стрэльбамі. Камандаваў партызанамі адстаўны салдат Максім Маркаў. Завязаўся бой, і вымуштраваныя французы з іх адмысловым вопытам ваенных паходаў, з дасканалай армейскай амуніцыяй вымушаны былі спешна адступіць. На яшчэ адну экспедыцыю яны ўжо не адважыліся… Праз месяц партызаны разам з воінамі Вітгенштэйна пайшлі на штурм Полацка.
22 жыхары Жарцаў былі ўзнагароджаны крыжамі на шапкі і медалямі «На ўспамін аб 1812 годзе». Пасля вайны сяляне па сваёй прастаце палічылі, што маюць поўнае права людзьмі звацца, а таму адмовіліся гнуць спіны на пана Жаброўскага. Той не паглядзеў на ратныя подзвігі нядаўніх герояў і загадаў цівунам як след «пачаставаць» неслухаў добра намочанымі ў салёнай вадзе лазовымі дубцамі. Пан не паленаваўся прыйсці на экзекуцыю, назіраў з асалодай, зларадна прыгаворваючы на кожны свіст дубца: «Вось табе вольнасць, вось табе крыж».
І толькі праз сем гадоў царскі ўрад выкупіў сялян разам з сем’ямі ў вольныя хлебаробы. Але зрабіў гэта зноў жа цынічна, значную частку выкупу пераклаўшы на плечы сялян.
Вызначылася мужнасцю і прыгонная сялянка Фядора Міронава з вёскі Пагіршчына Полацкага павета. Колькі разоў хадзіла яна ў Полацк, прыносячы з горада ў штаб авангарднай рускай дывізіі генерала Я. Уластава каштоўныя звесткі аб дыслакацыі французаў.
Але і Фядора пасля вайны заставалася пад панскім прыгонам. Болей таго, пан Гласкоў прадаў яе ў іншы павет. Яна ж была для яго жывым таварам, а не гераіняй народнай вайны. І тут высакародна павёў сябе генерал Я. Уластаў. У лістападзе 1815 года ён заступіўся за прыгонную сялянку: «Справядлівасць патрабуе ад мяне прасіць начальства, каб заслугам сялянкі Міронавай аддалі належнае». Генерал звярнуў асаблівую ўвагу на маральныя вартасці жанчыны, якая, не атрымаўшы ўзнагароды, «сама никогда об оной не утруждала».
Мінулі яшчэ пяць гадоў, пакуль з’явіўся царскі ўказ, паводле якога Фядора Міронава і яе сям’я вызваляліся з-пад прыгону і рабіліся вольнымі. Пан Гласкоў, як і хцівы Жаброўскі, нічога не страціў. Кошт сялянкі і яе сям’і, зноў жа паводле ўказа, ён спісаў са сваёй запазычанасці дзяржаўнай казне.
Анатоль БРУЦКІ