Толькі дзве гадзіны на сон

БОЙКІ хлопец Уладзімір ЛАЎЦЭВІЧ. За словам у кішэню не палезе. З яго вуснаў так і сыплюцца жартачкі. Ён у курсе навін, што адбываюцца ў краіне. Валодае рознай інфармацыяй наватарскіх прапаноў і распрацовак у вырошчванні сельскагаспадарчых культур. Мае зносіны з перадавымі камбайнерамі рэспублікі, бо за 6 разоў (столькі ён пабываў на свяце перадавікоў вытворчасці — рэспубліканскіх «Дажынках») шмат з кім пазнаёміўся, пасябраваў.

У сёмы раз прымае ўдзел у рэспубліканскім свяце хлебаробаў Уладзімір Лаўцэвіч з ААТ «Докшыцкі райаграсервіс». Разам з памочнікам Паўлам Шульгатам ён дасягнуў лепшых вынікаў на Віцебшчыне

БОЙКІ хлопец Уладзімір ЛАЎЦЭВІЧ. За словам у кішэню не палезе. З яго вуснаў так і сыплюцца жартачкі. Ён у курсе навін, што адбываюцца ў краіне. Валодае рознай інфармацыяй наватарскіх прапаноў і распрацовак у вырошчванні сельскагаспадарчых культур. Мае зносіны з перадавымі камбайнерамі рэспублікі, бо за 6 разоў (столькі ён пабываў на свяце перадавікоў вытворчасці — рэспубліканскіх «Дажынках») шмат з кім пазнаёміўся, пасябраваў.

Уладзімір упэўнены ў тым, што як кропля дажджу спрыяе росту раслін, так і адна перамога цягне за сабой пераможныя вынікі іншых. Напрыклад, летась у ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс» у пагоні за ім больш чым тысячу тон збожжа намалацілі 9 камбайнераў. Сёлета экіпажаў-“тысячнікаў” стала на адзін больш. Тут пэўную ролю адыгрывае ўраджайнасць, бо на пустым полі не толькі тысячу, але і сотню тон збожжа не намалоціш. У аграсэрвісе ж у гэтым годзе самая вялікая ўраджайнасць у Докшыцкім раёне. Бачна, што аграном на месцы: ведае сваю справу, працуе з глебай, угнаеннямі, насенным матэрыялам і абавязкова — з людзьмі. Ды і механізатары з веданнем справы падыходзяць да работы, сеюць, а затым і ўбіраюць тое, над чым працавалі вясной ды восенню.

Не толькі камбайнерам, але і настаўнікам юнага пакалення з’яўляецца Уладзімір Лаўцэвіч. Многія кіраўнікі давяралі яму працоўнае выхаванне сваіх нашчадкаў. У прыватнасці, яго памочнікамі ў свой час былі сын дырэктара райаграсервіса Мікалая Шульгата, калі вучыўся за геадэзіста-землеўпарадчыка, сын яго намесніка Анатоля Бальшунова, які быў студэнтам і авалодваў прафесіяй эканаміста, і нават сын старшыні райвыканкама Алега Пінчука, будучы юрыст.

Працавала два гады памочнікам і дачка самаго камбайнера — студэнтка ўніверсітэта культуры. Без палёгкі, без зменшаных патрабаванняў старэйшага камбайнера. Віялета Лаўцэвіч вёртка чысціла жняярку і змазвала вузлы і агрэгаты. Па локці была ў мазуце, калі даводзілася займацца складаным рамонтам. З ёй бацька і кола мяняў у камбайне на палявым стане. Той, хто гэта рабіў, разумее, як складана памяняць «махіну пад махінай». Неяк давялося пачуць, што адзін камбайнер дзень рабіў такі рамонт у майстэрні, а Лаўцэвічы справіліся за тры гадзіны.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Віялета засталася працаваць у Мінску. Працай сваёй задаволена, часта прыязджае да бацькоў у Докшыцы. Па яе словах, небам было наканавана быць дома якраз у той час, калі бацька нажаў першую тысячу тон зерня першым у Віцебскай вобласці. Яна прыехала на поле, каб парадавацца перамозе разам з родным чалавекам. Абое свяціліся шчасцем. Так павялося ў іх сям’і, што ўсе радасці і непрыемнасці яны перажываюць разам.

Уладзімір Пятровіч — з тых людзей, якім заўсёды чагосьці мала. У добрым сэнсе сказанага. З неба яму не падала манна нябесная, а ўсё, што мае, заваёўваецца добрасумленнай працай. Кажа камбайнер, што пакуль ідзе ўборка, яму не спіцца. Іншыя валяцца з ног ад стомы... А ён — наадварот. Ляжа і заснуць не можа. То жыта бачыцца ў кароткім сне, то густая пшаніца, якая схіліла свае каласы пад жняяркай. І тады мужчыну хочацца падняцца і ехаць на поле. Што ён і робіць. Рабочы дзень камбайнера іншы раз пачынаецца ў 4 гадзіны раніцы, а заканчваецца ў дзве гадзіны ночы. Як вытрымлівае нагрузку арганізм? Хай на мяжы фізічнай магчымасці, аднак пры душэўнай раўнавазе: у іншым выпадку нервы проста не вытрымалі б. Між тым, перыяд уборкі абмежаваны: у сярэднім 20 каляндарных напружаных дзён, а там — спакойнае і размеранае жыццё. На яго Уладзімір не скардзіцца, а толькі дзякуе лёсу, што змог знайсці правільную сцяжыну. Што добра склалася сямейнае жыццё з прыгажуняй Людмілай. Што растуць чароўныя дачушкі — яго бацькоўскі гонар.

Перадавік за мінулагоднія перамогі атрымаў новы дом «пад ключ». Наперадзе ў Лаўцэвіча — наваселле. Вось толькі скончацца неадкладныя сельскагаспадарчыя работы, будзе закладзены падмурак пад багаты ўраджай будучага года, і зоймецца ён добраўпарадкаваннем на новым месцы. І зробіць гэта ладна, бо ў Лаўцэвіча ўсюды так: калі рабіць, дык найлепшым чынам, каб душа цешылася, каб зробленае прыносіла задавальненне не толькі сабе і блізкім...

Нэли БЕЛЯВСКАЯ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter