Пра новае і незвычайнае, што будзе зроблена сёлета навукай і для навукі, — расказаў журналістам на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін

Тое, што здзіўляе і жыць дапамагае

2017-ы ў Беларусі — Год навукі. Пачнем з лічбаў, каб паказаць “расстаноўку сіл” у гэтай сферы. Сёння ў краіне навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі займаецца 440 арганізацый, з іх 300 — прыватнага камерцыйнага характару. Падлічана: за апошнія 10 гадоў імі асвоена і ўкаранёна 17 тысяч навінак, большасць з якіх маюць рэальную матэрыяльную аснову. Па выніках 2016-га толькі экспарт камп’ютэрных паслуг з Беларусі ў замежжа склаў 14% ад усяго айчыннага экспарту. Па іх аб’ёме ў разліку на чалавека мы пераўзыходзім Індыю і блізкія да ЗША. Прыклад больш наглядны — беларускі 450-тонны самазвал БелАЗ. На выставе ў 2013-м, дарэчы, бачыла замежных турыстаў, што падышлі да гэтага волата. Ім цяжка было сабе ўявіць: наша краіна змагла ў нечым перагнаць двух сусветна вядомых гігантаў машынабудавання: амерыканскі Caterpillar ды нямецкі Liebherr. А беларусам прыемна: можам здзівіць свет! І я адчувала гонар за нашых навукоўцаў, канструктаў, краіну ў цэлым.

Ці змогуць яшчэ нечым здзівіць нас навукоўцы? Як расказаў журналістам Аляксандр Шумілін, найперспектыўныя кірункі працы — гэта распрацоўкі ў галіне высокіх тэхналогій, машынабудавання, медыцыны і касмічнага прыборабудавання.

Аляксандр Шумілін

Высокія тэхналогіі

У Беларусі за мінулыя дзесяць гадоў высокія тэхналогіі сталі адным з прыярытэтных напрамкаў у эканоміцы. Вобласць ужывання іх шырокая. Гэта праграмнае забеспячэнне, самыя сучасныя датчыкі, сэнсары, сістэмы назірання, гэта — унікальныя распрацоўкі ў мікраэлектроніцы, біялогіі, фізіцы. Дарэчы, сёлета ў чэрвені ў амерыканскім Маямі ўпершыню пройдзе выстава беларускіх высокіх тэхналогій. Там нашы навукоўцы, распрацоўшчыкі змогуць прэзентаваць свае дасягненні. Чым канкрэтна збіраюцца здзіўляць — пакуль сакрэт. Аляксандр Шумілін запэўніў: пахваліцца будзе чым.

Транспарт

Сёлета ўжо нашы навукоўцы, інжынеры створаць прататып першага беларускага электрамабіля. А электробусы з бартавымі электрамодулямі замест рухавікоў унутранага згарання ўжо робяць на “Белкамунмашы”. “Вельмі важна, што 60% вузлоў і дэталяў у электробуса — чыста беларускія распрацоўкі”, — падкрэсліў Аляксандр Шумілін.

Да лета на вуліцах Мінска электробусаў будзе ўжо шмат. У планах і з’яўленне ў 2017-м на вуліцах нашых гарадоў і першых электратаксі: на аснове базавай мадэлі аўтамабіля вытворчасці “БелДжы”.

Касмічныя даследаванні

Беларускія навукоўцы пачынаюць выраб яшчэ аднаго беларускага спадарожніка, больш дасканалага за папярэдні. “Там будуць выкарыстоўвацца новыя матэрыялы, больш дасканалая электроніка”, — удакладніў Аляксандр Шумілін. А тэрмін службы спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі БКА-1 пасля “тэхагляду” па рашэнні групы расійскіх і беларускіх вучоных працягнулі на два гады. Нагадаем: інфармацыя, што атрымліваецца з яго, паспяхова выкарыстоўваецца сёння 11 міністэрствамі Беларусі.

Касмічны апарат БКА-1 на арбіце

Медыцына

Біёлагі плануюць сёлета зрабіць рывок у галіне лячэння анкалагічных хворых. У беларускіх навукоўцаў ёсць шэраг распрацовак па сінтэзаванні новых малекул, заменнікаў крыві, ёсць новыя тэхналогіі лячэння. Хімікі засяро-дзяцца на распрацоўцы прэпаратаў, якія змаглі б пацясніць дарагія імпартныя. Дарэчы, прэпарат “Фаталон”, распрацаваны ў нас, прызнаны адным з лепшых пры лячэнні пэўных відаў анказахворванняў. Са слоў Аляксандра Шуміліна, у бліжэйшы час ён будзе пастаўляцца ў Карэю, ЗША, некаторыя краіны Еўропы.

Працягнецца праца з новым метадам імунатэрапіі рака: гэта спроба “навучыць” імунітэт чалавека змагацца з ракавымі клеткамі. Якім чынам? Магчыма, шляхам стварэння вакцыны супраць рака. І сёлета ж у Беларусі пачнуцца клінічныя выпрабаванні новай тэхналогіі па дастаўцы ствалавых клетак у галаўны і спінны мозг, праз нервовыя хады. Гэта важны напрамак лячэння хворых, якія перанеслі інсульты і рознага роду траўмы.

Гэта толькі невялікі пералік найбольш важных распрацовак, запланаваных на 2017 год. А іх, безумоўна. значна больш. І калі нават не здзівіцца нехта ад такога, то мы ж ведаем: перспектывы на будучыню закладваюцца добрыя.

Мы маем намер на працягу года рыхтаваць артыкулы пра нашых навукоўцаў, канструктараў, інжынераў, вынаходнікаў, распавядаць пра “ход падзей” у плыні Году навукі. А ўсім, хто звязаў свой лёс з навукаю, жадаем: больш адкрыццяў, больш інвестыцый, больш творчых азарэнняў і радасці ад спасціжэння таямніц быцця. А яшчэ — эфекту, выніку, аддачы: для краіны ды кожнага з нас.

Голас Радзімы № 7 (3511), чацвер, 16 лютага , 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter