Праздник деревни отметили жители Житковичских Хильчиц

Тое, што нас аб’ядноўвае

Былая традыцыя палескіх кірмашоў адноўлена ў мінулыя выхадныя святам жыткавіцкай вёскі Хільчыцы

Святочная калона на вуліцы Хільчыц.

Руплівы калектыў сельгаспрадпрыемства фермера Міхаіла Шруба славіцца не толькі працоўнымі дасягненнямі. Дбаюць тут і пра духоўную спадчыну.

На сучасна абсталяваным малочна-таварным комплексе, куды я завітаў перад святам, аператары машыннага даення Наталля Клімовіч і Кацярына Салівончык завіхаліся ля кароў. Дапамагаў ім слесар Рыгор Бірук. Яны абслугоўваюць увесь дойны статак. На фермах сялянскай гаспадаркі 3,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Працоўны дзень выпаў у свята і механізатару Уладзіміру Аліфіраўцу. На трактары ён падвозіў жывёле сянаж. Побач з малочна-таварным комплексам пабудавана свінаферма па чэшскім праекце. Гадавы абарот жывёлы перавышае 10 000 галоў. Сярэднясутачныя прывагі кормнікаў дасягаюць 800 грамаў. Некалькі спецыялістаў задзейнічаны на гэтай вытворчасці. У развіццё фермерскай гаспадаркі інвесціравана больш за 10 мільёнаў долараў уласных сродкаў і камерцыйных пазык.

Фермер Міхаіл Шруб перакананы, што агульныя святы яднаюць калектыў. Для ўсіх падраздзяленняў, акрамя дзяжурных жывёлаводаў і механізатараў, абвясцілі выхадны дзень. Цішыня панавала ў машынна-трактарным парку, на ўсіх вытворчых участках. З раніцы вясковыя вуліцы ажывалі. Каля сельскага Дома культуры ветрык разносіў дым палявой кухні, у якой кухары рыхтавалі юшку.

На сцэне сельскага Дома культуры фермер Міхаіл ШРУБ, загадчыца малочна-таварнай фермы Наталля ЛОБАН, ветурачы Сяргей МІХНАВЕЦ і Таццяна ГУЗАНАВА.

Перад пачаткам свята ў хільчыцкую драўляную царкву, пабудаваную Міхаілам Шрубам некалькі гадоў таму, прыехаў правесці святочнае бога­служэнне Вячаслаў Наскевіч, іерэй прыхода праваслаўнага храма Архангела Міхаіла з суседняга аграгарадка Рычоў.

Пачалася ўрачыстасць з шэсця вытворчага калектыву пад гукі акардэона, трубы, бубна ад новага адміністрацыйнага будынка фермерскай гаспадаркі ў цэнтр Хільчыц. На вымытым начным дажджом асфальце лёгка скакалася пад гарэзлівыя мелодыі. Узгадалася даўняя сустрэча з жыхарамі Хільчыц, якія паверылі земляку. Вяскоўцы аддавалі свае пенсіі на падтрымку ідэі арганізацыі сялянскай гаспадаркі Міхаілу Шрубу. А потым усім калгасам перайшлі да фермера. Ведалі яго годны род. У той час моладзь у пошуках працы масава выязджала ў гарады.

Фермер Міхаіл Шруб з сынам Рыгорам.

Перапоўненая зала сельскага Дома культуры грымела апладысментамі ў час віншавання перадавікоў фермерскай гаспадаркі. Граматы і грашовыя прэміі атрымалі камбайнеры браты Анатоль і Віктар Гурыны, Валерый Кацэвіч, механізатары Іван Наскевіч, Васіль і Іван Шрубы, загадчыца ўчастка гародніны Вольга Раціева, вадзіцель Мікалай Ракавец, ветурачы Сяргей Міхнавец і Таццяна Гузанава, жывёлаводы Наталля Лобан, Кацярына Халімончык, Надзея Халім.

Песнямі, танцамі віталі ўдзельнікаў свята самадзейныя артысты Хільчыцкага сельскага дома культуры і столінскі народны калектыў «Выцінанка». Чакалі гасцей танцы, святочны абед, прыгатаваны кухарамі сялянскай фермерскай гаспадаркі.

Жывёлаводы Наталля КЛІМОВІЧ, Кацярына САЛІВОНЧЫК і Рыгор БІРУК.

НЯЛЁГКА даваўся кожны крок пачынаючаму фермеру. Міхаіл Рыгоравіч пакінуў сталіцу, дзе быў запатрабаваны. Разам з жонкай Кацярынай Фёдараўнай, маленькімі дачкой Аляксандрай і сынам Рыгорам вярнуліся на Тураўшчыну. Узялі некалькі гектараў зямлі і ўручную яе апрацоўвалі. Вырашчаны ўраджай увосень самі прадавалі на рынку. Ні на крок не адступалі перад цяжкасцямі. Паступова мацнела гаспадарка. Пачалі будаваць камп’ютарызаваныя сховішчы, якія дазволілі рэалізоўваць прадукцыю круглы год. Адкрылі цэх перадпрадажнай падрыхтоўкі гародніны, які ўключае сартаванне, мыццё і фасоўку таварнай прадукцыі. Што­дзённа дзясяткі аўтамабіляў з розных куткоў Беларусі, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Бранска загружаюцца бульбай, капустай, буракамі, цыбуляй, морквай. Амаль у паўсотні магазінаў і прадпрыемстваў грамадскага харчавання сталіцы пастаўляецца прадукцыя гэтай сялянскай (фермерскай) гаспадаркі. Кожны гектар дае па 70 цэнтнераў збожжа, амаль па 500 — гародніны і звыш 400 — бульбы.

Станоўчыя зрухі і ў жывёлагадоўлі. На працягу некалькіх гадоў закуплялі ў гаспадароў навакольных вёсак цялят і гадавалі дойны статак. Лабарант малочна-таварнага комплексу Яўгенія Сафронава пільна сочыць за якасцю малака. Шэсць гадоў запар толькі сортам экстра яно рэалізуецца на перапрацоўку ААТ «Савушкін прадукт».

Механізатар Уладзімір АЛІФІРАВЕЦ.

Аб’ёмы вытворчасці фермерскай гаспадаркі растуць высокімі тэмпамі, часам нават не хапае рабочай сілы. Па ўзгадненні з іміграцыйнай службай на ўборцы капусты, морквы, буракоў працуюць жыхары Украіны. Уся прадукцыя пастаўляецца ў гандлёвую сетку Мінска і навакольных з Тураўшчынай населеных пунктаў. Прыбытак ад гаспадарчай дзейнасці дазваляе мадэрнізаваць вытворчасць, развіваць сацыяльную сферу.

Выкупілі ладны хільчыцкі дом, у якім плануецца адкрыць музей сялянскага побыту. Яго экспазіцыю папоўняць экспанаты са школьнага краязнаўчага музея. У перспектыве ёсць задума прымаць у гэтым аддаленым куточку Палесся сваіх і замежных турыстаў, бо ёсць што ім паказаць, ёсць чым здзівіць.

Моладзь папаўняе фермерскі калектыў. У жывёлагадоўлі і на тэхніцы працуюць выхаванцы сярэдняй школы. Для маладых сямей пабудавана 20 катэджаў. З Украіны атабарыліся на Тураўшчыне выпускнікі харкаўскіх нацыянальных універсітэтаў Станіслаў і Кацярына Іванковы. Атрымалі добраўпарадкаваны катэдж і настроены заставацца тут. З украінскага Краматорска пераехала ў Хільчыцы і выйшла замуж за мясцовага жыхара Юлія Чарнушэвіч. Маладая сям’я купіла дом, завяла гаспадарку. Сына назвалі ў гонар слыннага асветніка Кірылы Тураўскага.

Поспехамі і планамі калектыву дзяліўся на ўрачыстасці ў сельскім Доме культуры фермер Міхаіл Шруб. Дапамагаюць яму ў працы жонка, дачка і сын. Дзеці пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў сталіцы вярнуліся дамоў. Трое ўнукаў падрастаюць у фермерскай сям’і. Разам з дзядуляй і бабуляй крочылі ў святочнай калоне дзевяцігадовы Мікітка і пяцігадовая Дар’я. Першыя крокі асільвае дзевяцімесячны ўнук Міша.

ДАВЕДКА «СГ»

Па вытворчых паказчыках сярод фермерскіх гаспадарак рэспублікі сельгаспрадпрыемству жыткавіцкага фермера Міхаіла Шруба няма роўных. Створана сялянская гаспадарка 25 гадоў таму. Праз 8 гадоў да яе далучылі занядбалы калгас.

Цяпер малака ад кожнай з тысячы дойных кароў у год атрымліваюць амаль па 10 тысяч кілаграмаў. Валавы намалот збожжа дасягнуў 12 000 тон. Штогадова спажыўцам рэалізуецца звыш 12 тысяч тон гародніны і бульбы. На вытворчасці занята больш як паўтары сотні працуючых.

Жыткавіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter