У краіне прыняты захады, каб папярэдзіць неабгрунтаваны рост цэн на лекі

Тое, што доктар прапісаў

Цэны на нашы і на імпартныя лекавыя сродкі былі па шэрагу пазіцый зніжаны. Такія высновы па выніках маніторынгу фармрынку зрабілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Зрэшты, і ў далейшым расці цэнам на медпрэпараты без асаблівай на тое прычыны не дадуць. За справу ўзяўся МАРГ. Ён адкрывае «гарачую лінію», куды можна будзе паскардзіцца на неабгрунтаваныя, на думку спажыўцоў, змены лічбаў на цэнніках.


Маніторынг, якім займалася Міністэрства аховы здароўя, нагадаю, быў арганізаваны па даручэнні Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка даў распараджэнне прааналізаваць цэны на асобныя лекавыя сродкі, якія ў нас вышэй, чым у суседніх краінах, і выпрацаваць рашэнні па іх зніжэнні. Такіх лекаў, дарэчы, у краіне аказалася амаль 4,4% ад усіх зарэгістраваных.

— Міністэрства аховы здароўя сумесна з РУП «Белфармацыя» гэтыя рашэнні распрацавала, — удакладняе начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Людміла Равуцкая. — Так, прадстаўнікі міністэрства пастаянна праводзяць перамовы як з замежнымі пастаўшчыкамі або вытворцамі, так і з нашымі. Некалькі замежных фармкампаній ужо пагадзіліся знізіць кантрактныя цэны ад 10 да 60% больш чым на 40 найменняў лекавых сродкаў. І лекавыя сродкі з паніжанымі кантрактнымі цэнамі паступяць у аптэчную сетку ў магчыма кароткія тэрміны.

Нашыя ж РВУП «Акадэмфарм», ТАА «Рубікон», СП ТАА «Фармленд», СТАА «Лекфарм» таксама ўключыліся ў праект i знізілі адпускныя цэны на сваю прадукцыю. Хоць аб’ектыўна зрабіць гэта, па словах маркетолагаў прадпрыемстваў, было не так проста. Выдаткі ў фармвытворчасці павышаюцца з-за выкарыстання імпартнай сыравіны і матэрыялаў па цэнах знешняга рынку. Фармацэўтычныя субстанцыі, а гэта асноўная сыравіна, набываюцца за мяжой за валюту. Мяркуйце самi: валютная доля ў складзе нашых лекаў — ад 40 да 70%.

Дарэчы, наколькі лекавыя сродкі даступныя пацыенту, Міністэрства аховы здароўя адсочвае пастаянна. І ў апошнія два з паловай года, запэўніваюць спецыялісты, парушэнняў парадку цэнаўтварэння або перавышэння ўсталяваных аптовых і гандлёвых надбавак не выяўлена.

Больш за тое, адзін з галоўных напрамкаў працы міністэрства ў сферы лекавай палітыкі — забеспячэнне на рынку якасных і даступных па цане генерыкаў мясцовай вытворчасці. Наменклатура беларускіх лекаў пастаянна пашыраецца, у тым ліку за кошт асваення сучасных запатрабаваных прэпаратаў па больш нізкіх цэнах.

Змены на лекавым рынку адсочаць і ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю. З 23 жніўня па 18 верасня ў рабочыя днi ў ім будзе працаваць «гарачая лінія» з 9.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00. Па тэлефоне 8 (017) 200-92-02 можна паведамляць пра рост цэн, а таксама пра розныя кошты адных і тых жа лекаў у розных аптэках. Можна скардзіцца і на адсутнасць у продажы тых ці іншых прэпаратаў. А юрыдычныя асобы могуць паведамляць у МАРГ аб наяўных праблемных пытаннях вядзення бізнесу ў фармацэўтычнай галіне. У міністэрстве адзначылі, што кожны факт вывучаць падрабязна. І калі будзе трэба, то прымуць меры.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter