Эканоміка развітых краін сёлета вырасце на 2,2 працэнта

То ўзлёт, то пасадка

Час ад часу разнашэрсныя эксперты прапануюць самыя фантастычныя і неверагодныя сцэнарыі для чалавецтва: ад глабальных катастроф касмічнага маштабу, узнікнення Трэцяй сусветнай вайны да кліматычных і прыродных катаклізмаў на планеце. Іншая справа — эканамісты і фінансісты, іх высновы ў асноўным грунтуюцца на глыбокім аналізе развіцця міжнародных рынкаў і дзейнасці эканамічных законаў. 

Чарговы даклад Сусветнага банка “Глабальныя эканамічныя перспектывы” (аналіз выдаецца два разы на год) аб магчымасці ўзнікнення ў бліжэйшай будучыні новай глабальнай рэцэсіі з’яўляецца адмысловым папярэджаннем большасці аналітыкаў, якія актыўна прасоўваюць тэрмін “эканамічны аптымізм” адносна магчымасцей эканамічнага росту міжнароднай эканомікі ў 2018—2019 гадах. 

Насамрэч, эканоміка развітых краін сёлета вырасце на 2,2 працэнта. У далейшым іх эканамічны рост зменшыцца: да двух працэнтаў у 2019-м і да 1,7 працэнта ў 2020-м. Дзяржавы, якія развіваюцца, пакажуць іншыя лічбы — 4,5 працэнта ў 2018 годзе з павелічэннем да 4,7 працэнта ў наступныя два гады.

Па сутнасці, сусветная эканоміка зараз пераадолела негатыўныя тэндэнцыі фінансавага крызісу 2008—2009 гадоў, а доўгатэрміновыя прагнозы на бліжэйшыя дзесяць гадоў павышаныя для большасці эканомік. Аднак давайце ўзгадаем гісторыю росту і падзення сусветнай гаспадаркі ў недалёкім мінулым, скажам, на працягу паўстагоддзя. Фактычна сусветныя рэцэсіі адбываюцца цыклічна — раз у дзесяцігоддзе (1975, 1982, 1991 і 2009 гады). Такім чынам, падобны негатыўны сцэнарый можа ажыццявіцца ў любы момант.

Амаль у палове краін свету цяпер назіраецца эканамічны рост, але ў 2019 годзе ўсё можа змяніцца. Сусветны банк гаворыць аб рызыках, якія, хутчэй, пагоршаць эканамічную сітуацыю, чым палепшаць яе. 

Верагоднасць таго, што ўздым сусветнай эканомікі ў 2019-м будзе ніжэй за два працэнты (базавы прагноз тры працэнты), ацэньваецца ў 21 працэнт, а пазітыўны варыянт яе росту (больш за 4 працэнты) атрымаў толькі 16 працэнтаў. Дарэчы, аналітыкі Citigroup лічаць “глабальнай рэцэсіяй” рост сусветнай эканомікі меншы за 2 працэнты (адпаведны паказчык у крызісным 2008-м быў 1,8 працэнта). 

Ёсць іншыя рызыкі: дэфолт па даўгавых абавязках. Напрыклад, узровень запазычанасці ў прыватна-карпаратыўным і дзяржаўным сектарах эканомікі краін, што развіваюцца, сёння значна вышэйшы, чым напярэдадні 2008 года.

Сусветны банк перасцерагае: паступовае запавольванне тэмпаў росту сусветнага ВУП непазбежна. Ён знізіцца з 3,1 працэнта у 2017—2018 гадах да 2,9 працэнта да 2020-га. Калі рызыкі рэалізуюцца, рэзкае тармажэнне гэтага найважнейшага паказчыка цалкам магчымае.

На эканоміку моцна ўплывае і пратэкцыянізм вядучых міжнародных ігракоў — ЗША, КНР, ЕС і няўстойлівая ваенна-палітычная сітуацыя ў свеце. Так, пасля нядаўняга саміту “Вялікай сямёркі” прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп папярэдзіў сваіх партнёраў, што “не дазволіць іншым краінам уводзіць маштабныя пошліны і ствараць гандлёвыя перашкоды для амерыканскіх кампаній”. Хаця менавіта Амерыка з 1 чэрвеня ўвяла 25-працэнтныя пошліны на пастаўкі сталі і 10-працэнтныя абмежаванні для ўвозу алюмінію з Еўрасаюза, Мексікі і Канады. Раней падобныя “гандлёвыя захады” прымаліся адносна Кітая і Расіі.

Калі гандлёвыя войны стануць неад’емнай рэальнасцю — сусветную гаспадарку чакаюць разбуральныя наступствы.

Днямі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця зрабіў даволі пазітыўны прагноз для айчыннай эканомікі ў 2018—2019 гадах. Гаворачы об перспектывах рэгіёна, банк канстатуе: эканоміка Беларусі аднаўляецца значна хутчэй, таму сёлета яна вырасце на тры працэнты (планавалася на два). У наступным годзе ЕБРР прагназуе трохпрацэнтны рост народнай гаспадаркі нашай краіны.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter