Ткуцца кроснаў валаконцы

Раней у кожнай сялянскай хаце на самым пачэсным месцы стаялі кросны. Цяпер іх можна ўбачыць хіба што ў музеі. А сапраўдных ткачых, якія дасканала валодаюць сакрэтамі старадаўняга рамяства, засталіся, бадай, лічаныя адзінкі.

Гэтым майстэрствам можа любы авалодаць. Але “наваражыць” узор не кожная вопытная ткачыха ўмее!

Раней у кожнай сялянскай хаце на самым пачэсным месцы стаялі кросны. Цяпер іх можна ўбачыць хіба што ў музеі. А сапраўдных ткачых, якія дасканала валодаюць сакрэтамі старадаўняга рамяства, засталіся, бадай, лічаныя адзінкі.

Сціпла стаіць, прытуліўшыся за парканам, звычайная драўляная хацінка, што ў вёсцы Флярова Лунінецкага раёна. З сенцаў, дзе гаспадары захоўваюць разнастайныя прылады, трапляю ў пакой, добрую палову якога займае печ, што дыхае смачным водарам толькі што спечаных блінцоў. Хата на два пакоі — так звычайна будавалі ў даваенныя гады. У другім — паважна ўладкаваўся сапраўдны ткацкі станок, якому, відаць, пераваліла за сотню.

— Сядайце, калі ласка, — кажа немаладая гаспадыня, Наталля Іванаўна Рамановіч, хуценька перабіраючы ніткі.

— Нават у старасці часу на ўсё не хапае, — нібыта просячы прабачэння, гаворыць жанчына. — Вось надумала выткаць посцілку, ды на тыдні два злегла, прыхварэла, усё ж гады бяруць сваё.

Наталля Іванаўна праверыла, ці не парваліся дзе ніткі, села за ткацкі станок. Чоўнік, нібыта жывы, туды-сюды спраўна бегае ў руках гаспадыні. Ткачыха лоўка пускае яго паміж вялікімі і малымі навойкамі, затым націскае на адну з паножнаў, ці педалей, і набівае бёрдамі. Любуюся, як грацыёзна працуе бабуля, нягледзячы на паважаны  ўзрост. Шчыруе, варожыць над узорам, у якім пераплятаюцца, плывуць рознакаляровыя ніткі. Шчыра прызнаюся, другі раз у жыцці назіраю, як ткуць сапраўдныя ткачыхі, і гэтая, на першы погляд, такая немудрагелістая праца сапраўды ўражвае. Нездарма многія параўноўваюць кросны з музычным інструментам — арганам. Старадаўні ткацкі станок выпраменьвае сваю адмысловую музыку кроснаў. Вось перапляліся, зліліся ў адно чырвоныя, зялёныя, ружовыя і жоўтыя ніткі, утвараючы непаўторны ўзор.

— За ткацкім станком больш за семдзесят гадоў, — тлумачыць майстрыха. — Чаго толькі не даводзілася ткаць за сваё жыццё: ручнікі, посцілкі, выкладанкі, ходнікі і нават адзенне. Праўда, тое было яшчэ пры Польшчы. — Прыгадала яна, і як вырошчвалі лён раней, ачышчалі талакно ад канаплі ды кастрыцы, а затым часалі ды пралі.

— Ткаць навучылася ад маці, — працягвае гаворку бабуля. — У гадоў восем ужо магла выткаць палатно. На самай справе ткацтвам можа авалодаць любы. А вось заснаваць узор не кожная нават самая вопытная ткачыха ўмее! Трэба валодаць сапраўднай ткацкай “матэматыкай”. Дакладна разлічыць, якога колеру і ў якой паслядоўнасці заснаваць ніткі.

— Вось глядзі, якія выкладанкі, — кажа ткачыха і дастае з шафы ўсыпанае квеценню пакрывала. — Такія рэчы таксама не проста выткаць. Патрэбна кожную кветачку, кожны лісточак, як гавораць, перабраць, выкласці рукамі. Такіх выкладанак не адзін дзесятак параздавала дочкам і знаёмым. Няхай карыстаюцца! Праўда, зараз такое хараство, як кажуць, не ў пашане. — І раптам зажурылася бабуля, самотнымі сталі яе прыгожыя, колеру неба, вочы. — Зараз ужо не ткуць, — працягвае гаворку жанчына. — У мяне чатыры дачкі, дык яны вышываюць, а вось ткацтвам не займаюцца. Хочаце, я вас навучу, — раптам прапаноўвае бабуля. — На самай справе гэта не складана.

Сорамна прызнацца, але навучыцца ткаць у мяне так і не атрымалася. Я ўвесь час блытала панажы, націскаючы нагою не тую педаль. Чоўнік, які так лёгка і грацыёзна працаваў у руках майстрыхі, мяне чамусьці не слухаўся, блытаўся ў нітках, нацягнутых паміж вялікай і малой навойкамі. Адным словам, кросны не хацелі раскрываць мне сваіх сакрэтаў, адчуваючы, што я тут зусім выпадковы чалавек, які на гадзінку завітаў у госці.

Пакуль я “мучыла” ткацкі станок, гаспадар, Яраслаў Уладзіміравіч, паспеў пакарміць парасят, напаіў каня Жуліка і адвёў худобу на пашу. Нягледзячы на ўзрост, Наталля Іванаўна і Яраслаў Уладзіміравіч яшчэ саджаюць агарод. Акрамя таго, каля 30 сотак бульбы ў іх на калгасным полі... Адным словам, сумаваць сям’і няма калі. Спрадвечныя сялянскія клопаты зацягваюць у свой кругаварот, які і называецца жыццё...

Кацярына ЯЦУШКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: шчыруе за кроснамі ткачыха Наталля РАМАНОВІЧ; вось такія сімпатычныя кошыкі доўгімі зімовымі вечарамі пляце дзядуля;

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter