82 паліклінікі Гомельскай вобласці пераходзяць на электронныя карты пацыентаў

Тэрапеўт у лічбавым дыяпазоне

З пачатку года ў вобласці ідзе фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы, якая аб’ядноўвае 82 лячэбныя ўстановы. У анлайн-рэжыме яны могуць абменьвацца інфармацыяй адносна стану здароўя пацыента, праведзенага абследавання і лячэння на розных этапах і ўзроўнях. На жаль, ад папяровых варыянтаў выпісак пакуль адмовіцца нельга, аднак хуткасць аказання медыцынскіх паслуг павялічылася ўжо.

52-гадовая Марыя Іванаўна з Чачэрска пакутавала ад праблем страўнікава-кішачнага тракту. Мясцовы спецыяліст здагадку пра прычыну выказаў адразу, аднак абсталявання, каб пацвердзіць гэта, у раённай бальніцы не было. Спатрэбілася кансультацыя іншага спецыяліста і абследаванне ў Гомелі. Марыю Іванаўну накіравалі ў кансультатыўную паліклініку абласной клінічнай бальніцы. Жанчына цяжка ўздыхнула: дзе ж знайсці час, каб спачатку запісацца, а потым адстаяць чаргу. Аднак яе імгненна супакоілі. Запісвацца нікуды не трэба, прымуць дакладна ў вызначаны час, а яе выпіска будзе ў медыцынскай установе раней, чым яна сама.

Чаргі каля рэгістратуры больш няма

Фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы, якая звяжа лячэбныя ўстановы Гомельскай вобласці, пачалося яшчэ паўгода таму. Сродкі на праект, а менавіта на набыццё камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, з’явіліся дзякуючы інавацыйнаму фонду Гомельскага аблвыканкама. У адзіную сетку звязалі 82 медыцынскія ўстановы — па гэтым паказчыку рэгіён у лідарах. Каардынацыйным цэнтрам стала паліклініка абласной бальніцы. Дарэчы, намеснік галоўнага ўрача па паліклінічнай рабоце Кацярына Цітко характарызуе Чачэрскую ЦРБ як адну з самых актыўных у сучасных інфармацыйных умовах: 

— Насамрэч сістэма простая. Калі доктару неабходна пракансультаваць свайго пацыента ў абласнога спецыяліста, ён у электронным выглядзе фарміруе карту. Там ёсць пашпартныя даныя, праведзенае лячэнне і абследаванне. Гэта накіраванне па абароненых каналах перадаецца ў абласную паліклініку ў праграму «Рэгістратура». Сам урач выбірае ў праграме месца і час прыёму і паведамляе пацыенту. Больш не трэба гадзінамі тэлефанаваць і самастойна шукаць час для прыёму. Калі правесці апытанне сярод насельніцтва, усе пацвердзяць, што гэта праблема нумар адзін. Мы здымаем  50—60% напружанасці. 

Марыі Іванаўне яшчэ лепш. У абласной паліклініцы яна не ў першы раз. Яе даныя ёсць у сістэме, таму ад свайго ўрача атрымала спецыяльны код, па якім у інфармацыйным кіёску імгненна атрымлівае талон і без наведвання рэгістратуры ідзе да гастраэнтэролага. Дарэчы, у холе паліклінікі такіх звычных чэрг да медрэгістратараў няма. Пацыенты шпарка накіроўваюцца адразу да інфакіёска і ўпэўнена націскаюць на экран. Пакуль сістэма новая, побач заўсёды знаходзіцца арганізатар-кансультант. 

Карыстацца інфакіёскам пры неабходнасці дапаможа кансультант

Тым часам усе звесткі пра Марыю Іванаўну ўжо ў спецыяліста. У абласной паліклініцы камп’ютарам абсталявана кожнае рабочае месца ўрача. Запаўненне анлайнавага варыянта карткі ідзе амаль адначасова з прыёмам. Вызначылі ціск — запісалі, выслухалі скаргі — зрабілі адзнаку, а вынікі аналізаў і даследаванняў і без таго праз лакальную сетку аўтаматычна далучаюцца да даных пацыента. 

Свой вердыкт Марыя Іванаўна атрымала. Яе анлайн-карту ўжо адаслалі ў Чачэрск, і пакуль жанчына даедзе дадому, мясцовы ўрач паспее азнаёміцца з вынікамі. На рукі пацыенту аддалі папяровую версію выпіскі. Ад гэтага пакуль пазбавіцца немагчыма, уздыхае Кацярына Цітко:

— Ад папяровага варыянта ніхто не адмаўляецца. Гэта юрыдычны дакумент, бо электроннымі подпісамі медыкі пакуль не абзавяліся. 

Перанесці ўсю дакументацыю анлайн — блакітная мара медыкаў. Пакуль ёсць магчымасць зрабіць электронныя аналагі карт пацыентаў. Над чым зараз актыўна і працуюць у раённых паліклініках.

valchencko@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter