
На выхадных прырода бадзёрыла нас лютымi маразамi. Аднак нават вялiкi мiнус на тэрмометры не перашкодзiў супрацоўнiкам кампанii «Рэмондзiс» выехаць на збор святочных дрэў, якiя страцiлi сваю актуальнасць. Мы пераканалiся, што акцыя з’яўляецца папулярнай сярод жыхароў сталiцы.
— Iх на звалку цi перапрацоўку адвязуць? — пацiкавiлася неабыякавая жыхарка мiкрараёна Каменная Горка Марыя Мiхайлаўна, калi мы грузiлi елкi па адрасе Нёманская, 85.
— На кампост, — запэўнiў яе грузчык «Рэмондзiса».
Асноўнымi праблемамi, з якiмi мы сутыкнулiся падчас збору елак, былi блакiраванне пад’езду да кантэйнерных пляцовак у дварах i пакiнутая дэкарацыя на дрэвах, якую даводзiлася здымаць сваiмi сiламi. Пагрузiўшы апошнюю прыгажуню, якая ўжо страцiла сваю прывабнасць i свежасць, мы адправiлiся за горад, на ўчастак па перапрацоўцы адходаў.
— Падобную акцыю праводзiм не першы раз, — расказвае генеральны дырэктар групы кампанiй «Рэмондзiс» Эрвiн Куртбядзiнаў. — Летась наша кампанiя адправiла на перапрацоўку больш за пяць тысяч дрэў. Мы выкарыстоўвалi перапрацаваную прадукцыю ў якасцi кампосту ў гаспадарчай дзейнасцi.
Прыбыўшы на ўчастак па перапрацоўцы, першым чынам узважваюць смеццявоз:
— У гэтым годзе плануем сабраць каля ста тон сыравiны пасля навагоднiх свят, — тлумачыць начальнiк участка Генадзь Лаўрэнчык. — З гэтай колькасцi елак выйдзе каля 60 тон кампосту.
Сабраныя елкi перапрацоўваюць у дранку i ў агульнай масе буртуюць для кампаставання. Працэс займае каля чатырох месяцаў. Пры кампаставаннi тэмпература ў бурце дасягае 70—80 градусаў. Пракампаставаныя бурты адсяваюцца, i атрымлiваецца гатовы прадукт — кампост арганiчны, якi выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы i на прыватным падворку для вырошчвання прадукцыi.
— З пункта гледжання эканомiкi, акцыя па зборы, вывазе i перапрацоўцы елак нявыгадная, — прызнаецца начальнiк аддзела продажу i маркетынгу групы кампанiй «Рэмондзiс» Аляксандр Лагуцёнак. — Але мы хочам паказаць, як неабходна правiльна абыходзiцца з адходамi i канкрэтна з навагоднiмi елкамi. Няма адходаў, ёсць нявыкарыстаныя матэрыяльныя рэсурсы, якiя можна i трэба перапрацоўваць, а не закопваць альбо спальваць. Вырабляючы кампост для ўгнаення ў сельскай гаспадарцы, мы ўцягваем ялiнкi ў паўторны абарот.
Акцыя па зборы святочных дрэў працягнецца да 24 студзеня. У Маскоўскiм, Кастрычнiцкiм i Фрунзенскiм раёнах сталiцы побач з кантэйнернай пляцоўкай або iншым месцам, вызначаным раённай адмiнiстрацыяй, можна будзе пакiнуць навагодняе дрэўца. Яно павiнна быць без мiшуры i ўпрыгажэнняў, каб не абцяжарваць перапрацоўку.
Сёлета елкi збяруць больш чым у 700 месцах з дапамогай асобнага транспарту i вывезуць iх на ўчастак па перапрацоўцы. З улiкам задзейнiчаных аўтамабiляў i колькасцi дзён вывазу плануецца, што жыхары вынесуць яшчэ больш елак, чым у 2020 годзе.
grudnitskiy@sb.by