Тэхналогiя — венгерская, сыравiна — мясцовая

Кiраўнiцтва Вiцебскага аблспажыўсаюза нават у зiмовы  час не дазваляе, як кажуць, ставiць кропку на нарыхтоўках...

Кiраўнiцтва Вiцебскага аблспажыўсаюза нават у зiмовы  час не дазваляе, як кажуць, ставiць кропку на нарыхтоўках. Хаця яны не такiя ўжо актыўныя i шматгалiновыя, як у летне-асеннi перыяд. Але стратэгiя застаецца ранейшай: нарыхтоўчы сезон у кааперацыi працягваецца круглы год.

За прайшоўшы год вiцебскiя кааператары закупiлi ўсялякай сыравiны больш як на 30 мiльярдаў рублёў, галоўным чынам, у свайго насельнiцтва. Не ўсё ўрадзiла аднолькава на прыватных агародах, а таксама ў лясах i на балотах. Важна было зацiкавiць вяскоўцаў, дачнiкаў i фермераў, каб пабольш адгрузiць сыравiны на мiжсезонне. Нарыхтоўчыя пункты спажыўкааперацыi разлiчвалiся з руплiўцамi без прамаруджвання. За кiлаграм журавiн у час iх збору плацiлi па 4500—5000 рублёў. I чарнiцы летась было выгадна здаваць у кааперацыю: па 6000 рублёў за кiлаграм.

А вось яблыкаў у вiцебскiх садах было не надта багата. Дакладней, дзе густа, а дзе пуста. I ўсё ж мясцовых пладоў i цяпер на прылаўках хапае. Харчовыя сарты яблыкаў вiцебскiя кааператары завозiлi з Гродзенскай i Мiнскай абласцей. А так званыя падалкi, цi пашкоджаныя, пайшлi на прамысловую перапрацоўку. Больш дарагiя плады з блiзкага i далёкага замежжа – справа рук камерсантаў. Кааператары да гэтага не маюць дачынення. Яны i на ўласнай тэрыторыi здолелi назапасiць у дастатку якаснай, экалагiчна чыстай сыравiны. Напрыклад, шмат цыбулi закупiлi ў фермера Вiктара Багачова з Вiцебскага раёна.

I ўсё ж галоўнай крынiцай забеспячэння мясцовай сыравiнай аказалiся ўласныя структуры. У кожным сельскiм магазiне (а iх у сiстэме спажыўкааперацыi каля 1800), у 400 прыёмных нарыхтоўчых пунктах дзень за днём ствараўся харчовы фонд, якiм цяпер карыстаюцца не толькi ў нашай краiне, а i за яе межамi. Дзякуючы сучаснаму маразiльнаму абсталяванню забяспечваецца глыбокая замарозка ягад, садавiны i грыбоў. Такiя прадукты карыстаюцца ўстойлiвым попытам на знешнiм рынку. Ужо створаны надзейныя адрасы экспарту ў Расiю, Германiю, краiны Балтыi.

Здараецца, што некаторыя вiды традыцыйнай для кааперацыi сыравiны робяцца незапатрабаванымi. У якасцi прыкладу можна прывесцi кару вярбы. Менавiта ў новым стагоддзi расiйскiя скураныя прадпрыемствы, якiя выкарыстоўвалi гэту сыравiну для прыгатавання экстракту для дублення скур, цяпер яе не купляюць у беларусаў. Хiмiчная прамысловасць еўрапейскiх краiн выпрацоўвае спецыяльны сродак, якi замяняе натуральную сыравiну. У вынiку кара вярбы стала непатрэбнай. Праўда, узнiкла пытанне, наколькi хiмiчныя прэпараты бяспечны для здароўя чалавека, але гэта ўжо iншая размова.

Затое радуе, што прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасцi аблспажыўсаюза вырабляюць усё болей смачныя, прыгожа аформленыя кансерваваныя прадукты. Да таго ж з натуральнай мясцовай сыравiны, больш карыснай за iмпартную. На перапрацоўку iдзе лiтаральна ўсё: агуркi, таматы, капуста, бульба, яблыкi, грыбы i ягады. Мадэрнiзаваныя лiнii выдаюць тавар, якi вонкава нiчым не адрознiваецца ад замежнага. Затое каштуе дзешавей i, неаспрэчна, больш карысны. Скажам, агуркi i таматы кансервуюцца як па традыцыйных беларускiх рэцэптах, так i па замежных. Летась вiцебскiя кааператары ўкаранiлi на перапрацоўчых прадпрыемствах саленне i квашанне па венгерскай тэхналогii. I з беларускiм зместам.

Раўняцца варта на лепшы вопыт. Некаторыя раўнуюць, што часта прыводзяць у прыклад пастаўскiх кааператараў. А што тут дрэннага, калi тут iмкнуцца i ўмеюць апярэджваць час? Вось i мiнулай восенню мясцовы каапнарыхтпрам здзейснiў рэканструкцыю старога сховiшча для агароднiны. Яго адметнасць у тым, што ў адным вялiзным памяшканнi падтрымлiваецца розны тэмпературны рэжым. У залежнасцi ад таго, якую тэмпературу любiць тая цi iншая садавiна-агароднiна. Таму ў новым годзе кiраўнiцтва аблспажыўсаюза шукае сродкi, каб такiя цуда-сховiшчы збудаваць цi рэканструяваць старыя ў iншых спажывецкiх таварыствах. З адзiнай мэтай: не толькi стварыць максiмальныя запасы мясцовай сыравiны, але i захаваць яе ў поўным аб’ёме.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter