Беларусь і Расія плануюць арганізаваць сумесны інжынірынгавы цэнтр па станкабудаванні

Тэхналогія партнёрства

Беларусь і Расія плануюць арганізаваць сумесны інжынірынгавы цэнтр па станкабудаванні. Рашэнне аб яго стварэнні прынята на калегіі міністэрстваў прамысловасці дзвюх краін. Як сёння супрацоўнічаюць станкабудаўнікі? Адказ наш карэспандэнт шукаў разам са старшынёй праўлення Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Віцебскі завод “СТР” Леанідам Крывашэем.


У лабараторыі электронікі і наладкі Віцебскага завода “СТР”

15 гадоў назад па рашэнні Мінпрама Беларусі быў створаны завод “Станкарамонт”, заснавальнікамі якога выступілі 17 дзяржаўных прадпрыемстваў. Меркавалася, што “Станкарамонт” з яго высокакваліфікаванымі інжынерамі і канструктарамі зоймецца капітальным рамонтам і мадэрнізацыяй даволі пазношанага парку абсталявання. Тады на старыя станкі сталі ўстанаўліваць новыя прывады і сістэмы ЛПК. У 2006-м для большай зручнасці работы з расіянамі на базе “Станкарамонту” адкрыўся завод “СТР”. З 2011 года ён уваходзіць у склад нямецкай групы кампаній і сёння выкарыстоўвае самыя сучасныя сістэмы ЛПК. Віцябляне пачалі выпускаць высокапрадукцыйныя апрацоўчыя цэнтры, аналагаў якім няма ў Беларусі і Расіі. На іх любую дэталь ад пачатку да канца можна зрабіць з мінімальным удзелам токараў або фрэзероўшчыкаў. Дастаткова, каб заданне ў сістэму ЛПК увёў аператар.

Па просьбе Санкт-Пецярбургскага ЦНДІ тэхналогіі суднабудавання і суднарамонту канструктары завода “СТР” распрацавалі 9 мадэляў станкоў для гэтай галіны. Іх вырабілі і пастаўлялі на Балтыйскі завод, Адміралцейскія і Паўночныя верфі, калінінградскі завод “Бурштын”. Аднак у канцы 2014 года віцябляне даведаліся, што як прадстаўнікі іншай дзяржавы не могуць удзельнічаць у тэндарах, якія праводзяцца расійскай “абаронкай”. Каб не страціць рынак і наладжаныя сувязі, расказаў Леанід Крывашэй, завод “СТР” пастараўся ўвайсці ў станкабудаўнічы кластар Чэлябінскай вобласці:

— У рэгіёна магутны машынабудаўнічы патэнцыял. Што ж датычыцца кластара, то ён размяшчаецца на тэрыторыі апераджальнага развіцця. Займаецца праектам губернатар вобласці Барыс Дуброўскі, які з вялікай павагай адносіцца да беларускіх традыцый станкабудавання.

Віцябляне ўжо пабывалі ў Чэлябінску. За горадам ім выдзелілі ўчастак у чатыры гектары, дзе разам з двума расійскімі партнёрамі яны павінны ўзвесці сучасны станкабудаўнічы завод. Першы крок зроблены — у Расіі зарэгістравана прадпрыемства “СТР-Тернадо”.

Павел Немаляеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter