Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускія навукоўцы плануюць да 2020 года распрацаваць каля сотні інавацыйных біятэхналогій

Тэхналогіі крочаць за прагрэсам

Сёння Беларусь жыве ў пару V тэхукладу. Для яго ўласцівы паўсюднае ўкараненне персанальных кампутараў, мабільнай і спадарожнікавай сувязі, лазераў, прамысловых робатаў, касмічных спадарожнікаў. А ў аснове VI тэхукладу будуць новыя галіны вытворчасці з прыстаўкамі бія-, нана-, інфа-, когна-. Большасць такіх тэхналогій распрацаваны, аднак не ўсе ўкаранёны ў эканоміку, і таму мы іх не асабліва заўважаем.

Біятэхналогіі: жыццё ў ладзе з прыродай

Інавацыйныя біятэхналогіі — будучыня Беларусі

Спецыялісты НАН Беларусі ўжо прапанавалі шляхі, механізмы, сцэнары пераходу на VI тэхналагічны ўкладу. Флагманам у тым руху, па словах гендырэктара Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Хімічны сінтэз і біятэхналогіі”, дырэктара Інстытута мікрабіялогіі НАН Эміліі Каламіец, стануць беларускія біятэхналогі. “На бліжэйшыя гады біятэхналагічнае развіццё стане адным з ключавых кірункаў інавацыйнага развіцця Беларусі, — мяркуе Эмілія Іванаўна. — У маштабах краіны біятэхналогіі ўжо сёння складаюць 1,1% ад валавага ўнутранага прадукту. Гэта салідны паказчык. Выпуск біятэхналагічнай прадукцыі на душу насельніцтва ў Беларусі складае 84,3 даляры. Для параўнання: у ЗША — 227, у Кітаі — 9,7 , Расіі — 4,1 даляра”.

Мясцовыя асаблівасці

Біятэхналогіі працуюць у многіх галінах эканомікі краіны. Пры іх дапамозе ствараюцца ўгнаенні, біясродкі абароны раслін, ферментныя прэпараты, кармавыя дабаўкі. Новыя пароды жывёл даюць маніпуляцыі з генамі, клеткамі ды эмбрыёнамі. З біятэхналогіямі распрацоўваюцца найноўшыя медпрэпараты. Некаторыя лекі нідзе ў свеце больш не вырабляюцца: толькі ў нас. Каштуе наш прэпарат удвая танней, чым замежны аналаг, а па эфектыўнасці не саступае яму.

У Беларусі створана ўнікальная калекцыя мікраарганізмаў-агентаў біяпашкоджанняў. Цяпер, кажа Эмілія Іванаўна, можна ўзяць трошкі матэрыялу, вызначыць, які ўзбуджальнік з’яўляецца прычынай пашкоджання гістарычнага помніка, парэкамендаваць найбольш эфектыўны прэпарат.

Харчовая прамысловасць, экалогія, касманаўтыка — таксама пад апекай біятэхнолагаў. Яны дапамагаюць павысіць прадукцыйнасць працы, якасць харчовых прадуктаў. Умацоўваецца здароўе, паляпшаецца якасць жыцця чалавека.

Крок наперад

Пра распрацоўкі тэхналогій VI тэхналагічнага ўкладу Эмілія Каламіец заявіла на відэабрыфінгу напрыканцы 2016 года, аднак барацьба за лепшую біябудучыню для Беларусі пачалася значна раней. У 2010-м была прынята Дзяржпраграма “Інавацыйныя біятэхналогіі” на 2010-12 гады і на перыяд да 2015 года. І ўжо тады было ўкаранёна шмат найноўшых тэхналогій. Цяпер задача — не толькі стварыць, за кошт гэтага зэканоміць і назапасіць, але і — заняць нішу на сусветных рынках, атрымаць новыя інвестыцыі ў развіццё біятэхналогій.

“Новая праграма — гэта працяг тых работ, якія мы распачалі ў папярэднія гады, — адзначыла дырэктар інстытута. — Структурна яна складаецца з 5 падпраграм, якія ўключаюць у сябе геномныя тэхналогіі, клеткавыя і мікробныя біятэхналогіі. Пад час рэалізацыі Дзяржпраграмы плануецца выканаць каля сотні заданняў, гэта значыць: будзе атрымана каля 100 новых біятэхналогій рознай накіраванасці”. У новай праграме выдзяляюцца інвестыцыі на мадэрнізацыю старых і будаўніцтва новых прадпрыемстваў. Так, у Інстытуце мікрабіялогіі будзе створаны Навукова-вытворчы цэнтр біятэхналогій. Гэта міні-завод па вытворчасці прабіётыкаў. “Менавіта наяўнасць сучаснага абсталявання і арыгінальных тэхналогій дазваляе думаць пра экспарт, — удакладніла вучоная. — У нас ёсць добры досвед па экспарце біяпрадукцыі ў Расію і Літву, пойдзем далей”. Саліднай падтрымкай для рэалізацыі новай праграмы будзе стварэнне Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парку “БелБіяград” — эканамічнай зоны са спрыяльным падатковым рэжымам, для развіцця навукаёмістых галін. Цэнтр размесціцца ў Мінску і ўжо сёлета пачне працаваць. А ўсяго да 2020 года ў Беларусі плануюць стварыць 12 новых прадпрыемстваў па вытворчасці біятэхналагічнай прадукцыі, мадэрнізаваць 10. Чакаецца, што, што да 2020-га аб’ём выпускаемай біятэхналагічнай прадукцыі будзе каля 500 млн. даляраў за год, з іх прэпаратаў мікробнага сінтэзу – на 95 мільёнаў. На экспарт плануецца пастаўляць прадукцыі прыкладна на 100 млн. даляраў.

Чужым розумам не пражывеш, кажуць беларусы. Не варта ўвесь час спадзявацца й на “інтэлектуальную прадукцыю” з іншых краін. Так што без новых уласных прарываў у бія- і нанатэхналогіях ніяк не абысціся. “Інавацыйны ліфт” з боку дзяржавы запушчаны: створаны інстытуты развіцця, падтрымліваюцца ўсе інавацыйныя праекты, распрацавана гнуткая сістэма грантаў і заахвочванняў. Цяпер шмат залежыць ад саміх навукоўцаў.

Голас Радзімы № 10 (3514), чацвер, 9 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter