
Гэтая выстава — тое, што «доктар прапісаў». Першае, на што звяртаеш увагу, — стэнд ля ўваходу ў манеж, дзе прадстаўлены «гвозд» праграмы — рэнтгенаўскі камп’ютарны тамограф беларускай вытворчасці. Беленькі, новенькі, стыльны — ён прыцягваў позіркі прысутных.
— Прадстаўлены ён упершыню. Па сваіх тэхнічных характарыстыках цалкам адпавядае замежным аналагам, — пра тое, што нашы распрацоўшчыкі апарата змогуць канкурыраваць з такімі знакамітымі кампаніямі як Siemens, General Electric, Toshiba і іншымі, распавяла Елізавета Дрозд, менеджар прадукту УП «Адані». — Думаем, што такая шматзрэзавая камп’ютарная тамаграфія, у якой высокая якасць малюнка, адаптацыя пад патрэбы любой медустановы, высокая хуткасць сканіравання, магутныя сродкі трохмернай постапрацоўкі малюнкаў і многае іншае, будзе карыстацца попытам.
Тут жа прадстаўлены рэнтгенадыягнастычны апарат новага пакалення, мамограф, пульмаскан, на якім доза апрамянення ў дзясяткі разоў ніжэй, чым на іншых апаратах, рэнтгенатэрапеўтычны апарат — гэта таксама навінка выставы. Ён дазваляе лячыць паверхневыя захворванні скуры, уключаючы рак скуры, саркому скуры і гэтак далей.
— Зараз мы заканчваем тэхнічныя выпрабаванні першага беларускага тамографа. Мы хочам зрабіць гэты від абследавання даступным. Наш тамограф будзе каштаваць на 30-40 працэнтаў менш, чым замежныя аналагі, — падзяліўся Канстанцін Сасянко, тэхнічны дырэктар УП «Адані».

Крочым далей. Хацелася ўбачыць штучную скуру, створаную спецыялістамі ДНУ «Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі». З сабой яе не возяць — тэхнічна гэта цяжка, але на стэндзе старшы навуковы супрацоўнік інстытута Сяргей Пінчук падрабязна расказвае пра яе:
— Яна ўяўляе сабой біясумяшчальны носьбіт, на які мабілізаваны такія клеткі скуры як фібрабласты — клеткі, якія адказваюць за фарміраванне дэрмальнага пласта скуры, і керацінацыты — клеткі, якія адказваюць за фарміраванне эпідэрмісу. Іх выкарыстанне дазваляе эквіваленту жывой скуры фарміраваць покрыва, калі яно пашкодзілася ў выніку, напрыклад, апёку. Гэты прадукт зараз праходзіць клінічныя выпрабаванні.
Увогуле чаго тут толькі няма... Бясценевыя і бесправадныя асвятляльнікі, аперацыйныя свяцільні і сталы, генетычныя пашпарты, персанальны камп’ютар з праграмай электроннай аховы здароўя, супрацьпухлінны прэпарат новага пакалення, у якіх таксама няма аналагаў па шэрагу тэхналагічных рашэнняў.
Ідзём да аднаго з найцікавейшых стэндаў — сімулятара лапараскапіі. Гэта сумесная распрацоўка нашай кампаніі «Адані» і казанскай «Эйдос-Медыцына».
— Гэта робат-гібрыд з лапараскапічнымі портамі. На ім можна праводзіць любыя хірургічныя ўмяшанні на брушной поласці. Можна трэніраваць на ім базавыя навыкі — кіраванне інструментамі, праводзіць сур'ёзныя аперацыі, — паказвае інжынер «Эйдос-Медыцына» Андрэй Леушын.

Міністр аховы здароўя Валерый Малашка на афіцыйным адкрыцці мерапрыемства зазначыў:
— Выстава — гэта пляцоўка для таго, каб мы маглі ў першую чаргу пагаварыць у цэлым аб сістэме аховы здароўя. У прыватнасці, мы стартавалі з такога важнага кірунку, як электронная ахова здароўя. Мы вывучаем вопыт краін Еўропы і іншых. Для нас гэта важна, таму што мы зараз уступаем у актыўную фазу падрыхтоўкі тэхнічнага задання. Калі летась на выставе мы гаварылі пра гэта, як пра нейкі далёкі праект, то фактычна наступны год стане тым годам, калі ў Мінску мы павінны на практыцы ўбачыць працу электроннай аховы здароўя. Гэты шлях дастаткова складаны. Гэта не толькі інфарматызацыя ўстаноў. Самае галоўнае, што пацыент становіцца актыўным карыстальнікам усіх медыцынскіх рэсурсаў, у тым ліку і сваёй асабістай інфармацыі, якая назапашваецца на базе адзінай электроннай карты.
alinakasel@gmail.com