Тэатральныя бiенале: эксперыменты вітаюцца

Naviband, «Троіца», гімнастка Меліта Станюта, саксафаніст Андрэй Кляшчоў. Што іх можа яднаць? Усё проста: Нацыянальная тэатральная прэмія. Праўда, на адной сцэне яны з’явяцца яшчэ не хутка — толькі 21 снежня, тады ж будуць абвешчаны і вынікі. Але ўжо сёння ёсць нагода ўзгадаць пра беларускае тэатральнае біенале. Чаму? Вы здзівіцеся: таму што прэмія ўжо пачалася.

фота rtbd.by

Дзіўнага сёлета шмат. Здавалася б, прэмія пятая па ліку, ёй ужо амаль дзесяць гадкоў, час пасталець, вызначыцца са сваёй канцэпцыяй. Але не. Конкурс хістае, нібы гадавалае дзіця. Дзякуй богу, не валяецца, а неяк стаіць на нагах. З’яўленне чарговай інструкцыі аб правядзенні прэміі першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга тлумачыць проста: улічылі ўсе заўвагі і падказкі тэатральнай грамадскасці па выніках мінулага конкурсу. Хацелі асобную ўзнагароду для мастака-сцэнографа? Атрымайце! Вам здавалася, што рэжысёрам ушанаванняў мала? Бярыце яшчэ — нам не шкада! Асобнае вылучэнне людзей гэтых прафесій — гэта толькі кропля ў моры змяненняў.

Галоўнае ж — з’яўленне новых намінацый. Першая — «Лепшы спектакль тэатра драмы малой формы». Раней яны разглядаліся разам з іншымі пастаноўкамі, так сказаць, вялікай формы, і, вядома ж, губляліся на іх фоне. Цяпер ім асобная ўвага. Як і эксперыментальным спектаклям. Але што ёсць «эксперыментальная пастаноўка»? Гэтым жа пытаннем задаецца нават старшыня журы гэтай секцыі — заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Гарцуеў. Дакладнага тлумачэння новая інструкцыя не дае, там кожны з тых, каму даверылі быць суддзямі, сам для сябе вырашае, які спектакль цягне на эксперымент, а які не. На думку самога Гарцуева, гэта пастаноўка на сутыку тэатра і іншых відаў мастацтва. 

Вы калі-небудзь чулі такое імя як Яўген Карняг? Паглядзіце яго «Бетон» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ці «Сёстры Грайі» ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры, гэта дакладныя эксперыменты. Дарэчы, гэтыя два спектаклі складаюць роўна палову прэтэндэнтаў на званне лепшых у гэтай намінацыі.

Яшчэ адна сёлетняя нечаканасць — з’яўленне ў спісе прэтэндэнтаў недзяржаўных тэатраў. Міністэрства культуры само зрабіла рэверанс у іх бок. У выніку лічба спектакляў-прэтэндэнтаў уразіла — 87, праўда, у фінал трапіла ўдвая менш. І прыватнай вытворчасці з іх — па пальцах адной рукі можна пералічыць. Які не які, але крок наперад.

Але вернемся назад, дакладней у пачатак. Сапраўды, Нацыянальная тэатральная прэмія стартавала 2 кастрычніка, а скончыцца за некалькі дзён да Новага года. Навошта было так расцягваць? Гэта зноў жа пажаданні грамадскасці, дакладней членаў журы. Раней ім даводзілася глядзець па два спектаклі ў дзень. А гэта значыць, не было часу на абмеркаванне. Зараз жа: глядзіце і нікуды не спяшайцеся. Першым пачаўся паказ спектакляў секцыі музычных тэатраў. Ледзь не забылася сказаць: гэта, бадай, адзіная секцыя, дзе колькасць узнагарод зменшылася. Калі раней лепшыя жаночыя і мужчынскія ролі вызначаліся і ў оперы, і ў балеце, то цяпер прадстаўнікі розных жанраў будуць канкурыраваць паміж сабой пад агульнай шапкай «музычны спектакль». Рашэнне, можа, і не зусім правільнае, бо параўнанне выйдзе некарэктнае. Але, з іншага боку, раздаваць «усім сёстрам па завушніцах» таксама так сабе варыянт, калі канкурэнцыі наогул няма. 

Словам, зрухі ў Нацыянальнай тэатральнай прэміі ёсць. Канчатковыя? Наўрад ці. Арганізатары конкурсу некалькі разоў ківалі ў бок расійскай «Залатой маскі», спрабавалі яе калькаваць. Але размах там зусім іншы, таму прыйшлося вярнуцца ў сваю рэчаіснасць. З той пары кожны раз пішацца новы «сюжэт» прэміі. Якім стане яе сёлетні фінал, убачым зімой. А потым у арганізатараў будзе яшчэ два гады, каб прыдумаць новы. Ці ўсё ж час спыніцца?

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter