«Тэатральны куфар» адкрываецца

Гасцей запросяць прагуляцца па Cinema-бульвару...

Гасцей запросяць прагуляцца па Cinema-бульвару, адпачыць  у скверы Натхнення і падзяліцца набалелым у тупіку Крытыкі

Мінск чакае гасцей VIII Міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў, які сёлета прысвечаны 90-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзел у конкурснай праграме форуму прымуць спектаклі 29 творчых калектываў з 16 краін свету:  Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Харватыі, Славеніі, Германіі, Сербіі, Грузіі, Грэцыі, Ізраіля, Марока, Бразіліі і Нідэрландаў.

Адкрыецца тэатральны марафон 25 верасня ў «Куфар-Градзе», які размесціцца ва ўнутраным дворыку БДУ (вул. Бабруйская, 5а). Тут гасцей чакаюць творчыя конкурсы і віктарыны, падарункі і салодкія прызы ад партнёраў фестывалю. «Куфар-Град» запросіць прагуляцца па Cinema-бульвару, адпачыць у скверы Натхнення і нават падзяліцца набалелым у тупіку Крытыкі. Маленькія наведвальнікі змогуць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці ў  завулку Юных Талентаў.

Цэнтральнай падзеяй у «Куфар-Гра-дзе» стане 4-гадзінная сцэнічная імпрэза пад адкрытым небам польскага тэатра з Любліна «Біа-аб’ект», якая аб’яднае розныя жанры і віды мастацтва: музыку, архітэктуру, харэаграфію, тэатр.

Разам з тым адбудзецца прэзентацыя новага праекта «Куфар.by», які дасць магчымасць гледачам пазнаёміцца і ацаніць творчасць айчынных студэнцкіх тэатраў. У праграме будуць прадстаўлены пастаноўкі практычна ўсіх студэнцкіх труп рэспублікі.

Традыцыйны праект «Koufar-in-Motion», які ўжо даўно стаў візіткай тэатральнага фестывалю БДУ, на гэты раз прадставіць рэжысёр з Францыі Медзі Фараджпур. Сумесна з маладымі акцёрамі на працягу тыдня будзе створаны арыгінальны спектакль «Станцыя Мінск», які пакажуць 1 кастрычніка на закрыцці фестывалю «Тэатральны куфар».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter