Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі абвясціў аб пачатку «Тэатральнай аркі»

«Тэатральная арка» можа стаць трыўмфальнай

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі абвясціў аб пачатку «Тэатральнай аркі». РТБД ужо больш як дзесяць гадоў сябруе з міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Тэатро» і французскай асацыяцыяй Demain le Printemps («Заўтра вясна»). Доўгі час яны абмяжоўваліся адукацыйнымі праектамі, зараз жа пачынаецца новы этап іх узаемадзеяння. 


Фабрыс Каррэй трапіў у Мінск яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў па праграме абмену французскіх і беларускіх студэнтаў. Яму пашчасціла вучыцца ў выдатных педагогаў Лідзіі Манаковай і Мікалая Кірычэнкі. Яго аднакурснікамі былі Вера Палякова, Юлія Высоцкая (жонка Андрэя Канчалоўскага), Сяргей Кавальчык, цяперашні мастацкі кіраўнік Горкаўскага тэатра, і іншыя. Фабрыс у рэшце рэшт акцёрам не стаў, а вось тэатральны менеджар з яго атрымаўся выдатны.

У выніку праз гэты адукацыйны праект прайшла амаль тысяча маладых людзей з розных краін, некаторыя з іх працуюць у самых прэстыжных тэатрах свету. Мастацкі кіраўнік асацыяцыі запэўнівае, што нават першыя выпускнікі да гэтага часу з ухвалай адгукаюцца аб нашых артыстычных здабытках і душэўнасці беларусаў, і ад сябе дадае:

— Ваша тэатральная школа — гэта сапраўднае багацце, даражэйшае за нафту.

З нядаўніх часоў адукацыя і майстар-класы — гэта толькі невялікая частка ўсяго праекта. Як прызнаецца дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі, метадам спроб і памылак яны распрацавалі канцэптуальную праграму працягласцю мінімум на год. Яна будзе значна шырэйшай за папярэднія. Цяпер акрамя іншага ў ёй значацца сумесныя пастаноўкі і міжнародная гастрольна-канцэртная дзейнасць. Некалькі месяцаў таму Уладзімір Карачэўскі разам з Фабрысам Каррэем ужо пабывалі на адмысловым фестывалі ў Авіньёне, дзе «на продаж» было выстаўлена больш за тысячу спектакляў. Адзін з іх яны і запрасілі да сябе. Гэтую пастаноўку гледачы ўбачаць у канцы года ў рамках «Каляднага рандэву».

А пасля гэтага пакажа сябе французам і беларускі тэатр. Пакуль у гэтай справе яшчэ не ўсё да канца вырашана, але ўжо дакладна вядома, што гэта будуць вялікія гастролі (не менш як дзесяць спектакляў) па некалькіх гарадах. РТБД збіраецца паказваць п’есу «Тры Жызэлі» у  пастаноўцы Аляксан-дра Гарцуева, дзеянне ў якой адбываецца якраз у Францыі.

Але ўсё гэта справы далёкія, а адукацыйная частка дзейнічае ўжо зараз, прычым у абноўленым фармаце. Так званы Teatroclub штомесяц запрашае аматараў тэатральнага мастацтва і франкафоннай культуры паглядзець некаторыя пастаноўкі РТБД і замалёўкі «Тэатро», а пасля ў нефармальнай абстаноўцы абмеркаваць іх з удзельнікамі і стваральнікамі. 25 сакавіка чарговы займальны тэатральны канцэрт «Лямур, тужур і абажур», у якім акцёры з Францыі, Швейцарыі і Марока прадставяць вакальныя, танцавальныя і драматычныя нумары.

Крыху пазней будзе і Teatrobox — бясплатныя інтэрактыўныя майстар-класы па акцёрскім майстэрстве, тэмпарытме, біямеханіцы. Любы жадаючы зможа бліжэй пазнаёміцца з тэатральнай школай, заснаванай на спадчыне Станіслаўскага, Немяровіча-Данчанкі, Меерхольда і іншых. Заняткі праводзяць выбітныя дзеячы мастацтваў нашай краіны і Францыі.

stepuro@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter