Тэатр. Жанчына. Вясна

У Мінску адкрыецца выстава работ фатографа Анжалікі Грэковіч

У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрыецца выстава работ беларускага фатографа Анжалікі Грэковіч.

— Гэты праект пад назвай «Тэатр. Жанчына. Вясна» прысвечаны жаночаму вобразу ў тэатры, — кажа аўтар. — Будуць прадстаўлены фатаграфіі, зробленыя ў час спектакляў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра за апошнія 2 гады.

Адкрые экспазіцыю невялікі канцэрт, у якім прымуць удзел салісты музычнага тэатра — лаўрэаты міжнародных конкурсаў Кацярына Дзегцярова, Дзяніс Нямцоў і Наталля Дзяменцьева, а таксама студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Фатограф Анжаліка Грэковіч — выпускніца Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З 2011 года працуе ў рэдкім жанры тэатральнай фатаграфіі. У кастрычніку 2012-га заняла другое месца ў Міжнародным конкурсе тэатральнай фотаздымкі «5-я сцяна», які праходзіў ва Украіне.

— Я ўпэўнена, што тэатральнае фота — не толькі дакументальная фіксацыя спектакля, — адзначае Анжаліка. — Сапраўдная тэатральная фатаграфія можа па сіле ўздзеяння перасягнуць тое, што адбываецца на сцэне, прынамсі, да гэтага трэба імкнуцца.

На здымку: актрыса Iлона КАЗАКЕВIЧ.

Фота: Анжаліка ГРЭКОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter