Телеканал «Беларусь 3» приглашает зрителей на театральную неделю

Тэатр у галоўнай ролi

Да Сусветнага дня тэатра, якi адзначаецца 27 сака­вiка, тэлеканал «Беларусь 3» падрыхтаваў падборку тэлеверсiй актуальных беларускiх спектакляў, сярод якiх ёсць i нядаўняя прэм’ера.

Балет «Анастасiя» ад харэографа-­пастаноўшчыка Юрыя ТРАЯНА на музыку Вячаслава КУЗНЯЦОВА гледачы чакалi пяць доўгiх гадоў. Прэм’ера спектакля прайшла ў кастрычнiку 2018 года.

Балет на канапе

Самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы традыцыйна далучаецца да вiншавання ўсiх супрацоўнiкаў тэатральнага мастацтва i прапануе гледачам напярэдаднi i ў святочны дзень лепшыя пастаноўкi беларускiх тэатраў i пазнавальныя аповеды пра тэатральнае асяроддзе. На працягу ўсяго наступнага тыдня ў эфiры можна будзе паглядзець спектаклi «Рамэа i Джульета», «Багема», «Анастасiя» i «Стварэнне свету» Вялiкага тэатра оперы i балета Беларусi, «Соф’я Гальшанская» ад трупы Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, камедую «Хто смяецца апошнiм» у выкананнi артыстаў Тэатра-студыi кiнаакцёра i нарэшце абноўленую версiю легендарнай «Паўлiнкi» Купалаўскага тэатра, якая будзе паказана непасрэдна 27 сакавiка.

Тэлеверсii спектакляў — гэта не дадатак да жывога тэатра, а хутчэй палачка-ратавалачка для тых, хто па розных прычынах не можа сесцi ў глядзельнай зале ў прызначаныя дзень i час. Некалькi гадоў таму тэлеканал «Беларусь 3» вярнуўся да практыкi запiсаў спектакляў, i цяпер гэта адна з самых запатрабаваных форм тэлевiзiйных трансляцый, распавядае прадзюсар канала Алена Манькоўская:

— Iдэя адразу знайшла водгук як з боку самiх тэатраў, так i з боку гледачоў. Гэта вiдаць у тым лiку па колькасцi праглядаў запiсаў пастановак на нашым YouTube-канале. Асаблiвай папулярнасцю, дарэчы, карыстаюцца балетныя спектаклi. Iх глядзяць людзi з дзясяткаў краiн па ўсiм свеце.

У месяц творчая група «Беларусь 3» здымае, як правiла, адзiн драматычны спектакль i 3—4 канцэрты. Асобны вiд мастацтва — весцi прамую трансляцыю з месца падзей.



— Пры прамой трансляцыi (як, зрэшты, i пры запiсе) усiм працэсам папярэднiчае вялiкая тэхнiчная падрыхтоўка, — звяртае ўвагу Алена Манькоўская. — Абавязкова працуе адна вялiкая машына ПТС — тэлевiзiйная станцыя, якая выязджае на месца за 5—6 гадзiн да пачатку мерапрыемства. Камер мiнiмум пяць, але звычайна на адну-дзве больш. I, вядома, вядзецца вялiкая праца па гуку i асвятленнi, бо глядач, якi сядзiць ля экрана, павiнен бачыць i чуць усё тое, што i глядач у партэры, на балконе цi бельэтажы.

Прынцыпаў, па якiх на тэлеканале выбiраюць спектаклi для запiсу, некалькi. Па-першае, творчая група абавязкова арыентуецца на прэм’еры. Па-другое, паважае меркаванне гледачоў.

— Бывае, тэлефануюць людзi i пытаюцца: «А чаму вы не паказалi вось гэты спектакль?» Тады мы, канешне, вывучаем магчымасцi яго запiсу, — дадае прадзюсар. — Акрамя таго, для нас важна, каб усе пастаноўкi i канцэртныя праграмы мелi беларускiя каранi.

Такiм чынам, у панядзелак тэатральны тыдзень на «Беларусь 3» распачне балет «Рамэа i Джульета» Сяргея Пракоф’ева. У сераду ў 15:20 глядзiм «Багему» Джакама Пучынi, а ў чацвер — гiстарычную драму «Соф’я Гальшанская» на музыку Уладзiмiра Кандрусевiча. На наступны дзень у 14:50 тэлеканал прапануе камедую «Хто смяецца апошнiм» драматурга Кандрата Крапiвы. У суботу, у Сусветны дзень тэатра, на «Беларусь 3» пакажуць адразу два спектаклi: «Паўлiнку» Купалаўскага тэатра i балет Вячаслава Кузняцова «Анастасiя». Завершыць тэатральны тыдзень пастаноўка «Стварэнне свету» ад артыстаў Вялiкага тэатра оперы i балета Беларусi.

З-за кулiс

Таксама на наступным тыднi тэлеканал прапануе ўсiм аматарам тэатра шэраг выпускаў уласных праектаў, якiя прадставяць гледачам вядомых майстроў айчыннай музычнай i драматычнай сцэны. У панядзелак у 13:40 госцем праграмы «Камертон» стане заслужаная артыстка Ганна Маланкiна, а выпуск у 18:05 выйдзе з удзелам акцёра Дзмiтрыя Пусцiльнiка. У аўторак у 15:20

рэжысёр Уладзiмiр Арлоў падзелiц­ца ўспамiнамi пра рэжысёра Барыса Луцэнку ў праекце «Люблю i памятаю». Iнтэрв’ю з зоркай айчыннай оперы Анастасiяй Масквiной i артыстам музычнага тэатра Антонам Заянчкоўскiм можна паглядзець у праграме «Кадры жыцця», а цiкавая гутарка пра сучаснае культурнае жыццё з артыстам i рэжысёрам Вiктарам Скарабагатавым выйдзе ў «Суразмоўцах».

leonovich@sb.by

Балет «Анастасiя» ад харэографа-­пастаноўшчыка Юрыя ТРАЯНА на музыку Вячаслава КУЗНЯЦОВА гледачы чакалi пяць доўгiх гадоў. Прэм’ера спектакля прайшла ў кастрычнiку 2018 года.

Здымкі прэс-службы Вялікага тэатра Беларусі

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter