Тэатр у адкрытым фармаце

ІІІ міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама”, які пачнецца 26 кастрычніка ў Мінску, на два тыдні ператворыць беларускую сталіцу ў цэнтр тэатральнага руху. Як адзначыў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка, фестываль “Панарама”, арганізаваны Міністэрствам культуры Беларусі, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы пры падтрымцы “Белгазпрамбанка”, сёлета пройдзе пад дэвізам “Адкрыты фармат”. Каб прадставіць свае спектаклі, у Мінск з’едуцца тэатры з сямі краін свету.

Мастацкі кіраўнік фестывалю народны артыст Беларусі Валерый Раеўскі паведаміў, што ў праграму “Панарамы” ўвайшлі спектаклі Маскоўскага мастацкага тэатра (МХТ) пад кіраўніцтвам Алега Табакова і Студыі тэатральнага мастацтва пад кіраўніцтвам Сяргея Жэнавача (Расія), Тэатра Аскара Каршуноваса (Літва), Варшаўскага драматычнага тэатра (Польшча), Бэйт Лейзен Тэатра (Ізраіль), тэатра “Das Euro Theater Center” (Германія), Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Івана Франко (Украіна), Эстонскага драматычнага тэатра, Карагандзінскага абласнога казахскага тэатра (Казахстан), Стакгольмскага гарадскога тэатра (Швецыя).
Па традыцыі значную частку фестывальнай праграмы складуць пастаноўкі айчынных тэатраў. Распачнецца тэатральны форум спектаклем “Сны аб Беларусі” паводле твораў Уладзіміра Караткевіча і Янкі Купалы, прэм’ера якога нядаўна адбылася ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. З прэм’ернай пастаноўкай “Легенда пра беднага д’ябла” выступіць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Максіма Горкага. На сталічнай сцэне будуць прадстаўлены таксама спектаклі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Беларускага маладзёжнага тэатра, Драматычнага тэатра Беларускай арміі, Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.
Адкрыты фармат фестывалю не толькі мае на мэце стварыць сяброўскую атмасферу сярод удзельнікаў мерапрыемства. Спектаклі ацэньваць будзе не “строгае журы”, а аматары тэатральнага мастацтва, якія падчас форуму аб’яднаюцца ў міжнародны клуб крытыкаў. Акрамя таго, у фестывальныя дні адбудуцца творчыя сустрэчы з вядомымі артыстамі тэатраў краін-удзельніц, пройдуць майстар-классы вядомых рэжысёраў і драматургаў, абяцаюць раскрыць станоўчыя рысы і недахопы тэатральнай моды “круглыя сталы” на тэму “Тэатр і грамадства на сучасным этапе”.
Падрыхтаваны і унікальны праект “Тэатр-On-Line”. На гэты раз на суд аўдыторыі будуць вынесены некалькі тэатральных прэм’ер-імправізацый, створаных па абраных загадзя п’есах. Удзел ва ўсіх пастаноўках будуць прымаць беларускія акцёры, якія, па задумцы, да самага пачатку не будуць нават мець уяўлення аб тым, што яны будуць іграць.
Азнаёміцца з афішай тэатральнага фестывалю, а таксама заказаць білеты можна на сайце festival-panorama.by.

 

 

 

1


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter