“Тэатр — сэнс майго жыцця”

Памятаю, як першакурснiцамi пасля спектакля “Стомлены д’ябал”, што ставiўся ў Беларускiм рэспублiканскiм тэатры беларускай драматургii, бегалi за кулiсы, каб атрымаць аўтограф ад Iгара Сiгава. Ужо тады акцёра называлi секс-сiмвалам беларускай сцэны. Многiя i сёння захапляюцца яго талентам. Iгар Сiгаў вядомы па ролях у кiно “Дзевяць дзён да вясны”, “Вакцына”, “Дзядзька Коля”, “Чалавек вайны”, “Апошнi браняпоезд”, серыялах “Неба i зямля”, “Закон” i iншых. Але найбольш яскрава яго акцёрскiя здольнасцi праявiлiся на сцэне тэатра. Па вынiках тэатральнага конкурсу на апошнiм Мiнскiм мiжнародным кiнафестывалi “Лiстапад” акцёр Iгар Сiгаў быў узнагароджаны спецыяльным прызам “Народнай газеты” — “За грамадзянскасць i народнасць”.

— Ваш акцёрскi талент быў заўважаны яшчэ ў дзяцiнстве?
— Цягу да мастацтва я адчуў рана. Калi вучыўся ў восьмым класе, займаўся у тэатральнай студыi Валянцiны Пятроўны Нагорнай. Гэта яна мне растлумачыла, што такое тэатр i з якой мэтай артыст павiнен выходзiць на сцэну. Зразумеў, што да гэтага я iшоў, гэта шукаў. Потым займаўся ў народным тэатры Валянцiна Пятровiча Нагорнага. I гэта вызначыла мой лёс: я паступiў у тэатральна-мастацкi iнстытут. Атрымаў дыплом аб заканчэннi (тады гэта была ўжо Беларуская дзяржаўная акадэмiя мастацтваў). I вось на працягу 15 гадоў працую ў Рэспублiканскiм тэатры беларускай драматургii.
— Першую сваю ролю памятаеце?
— Прынц у п’есе Разумоўскага “Сястра мая Русалачка”. А ў тэатры беларускай драматургii першай была роля караля Жыгiмонта Аўгуста па п’есе Раiсы Баравiковай “Барбара Радзiвiл”. Потым быў “Чорны квадрат”, “Мiстэр розыгрыш”. Адзiн з самых маiх любiмых спектакляў — “Апошняя пастараль” па Алесю Адамовiчу. З яго, можна сказаць, для мяне пачалося глыбокае разуменне акцёрскай прафесii. На жаль, цяпер мы яго не ставiм. А потым пайшлi ролi ў такiх спектаклях, як “Стомлены д’ябал”, “Адэль”, “Понцiй Пiлат”.
— Вам нiколi не прыходзiлася шкадаваць аб тым, што сталi акцёрам?
— Нiколi. Пры ўсiх праблемах, якiя iснуюць у тэатры сёння, я люблю сваю прафесiю. Таму што яна дае больш, чым якая iншая. Ну, ў якой яшчэ прафесii можна адчуць сябе геолагам, доктарам, каханкам, каралём, за дзве гадзiны “пераляцець” на тры-чатыры стагоддзi назад?! Я магу паразважаць, якiм бы я быў палюбоўнiкам, а можа, каралём. Быць акцёрам — вельмi складана, але i цiкава. Ну i, канешне, шаную сваю прафесiю, таму што глядач мяне любiць. Гэта таксама немалаважна. Быць акцёрам толькi для самога сябе — няправiльна. Артыст выходзiць на сцэну дзеля гледача. I калi артыст атрымлiвае ад яго падзяку, гэта дае права на далейшае жыццё, апраўдвае сэнс усiх тваiх старанняў.
— Каго б вы назвалi сваiм настаўнiкам?
— У кожным перыядзе майго жыцця былi людзi, якiя адыгралi значную ролю. У мяне былi цудоўныя педагогi. Спачатку Валянцiна Пятроўна, потым Iлля Львовiч Курган, Аляксандр Путакоў. Я iх люблю i паважаю. Валерый Яўгенавiч Мазынскi дапамог мне ўзысцi на прафесiйную сцэну. Даваў магчымасць для рэпетыцый з iншымi рэжысёрамi. Гэта мае настаўнiкi, якiя паставiлi мяне на тую ступень, нiжэй якой я не змагу апусцiцца нiколi. Адзiнае, толькi, ўзляцеўшы высока, магу разбiцца аб усё гэта. (Смяецца). Таму што падмурак даволi моцны закладзены.
— А што такое тэатр для вас?
— Для мяне тэатр — сэнс жыцця. I пакуль у маёй душы жывуць вера, надзея, любоў, якiя мне дае глядач, маё жыццё мае сэнс. I гэты сэнс складае менавiта сцэна.
— Як вы рыхтуецеся да ролi, што адчуваеце перад выхадам?
— Бывае, што для таго, каб настроiцца, патрэбна некалькi хвiлiн, а бывае, што дзень, суткi, нават двое. А паколькi я не маю магчымасцi доўга рыхтавацца перад выхадам на сцэну, таму што спектакль амаль кожны дзень мяняецца, я навучыўся, калi вобразна выказвацца, даставаць патрэбны файл з папкi ў той цi iншы момант. Бывала такое, што я, каб увайсцi ў ролю, накiдваў на сябе ўсё адзенне, забiваўся ў вугал грымёрнага пакоя. А на якiсьцi спектакль настройваешся, калi ўжо выйшаў на сцэну. Тады “чапляеш” залу, яна дае табе энергетычную падпiтку.
— А што значыць для вас — “чапляць” залу?
— Я адчуваю энергетычную плынь. Калi гледачы бачаць, што я не магу настроiцца на спектакль, яны быццам гавораць: “Ну?”, а ты, зразумеўшы ў адно iмгненне, што не так, выпраўляеш свае памылкi i адказваеш iм: “На!” Я ўдзячны гледачам за павагу да артыстаў. Недзе ў падсвядомасцi я чую, як яны мяне падбадзёрваюць.
— Беларуская мова з вашых вуснаў гучыць сакавiта, мiлагучна...
— У школе, прызнаюся, у мяне былi праблемы з беларускай мовай. Мацi мая беларуска, бацька — рускi. Калi вучыўся ў Акадэмii мастацтваў, курс у нас быў беларускамоўны. Я проста павiнен быў авалодаць мовай. Тым больш што Iлля Львовiч Курган даказаў нам, што родная мова можа гучаць не горш i нават лепш, чым руская. Я люблю беларускую мову i ўвесь час стараюся ўдасканальваць вымаўленне.
— У чым складанасць акцёрскай прафесii?
— Ва ўсiм. На першы погляд, вывучыць тэкст, гаварыць, хадзiць па сцэне нескладана, i ў той жа час складана зразумець матэрыял, складана рухацца па сцэне... Гэта праца тваёй душы. У iмя тых людзей, што прыходзяць у тэатр i чакаюць твайго выхаду на сцэну, чакаюць казку. Так, глядач прыходзiць у тэатр падмануцца, але хоча, каб яго падманулi прыгожа. I ў гэтым таксама складанасць нашай прафесii. Чалавека, якi “захварэе” на гэта, можна назваць шчаслiвым, але потым, калi раптам не складзецца лёс, адразу няшчасным. У нашай прафесii немагчыма быць душэўна спакойным. Тэатр не разумее цёплага стану, у iм заўсёды павiнен “гарэць агонь”.
— Чым вы ахвяруеце ў iмя тэатра?
— Сям’ёй. Але для мяне гэта не ахвяра. Чаму? Таму што я займаюся любiмай справай. Прафесiя з 24 гадзiн у суткi займае у мяне 18. Тое, што засталося, аддаецца на сон. Вы можаце сабе ўявiць, як на гэта рэагуе мая сям’я? Вось, напэўна, таму я кажу, што я чымсьцi вымушаны ахвяраваць. Хаця я вельмi люблю сваю дачку Анастасiю i сына Iллю i спадзяюся, што калi яны стануць дарослымi, зразумеюць мяне.
— Дзе вы шукаеце натхненне?
— Бяру яго з усяго, што ёсць у нашым жыццi. Ад дачкi, ад каханай жанчыны, у надвор’i, у настроi, у сябрах...
— Як вы ставiцеся да таго, што вас называюць секс-сiмвалам беларускай сцэны?
— Нармальна. (Усмiхаецца). Мяне гэта не бянтэжыць. Яны называюць мяне так, не ведаючы, якi я ў жыццi. Гэта мае героi даюць прыхiльнiкам падставу так мяне называць. Але магчыма, нейкiя паралелi памiж мной i маiмi героямi iснуюць.
— Вы хацелi б падзялiцца сваiм майстэрствам з кiмсьцi яшчэ?
— Я выкладаў у Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце культуры i мастацтваў, у Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў спецкурсы па сцэнiчным руху, сцэнiчным баi. Але праз некаторы час зразумеў, што не бачу сябе ў якасцi педагога.
— А чым Iгар Сiгаў захапляецца акрамя тэатра?
— Я люблю аўтамабiлi. Зараз у мяне ўжо чацвёртая машына — “Додж караван”. Я доўга марыў мець такую. Заўсёды любiў кiно. Сыграў дзесьцi каля 20 роляў. Але ўсё ж разумею, што тэатр блiжэй майму сэрцу. Люблю слухаць i спяваць народныя песнi. Яны зразумелыя ўсiм: i беларусам, i рускiм, i ўкраiнцам. У iх — душа народа.
— Дзякуй, вам, Iгар, за iнтэрв’ю.
— Кахання i дабра ўсiм чытачам “Народнай газеты”!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter