Репортаж о белорусском радио, которому в следующем году будет 90 лет

І тэатр, і канцэрт, і конкурс…

«Гаворыць Мінск» — гэтыя словы ўпершыню прагучалі на Беларускім радыё 15 лістапада 1925 года

АЙЧЫННАЕ радыё пачало вяшчанне 89 гадоў таму. І сёння яно, несумненна, жаданы госць у кожнай вясковай хаце. Напярэдадні чарговага дня нараджэння Беларускага радыё тэлерадыёгід «СГ» пабывала на Чырвонай, 4, адкуль вядзецца вяшчанне на ўсю краіну…

 

Радыё працуе кругласутачна, але для вяскоўцаў яно пачынае дзень у шэсць гадзін, калі гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь. А затым на хвалі навіны і «Сельская раніца», якая ідзе пяць разоў у тыдзень… І ў гэты час журналісты ўжо ёсць на Чырвонай, 4. Апоўначы, калі зноў гучыць гімн, таксама ў вокнах Дома радыё гарыць святло — яшчэ хтосьці працуе. З’язджаюць адсюль радыйшчыкі як прыйдзецца. Таму што ёсць выпускі навін, якія выходзяць, напрыклад, у гадзіну ночы.

 

ЗАГАРАЕЦЦА на калідоры чырвонае святло — увага, калі вы заходзіце ў студыю, ведайце: мікрафон уключаны. У прамым эфіры працуе ці працуюць вядучыя, госці.

 

У самой студыі таксама мігцяць таблічкі з намаляванымі мікрафонамі. Зялёны колер азначае, што студыя падключана да эфіру. А чырвоны — уключаны мікрафоны.

 

Эфірная студыя на Першым канале Беларускага радыё адна. Літаральна месяц толькі працуе — з 1 кастрычніка. Тут абсталяванне па апошнім слове тэхнікі. Студыя цалкам лічбавая. Нават візуальна яна аказвае ўражанне: усё стыльна, сучасна, зручна. Гасцей і вядучых можна парасаджваць так, як ім будзе камфортна.

 

За пультам сядзіць Ігар Пісыгін, гукарэжысёр. Яго справа — забяспечваць гладкасць і бесперапыннасць радыёвяшчання. Каб не было перашкод, перапынкаў, каб своечасова ўключаліся і выключаліся мікрафоны, запісаныя перадачы, якія ён запускае ў эфір. Увогуле, ён кантралюе выхад перадач, якія чуюць слухачы.

 

Калі ўзнікае пазаштатная сітуацыя, а гэта бывае, то першы, хто вырашае яе, — гукарэжысёр. «Сёння, дзякуй богу, абышлося без складанасцей. Спадзяюся, пазаштатных сітуацый і не будзе, — дзеліцца Ігар Пісыгін. — Самае страшнае, што можа здарыцца, — завіс камп’ютар. Тады трэба хутка перазагружацца».

 

У такім выпадку пачынае працаваць тандэм вядучага і гукарэжысёра. Пакуль гукарэжысёр вырашае тэхнічныя праблемы, вядучы выкручваецца ў эфіры.

 

ДАРЭЧЫ, у студыі чатыры мікрафоны. Часам іх не хапае, бо прыходзяць і музычныя групы, якія спяваюць ужывую. І тады ставяць дадатковыя мікрафоны.

 

«Бывае так: з госцем мы запланавалі, якія кампазіцыі будуць гучаць у эфіры. Але ў час размовы ён можа аб’явіць песню, якую мы не рыхтавалі. Мая задача — за лічаныя секунды знайсці гэтую кампазіцыю, — дзеліцца гукарэжысёр. — Увогуле, мне падабаюцца «жывыя» праграмы, я не люблю іх у запісе. Калі інтэрактыў, мноства гасцей у студыі — гэта цікава. Нават калі ў час эфіру ў мяне ўзнікае пытанне, яго магу задаць: запісваю на паперку і перадаю вядучаму…»

 

«У БЕЛАРУСІ — 12 гадзін. У студыі Аляксандр Шустар. Добры дзень! Новая касмічная праграма распрацавана ў краіне, — у прамым эфіры ідуць навіны. — Сёння без ападкаў... Тэмпература паветра — ад 6 да 11 градусаў цяпла…»

 

На змену Аляксандру Шустару ў студыю прыходзяць Леанід Новікаў і Дзмітрый Рубашны з госцяй: «Вы слухаеце Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, праграму «Актуальны мікрафон». Сёння мы запрасілі ў студыю намесніка дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ганну Галінскую. Літаральна на днях музею споўнілася 70 гадоў. Яшчэ вайна не скончылася, яшчэ не быў узняты савецкі сцяг над Рэйхстагам, а музей практычна быў створаны…»

 

Ганна Васільеўна пасля эфіру мне прызналася: «Бываю на радыё па запрашэнні. Абмяркоўваем розныя тэмы. Апошні раз тут была, калі святкавалі 65 гадоў Перамогі… Заўсёды хвалююся ў эфіры, незалежна ад таго, ці добра падрыхтавана, ці неяк раптоўна сюды трапіла… Што для мяне наша радыё? Памятаю: калі бабуля была жывая, то радыё для яе было ўсё. Яна яго ўключала з раніцы да вечара. З ім прачыналася, з ім засынала…»

 

У 13.00 — час «Нясумнага перапынку». У госці прыйшоў паэт Канстанцін Цыбульскі — і вершы чытаў, і песні спяваў. Было так кранальна! Людзі дзякавалі паэту.

 

«Шаноўныя сябры, нагадаю, што вы слухаеце Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. У эфіры праграма «Нясумны перапынак». Сёння мы гаворым пра натхненне. Што ж яно з намі робіць?..»

 

У гэтай праграме таксама працуе пара радыёвядучых. Ёсць два меркаванні: мужчынскае і жаночае. Не заўсёды яны палярныя. Пакуль гучыць музыка, задаю пытанні:

 

— Бываюць у эфіры канфлікты або тэхнічныя непаладкі?

 

— Усякае бывае. Часам кожны з нас адстойвае свой пункт гледжання. І гэта самы вялікі канфлікт. І так мы робім назнарок, каб было цікава.

 

— Чаму гаворыце то на рускай, то на роднай мове?

 

— Таму што нам пішуць на розных мовах.

 

«Шаноўныя сябры, чакаем ад вас эсэмэскі. І вось прыйшлі чарговыя: «Музыка натхняе мяне заўсёды. Маруся…», «Асабіста мяне натхняе маё дзіця, — піша Юлія. — А яшчэ і тое, што зараз зноў знаходжуся ў чаканні малога. Так шмат хочацца зрабіць, энергія проста б’е ключом». Юлія, мы жадаем моцнага здароўя і вам, і вашым дзеткам. І для вас гучыць музычны падарунак».

 

«Ну вось амаль і ўсё. Сёння з вамі былі вядучыя Святлана Мятлева, Віктар Шулешка. Будзем слухаць добрую музыку. Усіх імяніннікаў яшчэ раз віншуем са святам. А на нашай хвалі Таццяна Буланава».

 

– ГАТОВЫЯ? Увага! Пішам. Дубль першы, — ківае галавой Валерый Бяляеў, гукарэжысёр. Мы ў вялікай студыі Дома радыё. Студыя шматфункцыянальная. Тут можна рэпеціраваць, праводзіць канцэрты, рабіць аўдыёзапісы.

 

Жавароначкі, прыляціце,

 

Вясну красную прынясіце,

 

А зімачку прыбярыце,

 

Бо зімачка надаела,

 

Нам хлебушкі пераела…

 

У гэтай студыі, якую можна назваць музычным сэрцам радыё, запісваюць беларускую песню «Жавароначкі». Спяваюць дзеці, якія ўдзельнічаюць у рэспубліканскім праекце «Маладыя таленты Беларусі». Мяне здзівіла, што тут прадстаўнікі розных краін: Карэі, Кітая, Францыі, ЗША, Канады, Фінляндыі, Індыі, Нідэрландаў, Шры-Ланкі, Расіі, Германіі, Ізраіля. Іх шаснаццаць, ад сямі да сямнаццаці гадоў. Усе — з міжнароднай школы, агульнаадукацыйнай установы для дзяцей з розных краін свету, перш за ўсё — для дзяцей дыпламатаў, прадстаўнікоў буйных кампаній у Мінску.


Вольга Перагуд, выкладчык музыкі ў гэтай школе і кіраўнік калектыву, кажа: «Мы задаволены, што ў нас ёсць магчымасць супрацоўнічаць з радыё. І дзеці ўжо другі раз вучаць беларускія песні. Думаю, што мы будзем працягваць гэтую традыцыю — знаёміць іх з нашай культурай. Мы вельмі ўдзячныя Беларускаму радыё за цёплы прыём».

 

Танішка Кохлі з Індыі ўдзельнічае другі раз у конкурсе: «У мінулым годзе мы спявалі «Рэчаньку»… А я сама нарадзілася тут. З дзяцінства спяваю. І мову трохі ведаю… Конкурс «Маладыя таленты Беларусі» прыкольны, у ім удзельнічае шмат людзей. Страшна выступаць (смяецца. — Аўт.). Бо мы заўсёды думаем, што іншыя канкурсанты лепш за нас спяваюць, яны ж беларусы, на сваёй мове ў іх лепш атрымліваецца, чым у нас».

 

Ці многа жадаючых трапіць на конкурс?

 

– МНЕ нават цяжка зараз падлічыць колькасць заявак. З аднаго боку, добра, што іх шмат. Значыць, у конкурсу ёсць статус, рэпутацыя, што ён цікавы. З іншага боку, мне асабіста балюча потым глядзець на слёзы тых, хто не праходзіць у наступныя этапы. Дарэчы, з рэгіёнаў шмат заявак, але больш за ўсё з абласных цэнтраў. Напрыклад, у Гродне ў гэтым годзе актыўны каледж мастацтваў. З Рэчыцы ёсць заяўкі, з Глуска, Пружан, — распавядае Таццяна Сямёнава, загадчыца аддзела музычных праграм.

 

Валерый БЯЛЯЕЎ, гукарэжысёр, працуе тут з 1986 года. Ён падзяліўся: «Вялікая студыя Беларускага радыё — унікальная, адзіная такая ў краіне, якая дазваляе запісваць вялікія калектывы, аркестры, хары. Самыя якасныя запісы атрымліваюцца ў нас. Накладкі здараюцца? А дзе іх няма? Сёння ўсё папраўна. Падчысцім, зманціруем, нармальна ўсё атрымаецца. А дзеці сёння спявалі выдатна. Гэта заўсёды вельмі кранальна, калі гучыць песня на беларускай мове з англійскім акцэнтам».

 

Між іншым, у гэтай студыі зроблена значная колькасць унікальных запісаў, якія складаюць наш велізарны фонд Беларускага радыё.

 

НАМЕСНІК галоўнага дырэктара, дырэктар інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Беларускага радыё Алена Давідовіч распавяла мне перад наведваннем вялікай студыі:

 

— Самае цікавае — у нас праводзяцца буйныя міждзяржаўныя радыёмасты: з Расіяй, Арменіяй, Украінай, Казахстанам... Цяпер рыхтуем такі з нашымі калегамі з Казахстана. Тэлемост будзе прысвечаны пытанням інтэграцыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Пазней будзе радыёмост з Украінай. Будзем гаварыць аб моладзёжнай палітыцы, паколькі наступны год абвешчаны Годам моладзі. Напярэдадні 70-годдзя Перамогі пройдуць радыёпераклічкі з ўсімі гарадамі-героямі. А яшчэ ў гэтым сезоне выходзіць новая праграма «Радыёла». Літаральна ў мінулай гучалі галасы Гагарына і Брэжнева. Перадача будуецца на архіўных запісах плюс музычныя фрагменты. Мы ўзгадваем гісторыю радыё, успамінаем гісторыю краіны.

 

У ПЯТУЮ студыю я таксама зазірнула. Яна «заточана» пад сучасную музыку, рок, джаз, увогуле пад эстраду. Тут запісваецца «Яблычны чай». Перад «Еўрабачаннем» рабіла тут запісы група Litesound. Многія замежнікі ў захапленні ад гэтай студыі.

 

У БЛОКУ запісу і мантажу ідзе падрыхтоўка эфірных матэрыялаў. За камп’ютарамі сядзяць у навушніках пяць чалавек. Яна Хадоска, якая таксама працуе ў праграме «Нясумны перапынак», у праекце «Культпаход» запісала інтэрв’ю з госцем праграмы і цяпер яго манціруе. Увогуле, у памяшканні амаль усе працуюць у цішыні. Толькі адзін карэспандэнт агучвае свой тэкст.

 

А дзень працягваецца на радыё. У «Бонусе» ў эфіры зноў Святлана Мятлева і Віктар Шулешка. Гаворка ідзе пра экалагічны турызм. Затым — «Вітаем, віншуем, жадаем!», праграма «Рэтра», якая прапануе сустрэчу з творчасцю Арно Бабаджаняна…

 

Увечары таксама не развітваюся з эфірам, слухаю дома праграму «Тэатр Беларускага радыё», ідзе працяг радыёкампазіцыі спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Рэвізор» па п’есе Мікалая Гогаля. Цікавая пастаноўка! Задавальнення не менш, чым у сапраўдным тэатры…

 

Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ»

gnilozub@sb.by

Фота аўтара 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter