Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Святочную імпрэзу да Дня славянскага пісьменства і культуры ў Мікалаеве, якую падрыхтавалі актывісты беларускай суполкі “Голас Радзімы”, не перапыніў нават праліўны дождж

Тэатр і спевы пад дажджом

Пра чарговы поспех Драматычнага тэатра беларускай арміі ў рэдакцыі стала вядома адразу з дзвюх крыніц. На гэты раз артысты атрымалі прэмію “Рэпутацыі ды павагі” XX Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Мельпамена Таўрыі”, што праходзіў на Мікалаеўшчыне. А ўшанаваны калектыў “за высокае прафесійнае майстэрства й бездакорную рэпутацыю”. Як напісала нам Алена Давыдава, кіраўніца літаратурна-драматургічнай часткі тэатра, трупа паказала прэм’ерны спектакль “Тры сястры” па п’есе Антона Чэхава. Дарэчы, не ўсе цяпер ведаюць, што ў яго — украінскія карані, хоць родам ён з Таганрога (цяпер гэта Растоўская вобласць Расіі). Антон Паўлавіч пісаў вось што: “Я настоящий малоросс, я в детстве не говорил иначе, как по-малороссийски”. Так што беларусам прывезці на фестываль ва ўкраінскі Мікалаеў спектакль рускага пісьменніка, які сам сябе называў “сапраўдным маларосам”, — гэта ж цікава й крэатыўна. 

Беларускія артысты з актывістамі суполкі “Голас Радзімы” на сцэне ў Мікалаеве 

І ўдзячная публіка, журы фестывалю ў Мікалаеве такі крэатыў — ацанілі. Для пастаноўкі, што не абкаталася на ўласнай сцэне, прызнанне кампетэнтнага міжнароднага журы — безумоўны поспех. “Вельмі цёпла прымала мінчан шчодрая на эмоцыі ўкраінская публіка, — паведамляе Алена Давыдава. — Ёй прыйшлася па душы арыгінальная квэст-гульня рэжысёра-пастаноўшчыка Марыны Дударавай.

Нагадаем, юбілейны фестываль “Мельпамена Таўрыі” праходзіў у Мікалаеве й Херсоне з 17 па 26 мая. У тэатральным форуме паўдзельнічала больш за 20 калектываў з Украіны, Беларусі, Малдовы, Расіі, Грузіі, Ізраіля, Партугаліі. Прычым і беларуская суполка “Голас Радзімы” з Мікалаева, якой кіруе Таццяна Дзяменнікава, вельмі падтрымала беларускіх артыстаў. Сама Таццяна ў рэдакцыю напісала: “Мы 19.05. хадзілі з актывістамі суполкі на спектакль “Тры сястры” Драмтэатра беларускай арміі. Гэтага дня чакалі з нецярпеннем: білеты прыдбалі за месяц, каб трапіць на спектакль землякоў. Перад спектаклем, які ішоў у Мікалаеўскім акадэмічным украінскім тэатры драмы й музычнай камедыі ў трэці день фестывалю, мы купілі кветкі, прывязалі да іх чырвона-зяленыя стужкі: каб відаць было, што гэта — ад беларусаў. І землякі апраўдалі нашы надзеі. Як мы ўсе ім апладзіравалі! Потым папрасілі адміністрацыю тэатра ды сфатаграфаваліся разам з артыстамі беларускага тэатра. Калі ж дарылі кветкі, то размаўлялі з артыстамі, мастацкім кіраўніком тэатра па-беларуску, шчыра дзякавалі ім ад беларускай дыяспары за высокае майстэрства. Яны запрашалі нас у госці ў Мінск на свае спектаклі. Прыедзем! Увогуле для нас той дзень быў сапраўдным святам. Вельмі цёпла артыстаў-беларусаў сустракалі гледачы: зала была перапоўнена, доўга не сціхалі апладысменты”.

Майстэрству заставацца ў любых абставінах на вышыні, як тое ўдаецца прафесійным артыстам, можна павучыцца і ў артыстаў самадзейных — з беларускай суполкі. На 26 мая актывісты “Голасу Радзімы” спланавалі ў Мікалаеве святочную імпрэзу да Дня славянскага пісьменства й культуры. “І ўсё як мае быць падрыхтавалі, — напісала пазней Таццяна Дзяменнікава. — Мы на таксі загадзя прывезлі ўвесь наш скарб — кнігі, газеты, сувенірную прадукцыю — ды аформілі ў Каштанавым скверы “Беларускую хату”. Вельмі прыгожа ўсё атрымалася, а імпрэзу назвалі: Сёння ў нашай хаце свята”. У скверы сабралася багата народу, разглядалі ўсе нашу Хату,  чыталі газеты, кнігі. А потым, насуперак прагнозам, паліў дождж. Гледачы разышліся-пахаваліся, нашы вышыўкі, ручнікі памоклі. Пачалі складваць усё: думалі, канец святу. Але самыя стойкія гледачы ды ганаровыя госці чакалі нашых спеваў. Сярод тых стойкіх былі прадстаўнік аблдзяржадміністрацыі Віктар Чабатароў, старшыня праўлення нацыянальных таварыстваў Лаліта Каймаразава, наша сяброўка Ірына Русіна, старшыня суполкі “Русич” Тамара Белавусава. Яны прасілі: выступайце, падтрымаем! Паставілі адну палатку для апаратуры, другую — каб акардэаніст Юрай Дзінтарс не змок, ну й мы хто як мог… А дождж то пераставаў, то зноў ліў. Настрой ужо быў “падмочаны”, але ж мы не здаваліся! Гурт “Родныя напевы” спяваў пад мелодыі дажджу! Шкада, што нас не пачулі багата прыхільнікаў беларускай культуры, але настрой трохі падняўся. Дарэчы, пры ўстаноўцы палатак нам вельмі дапамог начальнік упраўлення па пытаннях надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны насельніцтва Мікалаеўскага гарсавета Аляксандр Герасіменя. Аказваецца, беларус: тата быў родам са Слуцкага раёна. Што ж: сябры знаходзяцца ў бядзе! Удзячны таксама Ірыне Русінай, якая была з намі, дапамагала, рабіла здымкі, напісала ў нэце пра нашыя прыгоды. Мяркую, мы яшчэ паўторым сваю праграму: знойдзем дзе й калі”.

Вось якія самаадданыя беларусы пашыраюць родную культуру ў Мікалаеве. Мы вельмі рады, што ў нашай рэдакцыі ёсць такія сябры. І спадзяемся, што ў жыцці актывістаў, самадзейных артыстаў суполкі “Голас Радзімы” будзе яшчэ шмат светлых, сонечных, радасных дзён. І што кніга паэзіі беларускі з украінскімі родавымі каранямі Аксаны Спрынчан “Кава з украінскім мёдам”, дасланая сябрам з рэдакцыі, дойдзе да іх — і падсалодзіць жыццё.

Голас Радзімы № 21 (3573), чацвер, 7 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter