Тэатр — гэта па-нашаму!

“Народная газета” заключыла пагадненне аб цесным супрацоўнiцтве з Рэспублiканскiм тэатрам беларускай драматургii.

Калi першы раз наведваешся ў любы толькi што адрамантаваны будынак, заўсёды радуешся. Не выветрыўся яшчэ пах фарбы, бляск люстраў, новай падлогi быццам паварочваюць жыццё на новы лад. Тое ж пачуццё, упэўнена, адчувалi i ўсе, хто прыйшоў у мiнулую суботу на ўрачыстую вечарыну, прысвечаную адкрыццю абноўленага Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii. А для яго мастацкага кiраўнiка Валерыя Анiсенкi той вечар быў асаблiва хвалюючым.
Першым спектаклем, якi быў сыграны на сцэне тэатра пасля рамонту, стала пастаноўка п’есы “Дамавiчкi” маладога беларускага драматурга Ягора Конева. Гэта чацвёрты спектакль у рэпертуары РТБД, адрасаваны дзiцячай аўдыторыi. А ўвечары на абноўленай сцэне гледачы ўпершыню ўбачылi рок-оперу “Адвечная песня” паводле Янкi Купалы. Былi падведзены вынiкi I Рэспублiканскага конкурсу тэатральных пастановак п’ес класiчных i сучасных беларускiх драматургаў, якi праходзiў з 1 кастрычнiка мiнулага года да 1 кастрычнiка гэтага года.
Рамонтныя работы, праведзеныя ў тэатры, высока ацанiў мiнiстр культуры Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Матвяйчук. “Дзяржава сёння выдаткоўвае значныя сродкi на развiццё сферы культуры, — адзначыў ён. — Яскравыя прыклады — новы будынак Нацыянальнай бiблiятэкi, шыкоўныя залы Нацыянальнага мастацкага музея, аднаўленне тэатра оперы i балета. А цяпер вось папрыгажэў i Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургii. Паказчыкам таго, што працэсы ў галiне культуры набываюць усё большую моц, з’яўляецца запатрабаванасць устаноў культуры ў маладых спецыялiстах. А вышэйшыя навучальныя ўстановы ў гэтым годзе задаволiлi патрэбы толькi на 54 працэнты”.
Як адзначыў падчас урачыстасцi Валерый Анiсенка, якi ўзначальваў журы конкурсу, удзельнiчаць у Рэспублiканскiм конкурсе тэатральных пастановак п’ес класiчных i сучасных беларускiх драматургаў вельмi ганарова, але, на жаль, не ўсе тэатры рэспублiкi змаглi падаць заяўкi. “Такi конкурс праводзiцца ў нашай краiне ўпершыню, — сказаў Валерый Данiлавiч. — I вельмi хацелася б, каб ён праводзiўся штогод i станавiўся больш прэстыжным, яркiм, цiкавым. Нацыянальная драматургiя, нацыянальная лiтаратура — гэта паказчык узроўню нацыi, яе iнтэлекту, яе духоўнай культуры”.
Першую прэмiю I Рэспублiканскага конкурсу тэатральных пастановак п’ес класiчных i сучасных беларускiх драматургаў у намiнацыi “Рэжысура” атрымаў Сяргей Кавальчык, пастаноўшчык спектакля “Адвечная песня” паводле паэмы Янкi Купалы Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii. Сяргею Мiхайлавiчу на ўрачыстай вечарыне таксама быў уручаны бронзавы дыплом Мiжнароднага тэатральнага форуму “Залаты Вiцязь” “За творчае супрацоўнiцтва Рэспублiкi Беларусь i Рэспублiкi Сербскай” за спектакль “Шлях у Царград” Зорана Косцiча. Другое месца ў намiнацыi “Рэжысура” атрымаў Вiталь Баркоўскi за спектакль “Шукаю сапраўднага мужчыну” паводле п’есы Алены Паповай Мiнскага абласнога драматычнага тэатра (г.Маладзечна).
У намiнацыi “Драматургiя” першае месца прысуджана Сяргею Кавалёву за п’есы для дзяцей “Пiлiпка i ведзьма”, “Дарога да Батлеема” Брэсцкага i Гродзенскага абласных тэатраў лялек. Другой прэмiяй конкурсу ў гэтай жа намiнацыi быў узнагароджаны Уладзiмiр Савiцкi за спектакль “Дзiкае паляванне караля Стаха” паводле Уладзiмiра Караткевiча Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы.
Пераможцам конкурсу ў намiнацыi “Лепшая музыка да спектакля”  стаў Цiмур Калiноўскi (спектакль “Адвечная песня” паводле Янкi Купалы). У намiнацыi “Лепшае мастацкае афармленне” перамог Вiктар Цiмафееў (спектакль “Дзiкае паляванне караля Стаха”). Спецыяльнай прэмiяй i дыпломам “За адкрыццё таленту (яркае ўвасабленне нацыянальнага характару)” узнагароджана артыстка Брэсцкага абласнога тэатра лялек Тамара Тэвасян.
Пасля спектакля “Адвечная песня” акцёр Iгар Сiгаў атрымаў спецыяльны дыплом “Народнай газеты” “За грамадзянскасць i народнасць”, а потым мастацкi кiраўнiк Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii Валерый Анiсенка i галоўны рэдактар “Народнай газеты” Уладзiмiр Андрыевiч падпiсалi пагадненне аб творчым супрацоўнiцтве. А гэта значыць, паважаныя чытачы, што вы будзеце першымi даведвацца аб прэм’ерах гэтага тэатра, пра навiны з жыцця яго акцёраў, рэжысёраў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter