У пошуку сучаснай сцэнічнай мовы

Тэатр без дыдактыкі

Сярод лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Таленавіты калектыў адзначаны за вялікі ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва, паспяховыя мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Пра мары, замежныя сувязі, новыя творчыя мэты мы паразмаўлялі з дырэктарам РТБД Уладзімірам Карачэўскім.

Фота Юрыя Мазалеўскага
— Мы атрымалі гэтую ўзнагароду не толькі за мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, але і за шэраг праектаў апошніх гадоў. Сярод іх і сумесныя міжнародныя, і інвестыцыйныя праекты, якія знайшлі свайго гледача. Тэатр вельмі актыўна праявіў сябе як на беларускіх, так і на замежных пляцоўках. Раней мы шукалі фестывалі, зараз такое адчуванне, што фестывалі шукаюць нас. І запрашаюць з такой фармулёўкай: “Мы чулі пра ваш тэатр, чулі пра вашу пастаноўку...” Гэта вельмі добры вынік нашай працы.

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы пачалі рыхтавацца яшчэ ў 2015 годзе, калі вырашылі з партнёрамі правесці конкурс п’ес, прысвечаных гэтай круглай даце і Францыску Скарыне. Конкурс адбыўся ў 2016 годзе, у ім прынялі ўдзел больш за 30 аўтараў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з ЗША і Масквы. Журы адзначыла 7 п’ес. Аўтары атрымалі не проста дыпломы, але і дзякуючы Беларусбанку фінансавыя ўзнагароды. Мы мелі добры прызавы фонд. Пры падтрымцы Нацыянальнай бібліятэкі выдалі зборнік п’ес пераможцаў, зрабілі яго прэзентацыю ў шэрагу гарадоў Беларусі.

Такім чынам мы займаліся асветніцкай дзейнасцю, падтрымлівалі і падштурхоўвалі да творчасці беларускіх драматургаў. Пасля конкурсу з’явіліся адразу тры новыя спектаклі: “Камедыя Юдзіфі” Сяргея Кавалёва ў Гродзенскім тэатры лялек, “Скарына” Мікалая Рудкоўскага ў Магілёўскім драматычным тэатры і наш спектакль “Кар’ера доктара Рауса” па п’есе Віктара Марціновіча. За 14 паказаў, дарэчы, ён зарабіў усе грошы, якія былі ў яго ўкладзеныя. Спектакль паставіў наш мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў. Сябры-палякі з Лодзі запрасілі нас паказаць “Кар’еру доктара Рауса” на фестывалі чатырох культур у верасні гэтага года. Прыемна адзначыць, што гэты спектакль ствараўся не за бюджэтныя грошы, а пры падтрымцы спонсараў, якіх мы знайшлі. Калі казаць пра нашу дзейнасць, гэта паспяховы прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

— Уладзімір Міхайлавіч, сёння лёгка знаходзіць спонсараў?

— Не. Трэба не проста сказаць: “Дайце грошы!” Ты павінен спонсара зацікавіць, паказаць, якая карысць будзе яму ад твайго праекта: ці атрымае ён рэкламу і нейкія дывідэнды, гэта будзе вялікая сацыяльная ці іміджавая акцыя?

Таксама сезон 2016—2017 гадоў стаў для нас пошукам новых тэатральных форм. Спектакль “Гэта ўсё яна” рэжысёра Монікі Дабраўлянскай па п’есе Андрэя Іванова атрымаў узнагароды Авіньёнскага фестывалю. “Беларусь. Дыдактыка” Аляксандра Марчанкі — і спектакль, і канцэрт, і споведзь нашай народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель.

Цікавы інвестыцыйны праект — “Сіндром Медэі”. Мне было вельмі складана на яго згаджацца. Я сам бацька малого хлопчыка і ўсё, што тычыцца дзяцей, міжволі прапускаю праз сябе. Але мы параіліся з мастацкім кіраўніком тэатра Аляксандрам Гарцуевым, кіраўніком Цэнтра сучаснай беларускай драматургіі Аляксандрам Марчанкам і вырашылі, што трэба рызыкнуць. Рэжысёрам стала Кацярына Аверкава. Актрысы Людміла Сідаркевіч і Гражына Быкава, занятыя ў гэтай пастаноўцы, атрымалі ўзнагароды фестывалю нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. Спектакль ужо запрасілі на III Маладзёжны тэатральны форум краін СНД, Балтыі і Грузіі, які пройдзе ў Ерэване. Нагадаю, у 2015 годзе гэты фестываль адбываўся ў Мінску, і РТБД уваходзіў у склад яго дырэкцыі.

У нас з’явіўся пластычны спектакль “Бетон” Яўгена Карняга. Незвычайны жанр для драматычнага тэатра. Тут на сцэне пануе ўжо не слова, а рух. У снежні, а зараз і ў студзені білетаў на “Бетон” знайсці немагчыма. Яго запрасілі на фестывалі ў краіны Заходняй Еўропы.

Лічу, што ў нас не было ніводнага прахаднога спектакля. Кожны з іх знайшоў свайго гледача, у кожнага свая фестывальная і гастрольная гісторыя.

У 2017-м нашаму тэатру споўнілася 25 гадоў. З гэтай нагоды мы зрабілі першы буклет. І высокая ўзнагарода — спецыяльная прэмія Прэзідэнта — сімвалічны знак для нас. Мы шануем усіх, кто працаваў у тэатры за гэтыя 25 гадоў, сярод іх Валерый Мазынскі, Валерый Анісенка, Ігар Сігоў... Кожны падарыў свой талент агульнай справе.

— Не хацелі б запрасіць кагосьці з іх на пастаноўку?

— Нікога з іх не запрашалі, але працягваем з імі сябраваць. Зараз мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве менавіта з маладымі рэжысёрамі і драматургамі. Мы павінны размаўляць з гледачом на сучаснай мове і пра сучасныя праблемы. Магчыма, не ўсе з нашых пошукаў усім падабаюцца, але мы рухаемся наперад.

Спектакль “Сіндром Медэі” ў гэтым годзе ўбачаць у Арменіі.
фота rtbd.by

— Кажуць, што ў нас сёння недахоп рэжысёраў. Ці так гэта?

— Яны ёсць, але вопыту ў іх яшчэ малавата. Міністэрства культуры праводзіла конкурс эксплікацый для маладых рэжысёраў. У ім удзельнічала Алена Сілуціна, якая паставіла ў Бабруйску спектакль “Лондан”. Ён з’явіўся пасля нашай лабараторыі. Раман Падаляка будзе ставіць у Купалаўскім тэатры. Будуць і іншыя спробы. Для такога тэатра як наш заўсёды патрэбныя новыя штуршкі, новы адрэналін. Калі з’яўляюцца спектаклі толькі аднаго рэжысёра, мы пачынаем хадзіць па крузе. Плануем працаваць з украінскім рэжысёрам Стасам Жырковым, які паказваў у Беларусі свой спектакль “Любоў людзей” па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага. Запросім Вольгу Саратокіну, яна паставіла ў нас паспяховы спектакль “Сталіца Эраўнд”.

Сёння ў нашым рэпертуары больш за 90% беларускай драматургіі. І гэта не толькі Купала, але і сучасная драматургія. Шэраг п’ес выйшаў да гледача ў выніку нашай лабараторнай працы. Зараз мы ўдакладняем рэпертуар на 2018 год. Наш тэатр не проста пракатчык, ён стваральнік нацыянальнага прадукту з самага пачатку, пачынаючы з ідэі, чытак, лабараторый.

— Вы заўсёды падтрымліваеце ідэі вашага Цэнтра драматургіі?

— Не. Мы спрачаемся, але ў любым выпадку знаходзім кампраміс. Вырашаем, што нам патрэбна, што нам гэта дасць. Я падтрымліваю працу цэнтра і лічу, што гэта вельмі важная частка нашага тэатра. Такога цэнтра няма ні ў каго з калег.

“Ціхі шэпат сыходзячых крокаў”, “Гэта ўсё яна”, “Мабыць” — вынікі лабараторнай работы цэнтра. І гэтыя спектаклі павінны выходзіць да замежнага гледача. У рэпертуары РТБД з’явіліся больш складаныя для ўспрымання спектаклі. Аднак, як паказвае практыка, няпростыя, глыбокія, вострыя і актуальные тэмы, складаны візуальны рад знаходзяць свайго гледача. Гэтыя спектаклі можна паказваць і на камерцыйнай аснове. Я шукаю зараз партнёраў, імпрэсарыа. У нас вельмі амбіцыйныя планы. Плануем выступіць у Польшчы, краінах Балтыі, Германіі, Францыі, Расіі, Сербіі, Арменіі, Грузіі... У Сербію паедзем са спектаклем “Гэта ўсё яна” ўжо ў сакавіку. “Пелікана” пакажам у Смаленску, а “Сіндром Медэі” — у Арменіі і, магчыма, у Грузіі.

— Ведаю, што ваш тэатр мае намер абвясціць конкурс камедый.

— Плануем зрабіць гэта ў лютым. Чакаем канчатковых рашэннняў нашых спонсараў. Працуючы ў тэатры, я заўважыў, што ў камедыйным жанры ніхто з нашых драматургаў не працуе. Тэатры звяртаюцца да расійскіх, французскіх, італьянскіх камедый.

А арыгінальных беларускіх нават і няма. Існуюць камедыі, напісаныя па антычных сюжэтах ці народных апавяданнях. А дзе сучасная беларуская камедыя?

— Якое ўражанне засталося ў вас ад фестывалю нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску?

— Я паспрабаваў сябе ў якасці мастацкага кіраўніка фестывалю, і думак з’явілася шмат. Мы павінны зразумець, дзеля чаго патрэбен гэты фестываль, што ён дае тэатральнаму працэсу. Павінны быць канкрэтныя вынікі. Тэатры, а не толькі крытыкі, павінны размаўляць паміж сабой, а не прыязджаць на адзін дзень. Трэба перагледзець падыход да арганізацыі і ўдзелу ў фестывалі. Гэта маё асабістае ўражанне.

— Яшчэ раз віншуем з узнагародай і жадаем творчых поспехаў!

— Дзякуй!

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter