Уникальные фотографии Теофила-Эугениуша Боретти открывают тайны истории

Тэафiл-Эўгенiюш Барэццi — непераўзыдзены спявак шляхецкай архiтэктурнай даўнiны

Заўсёды прыемна адкрываць новыя iмёны тых, хто праслаўляў нашу краiну, тым больш не будучы яе сынам. Так здарылася i з Тэафiлам–Эўгенiюшам Барэццi, таленавiтым фотамастаком, якi меў iтальянскiя шляхецкiя каранi i шчыра палюбiў Беларусь, яе маёнткi i замкi, палацы i сялянскiя сядзiбы, чароўныя краявiды мемарыяльных мясцiн, звязаных з Адамам Мiцкевiчам, Радзiвiламi, Юндзвiламi, О’Руркамi i iншымi знакамiтымi, але сёння забытымi арыстакратычнымi родамi.

Варонча. Касцёл.

Дык хто ён такi? Чаму мы нiчога не ведаем пра яго жыццё i творчасць? Чаму нi ў адным даведнiку цi энцыклапедычным выданнi няма нiводнага слова пра яго? А мiж iншым у маiм уяўленнi гэта папярэднiк Яна Булгака, адзiн з першых прафесiйных фотамастакоў Беларусi i ў той жа час практычна першы фатограф–пейзажыст, прычым не толькi нашай краiны, але i Польшчы. А справа ў тым, што доўгi час яго творчасць была ў нас незапатрабавана i неактуальна, паколькi iснавала крытычнае i пагардлiвае стаўленне да ўсяго магнацкага як класава варожага. Да гэтага трэба дадаць, што герой дадзенага артыкула пражыў вельмi кароткае жыццё i быў носьбiтам элiтарнага мастацтва, якое шырока не распаўсюджваецца i не заўсёды мае вялiкую колькасць прыхiльнiкаў i паслядоўнiкаў. Элiтарнае мастацтва — гэта мастацтва адзiнак, «абраннiкаў вечнасцi». Як мне ўдалося трапiць на
яго след? На адным з аўкцыёнаў за мяжой я ўбачыў 3 лоты (з 11 унiкальнымi
П.Краўчанка.

фатаграфiямi), якiя вельмi ўразiлi мяне сваёй прафесiйнай дасканаласцю i флёрам рамантызму. Давялося вытрымаць нялёгкую барацьбу з дырэктарам Кракаўскага музея фатаграфii i стаць уладальнiкам гэтага духоўнага скарбу, якi вярнуўся туды, дзе ён ствараўся, — у Беларусь.
Амаль год па дробачках давялося збiраць iнфармацыю пра Т.–Э. Барэццi, яго жыццё i творчасць. Нарадзiўся ён 17 снежня 1860 года ў Варшаве ў шматдзетнай сям’i. Яго бацькамi былi Iосiф–Антонiй Барэццi (1825 — 1878 гг.) i Антанiна–Эмiлiя Янiкоўская (1829 — 1918 гг.). У iх было, акрамя Тэафiла–Эўгенiюша, сямёра дзяцей: Фелiцыя–Тэафiла (1854 — 1855 гг.), Ян–Анджэй (1856 — 1929 гг.), Людвiк (1857 — 1883 гг.), Вiнсент–Францiшак (1859 — 1932 гг.), Эмiлiя–Бранiслава (1862 — 1891 гг.), Iосiф–Мiкалай (1863 — 1905 гг.), Антонiй (1867 — 1956 гг.).

Бацькi абвянчалiся 5 лютага 1853 года ў Варшаве ў касцёле. Згодна з сямейнымi паданнямi, у сям’i ўсiм кiравала мацi — прыгажуня, круцёлка, транжырка. Яна вельмi любiла прыгожа апранацца i заўсёды выглядала вельмi элегантна. Але гэтыя яе станоўчыя якасцi часамi набывалi нейкi хваравiты характар: на ўсiх святах i вяселлях яна iмкнулася апранацца ў больш прыгожыя i элегантныя сукенкi, чым нават нявеста.

Нясвiж. Былы кляштар бенедыктынак.

Нам нiчога невядома пра дзiцячыя i юнацкiя гады Т.–Э. Барэццi. Адзiнае, што мы можам сцвярджаць, гэта вельмi ранняе знаёмства з фатаграфiяй, паколькi многiя яго сваякi, у тым лiку родны дзядзька i цёзка Тэафiл, — займалiся ёю прафесiйна. Т.–Э. Барэццi ў канцы XIX стагоддзя жыў у г. Калiш, дзе ён працаваў разам са сваiм старэйшым братам Вiнсентам, якi лiчыўся самым вядомым у гэтым горадзе фатографам. У польскай лiтаратуры часта памылкова сцвярджаецца, што заснавальнiкам першага фотаатэлье ў Калiшы з’яўляецца менавiта дзядзька Тэафiл, хаця на самой справе заслуга ў гэтым належыць Вiнсенту. Блытанiна звязана з тым, што прыкладна ў адзiн i той жа час у Варшаве i Калiшы працавалi дзядзька i пляменнiк, якiя мелi аднолькавае iмя i прозвiшча. Ды i памёрлi яны ў адзiн i той жа год — 1910.

Уязная брама ў Нясвiжскi замак.

Але Т.–Э. Барэццi хацелася мець сваю справу, i ў канцы 90–х гадоў XIX стагоддзя ён апынуўся ў Мiнску, буйнейшым горадзе, чым Калiш. Згодна вуснай iнфармацыi сённяшнiх мiнскiх фотамастакоў, ў цэнтры горада ён адкрыў фотаатэлье на вуліцы Губернатарская, 35. У атэлье гучала класічная музыка, стаяў бюст А.Міцкевіча. Магчыма, адна з прычын пераезду ў Мiнск была звязана са шлюбам, якi 24 кастрычнiка 1904 года быў аформлены ў Варшаве ў касцёле Святога Аляксандра. Жонкай Барэццi стала Стэфанiя–Янiна Расацкая (1877 — 1941 гг.), такая ж прыгожая i элегантная, як i яго мацi. Нарадзiлiся дзве дачкi: Янiна (1906 — 1993 гг.) i Гелена–Стэфанiя (1907 — 2002 гг.). Сёння ў Польшчы жыве ўнук, якi носiць iмя дзеда. Магчыма, пераехаць у Беларусь Т.–Э. Барэццi параiў дзядзька Тэафiл, якi аргументаваў гэта меншай канкурэнцыяй, чым, напрыклад, у Варшаве цi Кракаве. Безумоўна, трэба было ўтрымлiваць i кармiць сям’ю i адкрываць дзеля гэтага сваю справу. Але Т.–Э. Барэццi не стаў проста фатографам–рамеснiкам (як большасць яго калег), а, зарабляючы на хлеб надзённы, марыў пра творчасць i крок за крокам iшоў да гэтай мэты. Ён шмат вандруе па Беларусi, у тым лiку па ваколiцах Мiнска, Нясвiжа, Слуцка, Навагрудка. Сцверджаннi некаторых навукоўцаў, што ён не быў прафесiяналам, а фатаграфiя была яго хобi, не вытрымлiвае крытыкi, калi ўважлiва ўгледзецца ў яго творы, ацанiць iх высокамастацкiя якасцi. I поспехi не прымусiлi сябе чакаць. Свае работы Т.–Э. Барэццi паказвае ўжо ў 1904 годзе на краёвай выставе ў Львове, дзе на iх многiя звярнулi ўвагу. Значны рэзананс выклiкала i серыя фатаграфiй, зробленых на «малой радзiме» Адама Мiцкевiча — на Навагрудчыне, якая ўвайшла ў альбом, выпушчаны ў 1900 годзе. Адзiны асобнiк, якi захаваўся да нашага часу, знаходзiцца ва ўнука Тэафiла.

Нясвiж. Каплiца ў замку Радзiвiлаў.

Былi надрукаваны i iншыя фотаальбомы, прысвечаныя юбiлею Навагрудка i Слуцкаму павету. Асобныя фатаграфii Т.–Э. Барэццi ўвайшлi ў альбом, прысвечаны архiтэктуры Калiша (1896 год), копiя якога перададзена сынам Вiнсента Барэццi — Адамам Аснукам — Нацыянальнаму музею ў Кракаве (iнвентарны нумар МНК IV — V — 485, Дэпартамент рамёстваў).

Паступова сляды Т.–Э. Барэццi губляюцца. Недзе на мяжы 1908 — 1909 гадоў па палiтычных матывах ён ад’язджае за мяжу (у г. Калiш), дзе 26 мая 1910 года i памiрае, прычым пры таямнiчых абставiнах. Магчыма, ад’езд у Германiю быў звязаны з той паласой рэакцыi, якая пачалася пасля рэвалюцыi 1904 — 1905 гадоў у Расii. Захавалася толькi некалькi фатаграфiй Т.–Э. Барэццi i яго мiлай жонкi. З iх на нас глядзяць прыгожы, вусаты, арыстакратычны мужчына i яго маладая элегантная спадарожнiца жыцця. На яшчэ адным здымку, нават у адзеннi паляўнiчага, вiдавочна шляхецкае паходжанне мастака.

Туганавiчы.  Бяроза, пасаджаная Мiцкевiчам.

А цяпер самае галоўнае, звязанае з 11 фатаграфiямi, якiя я набыў у 2015 годзе ў Варшаве. Iх умоўна можна падзялiць на тры часткi. Першая — гэта 5 фатаграфiй памерамi 16,5х22 см, наклееных на паспарту (агульны памер 33х39,5 см), якiя прысвечаны Нясвiжу (3 фота) i замку (2 здымкi). Звяртае на сябе ўвагу тое, з якiм густам i як удумлiва мастак падышоў да афармлення сваiх твораў: усе паспарту еўрапейскага ўзроўню, аздобленыя вiньеткамi з прыгожымi кветкамi, якiя адразу ствараюць вобраз карцiны з панарамнай перспектывай. Вось вам i аматар! Вось вам i яго хобi! Хацеў бы я сёння пабачыць такiх «аматараў» сярод нашых фатографаў. Асаблiва мяне ўразiў Widok na miasto Nieswiez, безумоўна, высокамастацкi твор, у левым рагу якога на паспарту надрукаваны (як i на ўсiх астатнiх) Nasladownictwo zastrzega sie («Перадрукоўка забаронена»), а у правым — Zebral Teofil Eugeniusz Boretti, и гэта яшчэ раз сведчыць, што перад намi не аматар. З пункту гледжання аднаўлення iнтэр’ераў памяшканняў Нясвiжскага замка бясцэннае значэнне маюць фота Galerja w zamku Nieswizskim i Nieswiez. Kaplica w zamku ks. Radziwila, дзе цудоўна бачныя мэбля, якая была ў той час у галерэi (сталоўцы), i алтарная частка каплiцы з вядомай фамiльнай iконай. Вельмi шкада, што ў час апошняй рэстаўрацыi нашы спецыялiсты не былi знаёмыя з гэтымi фатаграфiямi.

Завоссе. Дом i свiран Мiцкевiчаў.

Другая частка (3 фота) набытага на аўкцыёне прысвечана Адаму Мiцкевiчу. Першая з iх — Nowogrodek. Dom Mickiewicza — дазваляе нам «зазiрнуць» у XIX стагоддзе, амаль у часы жыцця вялiкага паэта, i ўбачыць тагачасны аўтэнтычны Навагрудак i яго плошчу перад домам Мiцкевiча, з нейкiмi не захаванымi да сённяшняга часу драўлянымi пабудовамi, такiмі ж масткамi памiж iмi i нават агародамi! Добра бачны i плот вакол дома паэта. Дзе можна сёння такое яшчэ ўбачыць? Унiкальнае фота, унiкальная iнфармацыя не толькi для навагрудскiх краязнаўцаў, але i для ўсiх жыхароў гэтага горада.

Галерэя ў Нясвiжскiм замку.

Ну а цяпер пераходзiм да дзвюх фатаграфiй, убачыўшы якiя, я ледзь не абамлеў. Сапраўды, яны маюць сенсацыйны характар. Першая з iх — Zaosie. Dom I Swironek Mickiewicza — дазваляе ў рэшце рэшт паставiць кропку ў шматгадовай дыскусii навукоўцаў Беларусi, Лiтвы, Польшчы i Расii наконт рэальнага прызямлення «малой радзiмы» паэта, паколькi на гэтую роль прэтэндавалi тры вёскi з аднолькавай назвай у трох розных раёнах Беларусi. На паспарту надрукавана: Powiat Nowogrudski. Цяпер дастаткова ўзяць карту, геаграфiчныя цi паштовыя даведнiкi той пары, каб пераканацца, што засценак Завоссе знаходзiцца менавiта там, дзе i сёння iснуе музей, недалёка ад Навагрудка.

Навагрудак. Дом Мiцкевiча.

Другая фатаграфiя прысвечана засценку (маёнтку) Туганавiчы, разбуранаму ўшчэнт у час Першай сусветнай вайны. Гэта мемарыяльная мясцiна, дзе вельмi любiў бываць генiяльны паэт i дзе ўпершыню яго напаткала вялiкае каханне. У свой час я патрацiў шмат сiл, каб знайсцi былы маёнтак, паколькi нi на адной з карт ён не быў зафiксаваны. Знайшоў я i рэшткi фундамента альтанкi, i тыя дубы каля яе, пад адным з якiх Адам упершыню пацалаваў Марылю Верашчака, адчуўшы непаўторны водар яе вуснаў. Дабра ведаючы, што палякi яшчэ ў XIX стагоддзi зрабiлi своеасаблiвы фетыш з гэтага дуба, пабудавалi спецыяльную агароджу вакол яго i выпусцiлi спецыяльную паштоўку, прысвечаную гэтаму дрэву, i я ў свой час аддаў данiну павагi нашаму славутаму земляку. Кавалак кары з дуба разам з маёй кнiгай «Абраннiкi вечнасцi» падарыў у час навуковай канферэнцыi, якая праходзiла ў Кракаве, прэзiдэнту Польскай Рэспублiкi Аляксандру Кваснеўскаму. Ён быў вельмi ўдзячны i расчулены: мне здалося, што на вачах яго з’явiлiся слёзы! Вось як палякi шануюць i ставяцца да нацыянальнага генiя!

Стары скарбец.

Ну а канчаткова «дабiла» мяне трэцяя фатаграфiя з «навагрудскага» цыкла — Tyhanowicze. Brzoza posadzona prez Mickiewicza (Wlasnosc Wl–nej Tuhanowskiej), Навагрудскi павет. Гэта ў нейкiм сэнсе таксама навуковая сенсацыя. Да гэтага часу не было вядома, што А.Мiцкевiч пасадзiў бярозу ў Туганавiчах. Адразу ўзнiкае прастора для мноства пытанняў: дзеля чаго (цi каго) гэта было зроблена? Каму гэтае дрэва было прысвечана? Што стаяла за гэтым крокам? Рамантычны, сентыментальны Адам (як i ўсе палякi) проста так такiя рэчы не рабiў. Можа, у гонар Марылi? Можа, на ўспамiн аб Напалеоне, якi быў вельмi папулярны сярод палякаў той пары? Так што для гiпотэз i думак у гэтым напрамку бязмежжа.

Вiд на Нясвiж.

I напрыканцы трэцяя частка твораў «iтальянскага беларуса» — унiкальныя здымкi архiтэктурных помнiкаў Заходняй Беларусi, якiя не захавалiся, «расплылiся iмглой скрозь гады» ваенных лiхаманак i навальнiц. Сярод iх — Dobromysl. Stary Skarbiec (Wlasnosc W–nej Jundzilowej), у Слонiмскiм павеце, Wsielub Folwark z za stawu (Wlasnosc hr. O’Rourka) (Навагрудскi павет) i захаваны да нашых дзён Woroncza. Kosciol, таксама ў Навагрудскiм павеце. Гэтыя работы — своеасаблiвае люстэрка, якое дазваляе зазiрнуць у далёкае мiнулае i паспрабаваць зразумець яго. У гэтым сэнсе фатаграфiя не толькi мастацкi твор, але адначасова i дакладная гiстарычная крынiца, i ўнiкальны гiстарычны дакумент. I ўсе гэтыя здабыткi мы атрымалi дзякуючы таленту чалавека, прычым не мясцовага, па сутнасцi, чужынца, якi як нiхто зразумеў нас, шчыра палюбiў Беларусь, навекi пакiнуў для нашчадкаў рамантычны вобраз тых часоў, дзеянняў нашых продкаў, якiмi мы сёння заслужана ганарымся. Ушануем памяць гэтага чалавека, дзякуючы якому праз повязь часоў аказалiся навекi звязанымi народы Iталii, Польшчы i Беларусi.

Усялюб. Выгляд з сажалкi на фальварак.

Хачу выказаць словы павагi i сардэчнай удзячнасцi Надзвычайнаму i Паўнамоцнаму Паслу Iтальянскай Рэспублiкi ў Рэспублiцы Беларусь Яго Экселенцыi пану Стэфану Б’янкi, якi аказаў значную дапамогу ў пошуку матэрыялаў, звязаных з жыццём, лёсам i творчасцю Тэафiла–Эўгенiюша Барэццi, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублiкi Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Яго Экселенцыi пану Конраду Паўліку, а таксама дарадцу пасольства Рэспублiкi Польшча ў Рэспублiцы Беларусь пану Мiхаiлу Хабрасу i другому сакратару гэтага ж пасольства панi Эльжбэце Iнеўскай за вялiкую дапамогу ў падрыхтоўцы i правядзеннi ўрачыстай вечарыны ў гонар героя гэтага артыкула, якая адбудзецца сёння.

Пётр КРАЎЧАНКА, мiнiстр замежных спраў Беларусi ў 1990 — 1994 гг.

Советская Белоруссия № 236 (25118). Четверг, 8 декабря 2016
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter