Как четыре виртуальных робота руководят музеем океанографии в Минске

Тайны пяцi акiянаў

Інавацыйны культурна-адукацыйны праект — мабільны музей-лабараторыя «Адкрыты акіян» адкрываецца ў Мінску. Пакуль ён працуе ў рэжыме вучэбнай верфі. У ім усталёўваюць сонечныя батарэі, ветрагенератары, настройваюць віртуальных робатаў і кампануюць экспанаты ў блокі па пяці акіянах. Тут і крэслы-сімулятары падводнай лодкі, і віртуальны гід, і 3D-тэхналогіі, і акустыка з рэжымам «гідрафон». Карэспандэнт «Р» даведалася, чым яшчэ здзівіць мабільны музей акіянаграфіі.

Спецыяльна для мабільнага музея набылі ваенны ізатэрмічны прычэп і стылізавалі яго пад падводную лодку Карла Шыльдара.

Мабільны музей уражвае з першага погляду. Спецыяльна для яго набылі ваенны ізатэрмічны прычэп і стылізавалі яго пад падводную лодку Карла Шыльдара. Даўжыня прычэпа — 12 метраў. Сам музей максімальна аўтаномны, а кіруюць ім чатыры віртуальныя робаты: метэаролаг, энергетык, экскурсавод і акіянограф.

— У аснове праекта ляжыць IT-канцэпцыя, — сустракае мяне на ўваходзе дырэктар цэнтра акіянаграфіі «Адкрыты акіян» Аляксей Азараў і тут жа тлумачыць: — Гэта максімальная аўтаматызацыя, кіраванне і праца праз інтэрнэт з дапамогай віртуальных робатаў. І максімальнае выкарыстанне мабільных тэхналогій. Гэта і экскурсіі па wi-fi, і праца калектыўнай радыёстанцыі.

Унутры музей падзелены на пяць зон па колькасці акіянаў. Асабліва цікавым атрымаўся блок «Антарктыда», у тым ліку дзякуючы нашым палярнікам і нязменнаму кіраўніку беларускіх экспедыцый на шосты кантынент Аляксею Гайдашову. Макет нашай палярнай станцыі ў музеі ўжо ёсць. Хутка секцыя папоўніцца свежымі экспанатамі, якія 9-я палярная экспедыцыя прывезла з місіі ў красавіку. З'явіцца і ўнікальная калекцыя мінералаў. Тут жа — пудзіла пінгвіна, марскі павук, пазванок выкапнёвага кіта і акамянелае дрэва з Антарктыды.

Найбольш шырока прадстаўлена калекцыя падводных лодак. Усяго каля ста мадэляў суднаў практычна ўсіх флотаў свету. Памеры мадэляў самыя розныя — ад 35 сантыметраў да метра ў даўжыню.  Каб не толькі паглядзець, але і адчуць сябе мараком-падводнікам, у мабільнай падлодцы ўсталююць крэслы-сімулятары. Рэальнасці дададуць 3D-акуляры і акустыка з імітацыяй гукаў кітоў, касатак і падводных лодак.

Пакуль пляцоўка працуе ў рэжыме вучэбнай верфі, каб завяршыць устаноўку экспанатаў

На борце музея-лабараторыі нават ёсць свая метэастанцыя. Даныя з яе аператыўна перадаюцца на воблачны сервер. Любы школьнік у любым горадзе краіны з дапамогай гэтых параметраў можа складаць свой прагноз надвор'я. Юным метэаролагам трэба сачыць за афішай музея-лабараторыі — у планах правесці конкурс на самую эфектыўную мадэль ветрагенератара.

— Перад праектам стаіць вялікая задача — прыцягнуць дзяцей. Новы праект ствараецца з іх удзелам. Напрыклад, у нас экспануецца тэлекіруемы робат «Гном», — дэманструе распрацоўку нашых школьнікаў Аляксей Азараў. — Палярнікі зацікавіліся робатам і нават узялі яго ў экспедыцыю. «Гном» унікальны, бо здольны працаваць пад вадой на глыбіні да трохсот метраў, здымаць фота і відэа. Ён аснашчаны невялікім маніпулятарам для паднімання з дна патрэбных узораў.

У гэтым жа прычэпе ёсць біялагічная вучэбная лабараторыя — з лічбавымі мікраскопамі і навуковымі прыборамі. Адсюль можна запусціць падводнага робата і весці відэатрансляцыі з дна нашых вадаёмаў на экран. Спецыяльна для гэтага купілі сферычную панарамную камеру. Пры працы са знятымі самастойна 3D-панарамамі дзеці могуць карыстацца акулярамі віртуальнай рэальнасці. Выпрабаваць падводнага відэаробата плануюць на вадаёмах Мінска гэтым летам.

— Хутка пачнём перасяляць жывёл — фільтры і акварыумы гатовыя. У іх будуць жыць каля ста відаў марскіх і прэснаводных насельнікаў. Адным з першых наваселле справіць краб Пятровіч, для якога пабудавалі асобны акварыум. Акуляня Балтыка і васьміног Леа таксама пераедуць, — прыадкрыў заслону таямніцы Аляксей Азараў.

На даху музея ўстаноўлены сонечныя батарэі і ветрагенератар. Яны забяспечваюць музей энергасілкаваннем, таму нават зімой жывым насельнікам будзе тут камфортна.

У мабільнага музея з'явіўся асобны сайт. Зараз напаўняюць блок «Акіяны». Найбольш цікавай абяцае стаць інтэрактыўная карта, якая злучыць у сабе анлайн-камеры, расстаўленыя ў розных кутках зямнога шара, нават пад вадой і ў Антарктыдзе. Таксама на сайце будуць весціся разнастайныя анлайн-трансляцыі. Вопыт ужо ёсць: супрацоўнікі музея далі гледачам магчымасць назіраць за нараджэннем акуляняці Балтыкі.


Партнёрамі праекта выступілі Акадэмія навук, Міністэрства спорту і турызму і ПРААН у нашай краіне. На стварэнне мабільнага музея спатрэбілася каля трох гадоў. Учора, у Міжнародны дзень акіяна, прычэп здзейсніў свой першы тэхнічны выезд на вучэбную пляцоўку з ангара Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі № 407. Да 30 чэрвеня пляцоўка будзе працаваць у рэжыме вучэбнай верфі, каб завяршыць устаноўку экспанатаў. А ўжо 30 чэрвеня музей расчыніць свае дзверы ля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, дзе ў гэты дзень адбудзецца прэм'ера п'есы «Падводнікі». У Дзень Незалежнасці ўсе жадаючыя змогуць наведаць музей на пляцоўцы каля гарналыжнага цэнтра «Сонечная даліна».

Задоўга да адкрыцця ў мабільны музей акіянаграфіі сталі паступаць прапановы, у тым ліку з-за мяжы. Напрыклад, прапанова прыехаць на чэмпіянат свету па футболе ў Расіі ў 2018 годзе. Зразумела, музей будзе здзіўляць і нашых гасцей чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе.

gorbatenko_inna@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter