Таямнiцы старажытнага селiшча...

Як   выспянскiя   хлопцы апярэдзiлi   варагаў   i   першымi схадзiлi   “ў   грэкi”

Як   выспянскiя   хлопцы апярэдзiлi   варагаў   i   першымi схадзiлi   “ў   грэкi”

Востраў Выспянская гара, якi знаходзiцца пасярод возера Сялява ў Крупскiм раёне, часта падносiць сюрпрызы. Каб трапiць на яго, не патрэбны нi човен, нi выдатныя здольнасцi плыўца: пясчаны перашыек памiж азёрамi Сялява i Абiда ў 50-я гады мiнулага стагоддзя быў затоплены пасля будаўнiцтва гiдраэлектрастанцыi на рацэ Югне. З часам узровень вады спаў, i зараз на востраў ходзяць пешшу.

На беразе сярод ракавiнак i жвiру нярэдка знаходзяць кавалкi жужалю – шлаку, якi застаецца пасля выплаўкi жалеза,  i рэшткi старажытнага посуду. 

Асаблiва старанным збiральнiкам можа трапiцца нават наканечнiк стралы. Але самыя каштоўныя знаходкi, якiя дазволiлi ўнесцi гэтае дзiўнае месца ў спiс дзесяцi самых значных археалагiчных аб’ектаў Усходняй Еўропы, былi зроблены доктарам гiстарычных навук, загадчыкам аддзялення археалогii жалезнага веку Iнстытута гiсторыi Акадэмii навук Беларусi Вадзiмам Iосiфавiчам Шадырам i яго асiстэнтамi. За дзевяць гадоў раскопак найбольш вядомымi знаходкамi сталi: скарб срэбных жаночых упрыгожанняў 7—8-га ст. н. э. (упершыню ў Еўропе знайшлi скроневыя кольцы дыяметрам 10 см), рэшткi культавага свяцiлiшча i печ-домнiца як доказ iснавання старажытнага металургiчнага цэнтра. Памочнiкi прафесара – студэнты гiстарычнага факультэта БДУ, мясцовыя краязнаўцы, падлеткi-скаўты з Крупак, Браслава, Барысава,Талачына i нават iх бацькi.

Пра выспянскае лета-2008 з захапленнем расказаў куратар харугвы скаўтаў Малога Палесся Андрэй Аляхновiч:

— Гэта унiкальнае месца! Тут знойдзены прылады працы i артэфакты, якiя па датаваннi ахоплi-ваюць перыяд ад каменнага веку, з 9-га ст. да н. э. (крамянёвыя скрабкi, адшчэпы, рэтушоры, нуклеусы), ажно да 17-га ст. н. э. (рэшткi арбалета, кафля, маенты)! Тут праходзiў славуты шлях «з варагаў у грэкi», якi звязваў Балтыйскае i Чорнае моры, а сама Сялява злучае басейны Заходняй Дзвiны i Дняпра. Сёлета мы знайшлi рэчы часоў позняй Рымскай iмперыi.

Як мяркуе прафесар Вадзiм Шадыра, гэта азначае, што «сабралiся нашы выспянскiя хлапцы, загрузiлi ў чаўны кавалкi попелу-паташу i раней за варагаў паплылi да Чорнага мора. Ва ўкраiнскiх гарадах Феадосii, Херсанесе збылi гэты тавар, а назад прывезлi ўпрыгожваннi, сякеры, зброю...» З такiх рэчаў мы знайшлi пацеркi з напаўкаштоўных камянёў нефрыту, шыферу (камень ружовага колеру). Такi цуд! Яны былi размаляваны белай эмаллю. Па гэтай прыкмеце мы i вызначалi час i месца iх стварэння. Знайшлi i наканечнiкi стрэл вельмi прыгожай завостранай формы, падобныя да елачак, даўжынёй 15—20 см. Яны баявыя, але маглi выкарыстоўвацца i на паляваннi. На адлегласцi 15 метраў ад домнiцы, знойдзенаў у мiнулыя гады, ляжалi формачкi для адлiву жаночых упрыгожанняў. Было i нешта накшталт старажытнай дзiцячай цацкi ў выглядзе выцягнутага касцянога кубiка без вострых вуглоў.

Я пацiкавiлася ў Андрэя Пятровiча: колькi яшчэ гадоў будзе жыць традыцыя разбiваць лагер на Выспе i займацца раскопкамi?

— Тры гады таму мы скончылi даследаваць уласна гарадзiшча i зараз вядзём раскопкi на селiшчы. Культурны слой тут значна меншы: 60 см супраць 1,5—2,5 м на гарадзiшчы, а далей пачынаецца мацярык. Але не менш за восем гадоў мы сюды будзем прыязджаць дакладна.

Больш за дваццаць выхаванцаў Андрэя Пятровiча ўжо вучацца на гiстарычным факультэце. Але часта на востраве можна ўбачыць: вопытны пяцiкласнiк iмкнецца растлумачыць студэнту, як правiльна трэба капаць. Дарэчы, з гэтага года ўдзельнiкi летнiка, апрача класiчнай археалогii, займаюцца эксперыментальнай: лепяць з глiны асаблiвага складу посуд накшталт старажытнага, абпальваюць на вогнiшчы i нават спрабуюць з яго падсiлкавацца. Кажуць, значная частка знаходак, якiя экспануюцца ў музеi Акадэмii навук, — выспянскiя. Падчас экскурсii дзецi нават пазнаюць знойдзеныя iмi рэчы: «Алiна, гэта ж знайшла ты!»

На здымку: скаўты праводзяць раскопкi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter