Стеклянные браслеты и перстень: в Полоцке археологи нашли редкие артефакты XII века

Таямнiцы старажытнага горада

У Полацку падчас будаўнiчых работ на тэрыторыi Верхняга замка археолагi знайшлi старажытныя пахаванні, а таксама фрагменты шкляных бранзалетаў, пярсцёнак i iншыя прадметы XII—XIII стагоддзяў. З лiстапада мiнулага года ў гэтым месцы iдзе маштабная будоўля, у памяшканнях былога бальнiчнага гарадка размесцiцца Полацкае кадэцкае вучылiшча. Карэспандэнт «Р» пагутарыў з археолагамi i больш падрабязна даведаўся пра рэдкiя знаходкi.

Культурны слой цудам захаваўся на глыбiнi прыблiзна паўтара метра.

Карпатлiвая праца

Дацэнт кафедры сацыяльна-гуманiтарных дысцыплiн Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Iгар Магалiнскi ўдакладнiў, што любыя работы на тэрыторыi гiстарычнага цэнтра праходзяць пад абавязковым наглядам археолагаў:

— Падчас земляных работ на месцы будаўнiцтва каманда археолагаў знайшла 9 пахаванняў палачан рознага ўзросту — дарослых i дзяцей. Па ўсiм вiдаць, гэта былi знатныя людзi, важныя для горада. Гэты факт пацвярджаюць знойдзеныя ў некалькiх магiлах шкляныя бранзалеты. Важны храналагiчны маркер — пярсцёнак з меднага сплаву, ён вельмi дакладна датуе час пахаванняў — XII стагоддзе. Рэдка такiя ўпрыгажэннi сустракаюцца ў пахаваннях тых гадоў. Незвычайнае i размяшчэнне могiлак — па-за храмам.

Любыя работы на тэрыторыi гiстарычнага цэнтра праходзяць пад абавязковым наглядам археолагаў.

Хрысцiянскае пахаванне iснавала нядоўга: упускных пахаванняў няма, аднолькавая арыентацыя магiл — заходняя з адхiленнем на поўдзень. Могiлкi, хутчэй за ўсё, царкоўныя. Побач з iмі, за сотню метраў, раней археолагi знайшлi фундамент храма, па ўзросце — равеснiка знойдзеных пахаванняў. Пабудаваны ў другой палове XII стагоддзя з плiнфы, тонкай абпаленай цэглы. Менавiта тады ў Полацку быў бум каменнага будаўнiцтва.

Слова экспертам

Толькi пасля антрапалагiчнай экспертызы аб парэштках можна будзе расказаць больш падрабязна, яны вельмi фрагментаваныя. Магчымасцi сучаснай антрапалагiчнай экспертызы досыць шырокiя: па парэштках установяць пол, узрост i прычыны смерцi знакамiтых палачан.

Археолагi знайшлi артэфакты, калi вымалi магутныя бетонныя фундаменты. 

— Культурны слой цудам захаваўся на глыбiнi прыблiзна паўтара метра, вышэй ён сур’ёзна перамяшаны падчас шматлiкiх будаўнiчых работ, — працягвае Iгар Магалiнскi. — Магiлы лiтаральна прарэзаны камунiкацыямi. Археолагi знайшлi пахаваннi, калi вымалi магутныя бетонныя фундаменты. За савецкiм часам над месцам пахавання стаяў гараж.

А пакуль праца археолагаў на тэрыторыi Верхняга замка працягваецца. Па словах Iгара Магалiнскага, пахаванняў вiдавочна больш, яны сыходзяць пад паўночную сцяну. Знойдзеныя прадметы розных эпох ужо прадстаўляюць велiзарную навуковую каштоўнасць. Дзякуючы iм запоўнiцца яшчэ адна старонка гiсторыi найстаражытнейшага горада Беларусi.

ikras@sb.by

Фота Ільі ШВЯДКО.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter