Поэта Миколу Аврамчика благословили на творчество Купала и Колас

Таямнiцы хлапца з Плёсаў

«За дваццаць кiламетраў ад Бабруйска на шашы на Жлобiн непадалёк ад чыгункi раскiнулiся мае родныя Плёсы».

Мiкола Аўрамчык пабываў на фронце i ў нямецкiм палоне, але не страцiў вясёлага характару.
ФОТО STATIC.BOBR.BY
Так пiсаў пра сваю малую радзiму паэт, якi нарадзiўся сто гадоў таму. I да стагоддзя не дажыў ён усяго тры гады — доўгi пакручасты лёс, чалавек-эпоха… Звалi яго Мiкола Аўрамчык. Давайце ўспомнiм цiкавыя факты пра юбiляра, лаўрэата Лiтаратурнай прэмii iмя Янкi Купалы i заслужанага работнiка культуры БССР.

Вучыўся ў школе, збудаванай нашчадкамi Пушкiна

Мацi Мiколы нанялася за прыслугу да мясцовага пана. А той сябраваў з суседзямi, Варанцовымi-Вельямiнавымi. Жонкай Варанцова-Вельямiнава была ўнучка Аляксандра Пушкiна. Нашчадкi вялiкага паэта былi людзьмi прагрэсiўнымi, пабудавалi для сялянаў школу, бiблiятэку, храм. Менавiта ў той школе i вучыўся Мiкола Аўрамчык, а мацi расказвала яму на памяць казкi Пушкiна. 

Яго верш выконваў са сцэны Якуб Колас

Школьнiк Мiкола Аўрамчык даслаў свае вершы ў кабiнет маладога аўтара саюза пiсьменнiкаў, дзе працаваў Аркадзь Куляшоў. Дзякуючы яму i адбыўся дэбют Аўрамчыка ў часопiсе «Полымя рэвалюцыi» з вершам «Парашутыстка». Ухвалiў Куляшоў i верш «Адлёт журавоў», якi аказаўся ў зборнiку лiтгурткоўцаў мiнскага педiнстытута, куды паступiў Мiкола. У 1939 г. на лiтаратурны вечар у педiнстытут прыйшлi Янка Купала i Якуб Колас. Абодва вычапiлi з агульнага зборнiка верш Аўрамчыка, а Колас нават зачытаў яго са сцэны i пакiнуў запiс: «Верш надзвычай свежы. Па сiле i эмацыянальнасцi я стаўлю яго ў рад такiх вершаў, як лермантаўскi «Парус».

Цiкава, але Аўрамчык лiчыў, што той ягоны верш нiчым асаблiвым не вылучаўся. Пасля вайны ён скарацiў яго на трэць i перапрацаваў паасобныя радкi i строфы. 

Альбом са здымкамi перажыў вайну ў самавары

Пачалася вайна. 

«Чэрвеньскай ноччу 1941 года мы з Мiколам Сурначовым пакiдалi Мiнск. Ледзьве здолелi перабегчы Савецкую вулiцу, якая ў цэнтры горада нагадвала глыбокую вогненную раку. З трэскам гарэлi з сярэдзiны трох- i чатырохпавярховыя камянiцы, нiбы драўляныя домiкi». 

Паэты кiравалiся ў Пухавiчы, у ваенкамат. Па дарозе заначавалi ў вёсцы Маторава. 

Назаўтра ранiцой Мiкола вырашыў пакiнуць у гаспадынi частку рэчаў. Сярод тых рэчаў быў альбом з фотаздымкамi. Пасля вайны Аўрамчык з тугой успамiнаў той альбом, асаблiва калi гаворка зайшла пра падрыхтоўку кнiгi, прысвечанай лiтаратарам-франтавiкам. Вырашыў паспрабаваць наведаць гаспадыню: раптам нешта засталося? I на яго здзiўленне, альбом знайшоўся: гаспадыня закапала яго ў самавары на гародзе. 

ФОТО WIKI.BOBR.BY

Як ваеннапалонны працаваў на шахтах

У Маскве фармiравалi дывiзiёны «кацюш», куды адбiралi камсамольцаў i студэнтаў апошнiх курсаў. Мiкола падыходзiў па ўсiх параметрах. 2-й ударнай армiяй камандаваў сумна вядомы камандарм Уласаў. А вось палiтруком з’яўляўся вядомы татарскi паэт Муса Джалiль. Пасля было акружэнне i палон. З першага перасыльнага лагера Мiкола ўцёк, калi вывелi на поле збiраць капусту. Але — дагналi. Завезлi на каменнавугольныя шахты ў Руры. Людзi памiралi там дзясяткамi… Пра гэта Аўрамчык напiша раман «У падзямеллi». Паэт захварэў. Калi адпраўлялi са шпiталя назад у шахты, у вагон зазiрнуў немец, пачаў пытацца, у каго якая прафесiя. Паэт адказаў: «Баўэр», гэта значыць селянiн. Немец выцягнуў яго з вагона — высветлiлася, патрэбны быў батрак на ферму. Так удалося выжыць. Аўрамчыка вызвалiлi англiчане, i ён вярнуўся ў Чырвоную Армiю. А пасля перамогi выратаваў загад Сталiна — спатрэбiлiся настаўнiкi. Неверагодна, але ўсе гэтыя гады Мiкола Аўрамчык захоўваў пры сабе залiкоўку i студэнцкi бiлет. 

Быў майстрам розыгрышаў 

Нягледзячы на перажытае, Аўрамчык захоўваў вясёлы характар. Быў майстрам розыгрышаў. Так, аднойчы пазванiў Рыгору Барадулiну, прадставiўся капiтанам Перапялiцыным з ваенкамата i загадаў збiрацца на вайсковыя зборы. А аднойчы Аўрамчык, Уладзiмiр Карпаў, Адам Русак i рускi паэт Дзмiтрый Кавалёў сачынiлi паэму «Страшная месць» на падставе мiнскай легенды пра асенiзатара, якi залiў кватэру нявернай каханай вядома чым. 

Спрачаўся за аўтарства ананiмнай паэмы

У тыя часы, калi савецкiя таксiсты падпольна гандлявалi па начах гарэлкай, можна было ў iх набыць яшчэ адзiн тавар: рукапiс ананiмнай сатырычнай паэмы «Сказ пра Лысую гару». У ёй вельмi з’едлiва апiсвалiся норавы беларускай лiтаратарскай тусоўкi, занятай не творчасцю, а дзялёжкай зямельных участкаў. Спрачалiся, хто напiсаў. У часопiсе «Крынiца» нават з’явiлася фота аўтара Ведзьмака Лысагорскага, сфатаграфаванага са спiны. Праз нейкi час прагучала iмя: Мiкола Аўрамчык. Але атрымалася няёмкая сiтуацыя: аб сваiм аўтарстве заявiў народны паэт Беларусi Нiл Гiлевiч. Аўрамчык настойваў, што пiсалi разам, Гiлевiч казаў, што Аўрамчык толькi падкiдваў тэмы. 

У 79 год вярнуўся да першага кахання

Калi Мiколу Аўрамчыку было 79, ён знайшоў сваё першае каханне, жанчыну па iменi Ганна Сямёнаўна. У студэнцкiм юнацтве яна не дачакалася яго, выйшла замуж за iншага. Цяпер ёй было ўжо 77. Абодва доўга жылi ў шлюбах, выхавалi па трое дзяцей, абодва аўдавелi. Паэт жартаваў:

— Калi зноў сустрэў Анюту, абсалютна не думаў, хто што казаць будзе! Шапталiся, вядома ж, розныя там суседкi-сяброўкi… Сястра казала, людзi гавораць, што Аўрамчык з глузду з’ехаў… А я лiчу: што я думаю — тое i думаю, што мне да iншых?! 

Ганна Сямёнаўна i Мiкола Якаўлевiч пражылi ­разам яшчэ амаль дваццаць гадоў. 

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter