Кого гродненцы почитают как покровителя города

Таямніцы Брыгіцкага касцёла

Якую спадчыну захоўвае храм, узрост якога амаль чатыры стагоддзі? Што натхніла яго настаяцеля стварыць не маючы аналагаў музей? Гэта высвятляла карэспандэнт “НГ”.

Толькі некалькі крокаў дастаткова зрабіць з вузенькай вулачкі Карла Маркса да дзвярэй у высокай сцяне манастырскага комплексу, над якімі ўзвышаецца каменная фігура Маці Божай з анёламі, каб аказацца ў касцёле Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі, вядомым таксама пад назвай Брыгіцкі. Цвёрдыя векавыя сцены не прапускаюць шум і мітусню горада, таму складваецца ўражанне, нібы трапіў на астравок своеасаблівай цішыні. Нездарма гэты крок да храма робяць не толькі католікі, але і вернікі іншых канфесій.

У храме мяне сустракае настаяцель ксёндз Антоній Грэмза. Найперш цікаўлюся, чаму ў касцёле імша вядзецца на пяці мовах, а на духоўныя курсы запрашаюцца людзі розных веравызнанняў?

— Мы жывём у той час, калі духоўныя каштоўнасці ў людзей замяняюць іншыя, таму касцёл клапоціцца аб тым, каб гэтага не здарылася. Дзверы храма адчынены для ўсіх, каб прыйсці сюды, неабавязкова мяняць сваё веравызнанне, галоўнае — заставацца сабою, — тлумачыць настаяцель.

Храм гэты адметны і тым, што тут створаны не маючы аналагаў музей. Але, перш чым убачыць яго рарытэты, варта прыгадаць гісторыю. 

Шэсць манашак ордэна Святой Брыгіты прыбылі ў Гродна з Любліна ў 1635 годзе. Магнацкая сям’я Весялоўскіх — маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштаф і яго жонка Аляксандра сталі фундатарамі манастыра і касцёла. І ўжо ў 1651 годзе каменны храм быў пабудаваны і асвечаны. Яго ўнутранае ўбранне славілася прыгажосцю. Тут знаходзілася 7 разьбяных алтароў са скульптурамі, а таксама больш за 40 пісаных абразоў. Галоўнай святыняй былі мошчы святога Клімента, былога рымскага салдата, які прыняў пакутніцкую смерць за хрысціянскую веру. Падчас яго службы ў войску праводзілі “чысткі”, каб пазбавіцца ад хрысціян, лічылася, што яны наклікаюць няўдачу ў бітвах з варварамі, паколькі не прыносяць ахвяры рымскім багам. Астанкі пакаранага смерцю Клімента былі пахаваныя ў катакомбах. У старажытнай Царкве ён ушаноўваўся як адзін з найбольш значных хрысціянскіх святых.

Менавіта Святога Клімента па блаславенні Панціфіка Кліменція XIII з XVII стагоддзя ўшаноўваюць як апекуна Гродна. Рэліквію прывёз з Рыма і перадаў манашкам гродзенскі стараста Караль Літавар Храптовіч.

Увесь манастырскі комплекс, адзін з самых прыгожых і таямнічых архітэктурных ансамбляў старажытнага Гродна, займаў падчас свайго росквіту цэлы гарадскі квартал. Ён уключаў у сябе, акрамя касцёла, жылы корпус, каменную сцяну з вежамі і лямус — двухпавярховы драўляны будынак , пабудаваны без цвікоў. Ордэн брыгітак праіснаваў у Гродне да 1908 года, калі памерла апошняя манашка. У тым жа годзе комплекс быў перададзены сёстрам-назарэцянкам.

Мноства выпрабаванняў за сваю гісторыю зведаў храм, якому належыць асаблівая роля i ў гісторыі беларускага дойлідства. У пачатку 1950-х гадоў касцёл зачынілі і выкарыстоўвалі як аптэчны склад, а на тэрыторыі манастыра размяшчалася доўгі час псіхіятрычная бальніца. Дарэчы, нават вуліца Брыгіцкая была перайменавана ў савецкі час у вуліцу Карла Маркса.

У пачатку 1990-х гадоў ад велічнага храма заставаліся толькі ўспаміны і руіны, а новаму пакаленню гродзенцаў нічога не гаварыла нават яго назва. Католікам святыню вярнулі ў 1990 годзе, тут адбылося першае набажэнства, пасля якога пачалася рэстаўрацыя велічнага храма. Праз два гады касцёл быў адноўлены пад гістарычным тытулам, манастырскія карпусы таксама цалкам вярнулі курыі, зноў афіцыйна зарэгістравалі ў Гродне супольнасць Сёстраў найсвяцейшай Сям’і з Назарэту — першую адроджаную законную супольнасць у Беларусі. 

З намоленага храма ксёндз Антоній запрашае спусціцца ў памяшканне, якое яшчэ лічаныя гады таму адпавядала сваёй назве — падвал. Зараз гэта своеасаблівы музей, які ўражвае кожнага, хто сюды трапляе. Запальвае святло, і перад тварам найперш паўстаюць велічныя старажытныя абразы XVII—XVIII cтагоддзяў. У памяшканні музея сабраны рэчы сясцёр, прадметы іх побыту, духоўныя кнігі. Сярод экспанатаў — рэдкія архіўныя фотаздымкі. На іх адлюстравана велічнасць храма, якую ў поўнай меры, на жаль, ужо не магчыма вярнуць. На адным — унікальны арган, лёс якога ў наш час не вядомы.

— Многія гэтыя бясцэнныя рэчы былі завалены смеццем у падвале і ляжалі доўгі час, пакуль храму не вярнулі яго прызначэнне. У музеі зараз каля 200 экспанатаў, большасць з іх цудам захавалася дзякуючы сёстрам-назарэцянкам, апошнім насельніцам манастыра. Калі ў савецкія гады Брыгіцкі касцёл зачынялі, яны паспелі многія каштоўныя рэчы перавезці ў Бернардынскі. Назад усё вярнулася толькі ў 1990-х гадах. Мы маем некалькі дзясяткаў карцін-ікон, якія рэстаўруюцца дагэтуль. Пасля аднаўлення некаторыя з іх вывешваем у храме, — распавядае настаяцель Антоній Грэмза.


З вяртаннем былога статуса касцёлу ў Гродна вярнуліся і мошчы нябеснага заступніка — святога Клімента. Сярод святынь касцёла, якія асабліва шануюцца, — фігурка Маці Божай Фацімскай, вобраз Маці Божай Месінскай.

А партрэты фундатараў манастырскага комплексу маршалка Вялікага Княства Літоўскага Крыштафа Весялоўскага і яго жонкі Аляксандры, якія, дарэчы, цудам захаваліся ў сутарэннях касцёла, упрыгожваюць экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, як і фрагменты ўнікальнага разьбянога алтара.

Авеяны подыхам часу, манастырскі комплекс у цэнтры Гродна працягвае сваё аднаўленне. У цэнтры ўвагі зараз — лямус, які раней выконваў функцыю гаспадарчай пабудовы, а з цягам часу ўвайшоў у гісторыю як самая старая драўляная пабудова ў Беларусі, выкананая без адзінага цвіка. Нядаўна тут завяршыўся трэці этап рэстаўрацыі, якая вядзецца згодна з пагадненнямі беларуска-польскай кансультацыйнай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пад кантролем Міністэрства культуры Беларусі. Неўзабаве тут таксама будзе адчынены ўнікальны музей, які папоўніць скарбонку адметных турыстычных аб’ектаў старажытнага Гродна.

semenova_gr@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter