Упрыгожваем пісанкі старадаўнім спосабам

Таямніца пераўвасаблення

Велікоднымі яйкамі, “апранутымі” ў стракатыя тэрмаплёнкі, сёння нікога не здзівіш. Мы падкажам, як арыгінальна згодна з традыцыямі упрыгожыць сімвал вясновага свята. Нашы продкі фарбавалі яйкі яшчэ ў дахрысціянскі перыяд. Таямнічы рытуал быў звязаны з Днём вясновага раўнадзенства — абуджэннем прыроды ад зімовай спячкі. Каляровыя яйкі выкарыстоўваліся ў разнастайных абрадах. З імі гаспадыні выганялі першы раз на поле кароў і авечак, каб зберагчы жывёл ад злых чар і сурокаў. Закопвалі яйкі ў зямлю — на добры і багаты ўраджай. З прыняццем хрысціянства яйка стала неад’емным атрыбутам велікодных дзён.


Гармонія колераў і ліній

— Пісанка — не проста прыгожы сімвал свята, — інтрыгуе навуковы супрацоўнік Музея беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах Таццяна Андрыевіч. — Гэта абярэг, што ахоўвае сям’ю ад ліха і гора. Пісанка здаўна прызначаецца для дарэння. Нашы продкі пакідалі яе ў доме на самым ганаровым месцы — у чырвоным куце, каля абраза.

Прыгожыя велікодныя пісанкі, зробленыя з любоўю, выклікаюць не толькі захапленне, але і душэўную цеплыню. Ва ўзорах, нанесеных на шкарлупіну, няма нічога выпадковага. Часцей за ўсё на пісанках сустракаюцца сімвалы жыцця: сонца — кола ці шматпрамянёвая зорка, вада — хвалістыя лініі, зямля — ромбікі. Галаве сямейства звычайна дарылі яйка, упрыгожанае дубовымі лістамі, — сімвал мужчынскай сілы. Моладзь абменьвалася пісанкамі з галубкамі — у знак любові, вернасці і згоды. Лічылася, што ад хвароб аберагае намаляваная выява рыбы.

— Аснова пісанкі — сырое, “жывое” яйка, — кажа Таццяна. — Нашы продкі адказна падыходзілі да справы і бралі яйкі толькі ад маладых курак, у час, калі месяц пачынаў расці. Вядома, сёння ўсе ўмоўнасці не выконваюцца. Таму, калі ў краме будзеце выбіраць яйкі для дэкаравання, аддавайце перавагу невялікім памерам і беламу колеру.

Матэрыялы для стварэння фантастычных узораў, хітраспляценняў ліній, адметных арнаментаў простыя: воск, фарбы і спецыяльнае пісальца. Апошнім інструментам можа быць драўляная палачка, да якой замацоўваецца маленькі цвік, іголка, скручаная ў трубачку фольга ці наканечнік ад шарыкавага стрыжня.

— Пасхальны роспіс — старажытная таямніца, а не набор механічных рухаў, — запэўнівае Таццяна Андрыевіч. — Ствараць прыгажосць трэба толькі ў добрым настроі, з адкрытым сэрцам і светлымі думкамі. У адваротным выпадку шкарлупіна можа трэснуць, пісальца саслізнуць, увогуле праца не заладзіцца.

Асвоіць дзівосную і самабытную традыцыю можна за адзін дзень, было б жаданне, падкрэслівае майстар:

— Роспіс велікодных яек — карпатлівая праца. Не ўсе хочуць марнаваць на гэта час і сілы. У выніку за дзень да свята народ скупляе ў крамах каля дома плёнкі з кветкамі і абліччамі святых. Апусціў у кіпень — плёнка ў момант наглуха прыляпілася і стварыла эфект малюнка. Вядома, так прасцей. Але ўвесь таямнічы сэнс знікае. Нам трэба захоўваць і берагчы свае традыцыі.

Драпаем, малюем, крапаем...

Спосабаў дэкарыравання велікодных яек шмат. Самы вядомы і распаўсюджаны — крашанка. Яе адметнасць — поўная адсутнасць якіх-небудзь узораў і роўны аднастайны колер. Здагадаліся, які? Успомніце біблейскае паданне, дзе Марыя Магдалена падарыла імператару Тыберыю яйка са словамі: “Хрыстос Уваскрос!”. Рымскі ўладыка засумняваўся ў яе словах, заўважыўшы, што ўваскрашэнне з мёртвых немагчыма, як і тое, што белае яйка можа змяніць колер. Не паспеў ён дагаварыць, як яйка ў імгненне вока стала чырвоным. Палымяны колер сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, адраджэнне, кроў Хрыста. 

Адвар для крашанак рыхтуецца загадзя. Шалупіны цыбулі запарваюць у вадзе, даюць настаяцца сумесі прыкладна суткі. Ёсць і свае хітрыкі. Перад тым як пакласці яйка ў адвар, яго трэба крыху падсаліць, каб шкарлупіна не трэснула. Чым даўжэй варыць, тым больш моцны і насычаны колер атрымаецца.

Смела выкарыстоўвайце дары прыроды. Адвар з гародніны і ягад, кары дрэў, траў і галінак дае незвычайныя адценні. Напрыклад, ружовы колер атрымаецца ад брусніц, журавін, зялёны — ад лісточкаў крапівы, шпінату.

Калі пісанка — абярэг, крашанка — рытуальная ежа. У суботу, напярэдадні Вялікадня, пафарбаваныя яйкі разам з кулічамі, каўбасамі, соллю прыносілі ў храм на асвячэнне. На наступны дзень, сабраўшыся за святочным сталом, гаспадар чысціў яйка, разразаў яго на часткі і дзяліўся з блізкімі.

Нашы продкі выкарыстоўвалі крашанкі і для вясёлых забаў. Напрыклад біткоў. Стукаліся яйкамі і правяралі, чыё мацнейшае. На кірмашах нярэдка ставілі спецыяльны атракцыён, які складаўся з некалькіх жолабаў. Па іх запускалі яйкі. Зляціць з горкі найхутчэй і не зачэпіць “суперніка” — ты ў пераможцах! Ды і той, хто прайграваў, не засмучаўся, а ахвотна з’ядаў разбітыя “снарады”.

Не менш арыгінальная тэхналогія ўпрыгожвання велікоднага сімвала — шкрабанка, ці скрабанка. Бярэцца яйка, пафарбаванае ў аднастайны колер, і на ім выдзіраецца малюнак. Галоўнае — умела і асцярожна абыходзіцца з вострымі прадметамі: шылам, іголкай, нажніцамі.

Яшчэ адзін від роспісу велікоднага сімвала — крапанка. Да пафарбаванага яйка падносім запаленую свечку і акуратна капаем на яго воскам. Чакаем, пакуль кропелькі застынуць, апускаем яйка ў іншую фарбу. Акуратна аддзіраем кропачкі воску — плямістая крапанка гатова. Падбірайце колеры, якія дапаўняюць адзін аднаго, напрыклад, жоўты, руды, чырвоны або блакітны, сіні, фіялетавы.

Добра малюеце? Здзівіць родных і сяброў можна і маляванкай. Дзеля гэтага спатрэбяцца фарбы (падыдуць тыя, што для батыку, або гуаш ці акрыл) і пэндзлік. Рапраўляйце крылы фантазіі і стварайце прыгажосць!

МАЙЦЕ НА ЎВАЗЕ

• У Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах праходзяць майстар-класы па роспісу велікодных яек. За некалькі гадзін дзяцей і дарослых навучаць таямнічаму майстэрству. Сваю адметную пісанку можна забраць дадому.

• Пазнаёміцца з галерэяй яскравых самабытных велікодных вырабаў можна на старонках кнігі мастацтвазнаўцы Валянціны Пісарэнка “Пісанкі. Ілюстраваны майстар-клас” (выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”).

МАЙСТАР-КЛАС

Ствараем пісанку

Вам спатрэбяцца: яйкі, пакецікі фарбаў, пісальца, воцат, воск, свечка.


Фота аўтара

Ватай, прамочанай воцатам, старанна абціраем яйка, каб на пісанцы не з’явіліся плямы ці разводы. Награваем і растопліваем воск. Каб ён не згусцеў, раім паставіць місачку на электраплітку альбо на аромалямпу з запаленай унізе свечкай.

Разбаўляем фарбы. Каляровыя парашкі (добра возьмуцца фарбавальнікі для воўны) заліваем кіпенем. На 250 мл вады бяром 1/3 частку сумесі, дадаём туды сталовую лыжку воцату, размешваем. Трэба, каб сумесь некалькі хвілін настаялася.

Пасля гэтага апускаем пісальца, як пэндзлік, у гарачы воск і наносім на шкарлупіну ўпадабаныя ўзоры: першымі тыя, якія вы хочаце бачыць у белым колеры.


Апускаем яйка ў слоік з жоўтай фарбай на 5—10 хвілін. Там, дзе павінен захавацца гэты колер, зноў наносім воск. Паўтараем аперацыю ў залежнасці ад таго, колькі колераў хочам бачыць на сваёй пісанцы (у класічным варыянце пасля жоўтага выкарыстоўваюцца чырвоны і чорны колеры).


Фінальны акорд — на некалькі хвілін падносім яйка да агеньчыка свечкі альбо ставім яго ў цёплую духоўку, печ. Воск плавіцца і сцякае. Акуратна выціраем яго мяккай анучай. Хвілінка — і перад вачыма з’яўляюцца фантастычныя, казачныя ўзоры!



infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter