Сёлета адзначаецца 250-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага

Таямніцы сямейных камянёў

Чый ён, аўтар сусветна вядомага паланэза
ДЗЯРЖАЎНЫ дзеяч і мемуарыст, дыпламат і кампазітар, набліжаны да ўлады і змагар, улюбёнец лёсу і выгнаннік. Але перад усім аўтар знакамітага «Развітання з Радзімай». Можна нават не называць прозвішча, бо больш-менш адукаваны чалавек яго ведае. Цяперашні год, калі адзначаецца двухсотпяцідзесяцігоддзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага,  аб’яўлены UNESCO годам гэтай слыннай асобы. 

Узноўлены помнік у Аборку
Узноўлены помнік у Аборку

ДОЎГІ час «Развітанне з Радзімай» лічылі творам польскага кампазітара. Менавіта так яго аб’явілі на Усесаюзным радыё ў 1959 годзе, калі ля мінор упершыню прагучаў у эфіры. Дарэчы, пасля некаторага перыяду халодных адносін СССР і Польшчы гэта быў знак збліжэння дзвюх дзяржаў. Партыйныя куратары культуры зрабілі вельмі вывераны крок: нішто так не збліжае, як музыка.

Значна пазней мы, беларусы, задумаліся, што аўтар і яго неўміручы музычны шэдэўр могуць належаць і нашай культуры, як-ніяк карані роду Агінскіх на Беларусі. Некалі нашчадкі князёў мелі самае што ні на ёсць простае беларускае прозвішча Глушонак. Запісалі кампазітара ў свае славутасці і літоўцы. Расіяне таксама могуць лічыць сваім, бо сенатар Агінскі спрычыніўся да палітычнай дзейнасці менавіта ў Расійскай імперыі. На самай справе яго багатая культурная і духоўная спадчына належыць усім. Варта толькі не пераставаць адшукваць яе, папулярызаваць, таму што за смугой двух стагоддзяў застаецца яшчэ шмат таямніц. Такую мэту ставіць і дабрачынны фонд «Спадчына М. К. Агінскага», заснавальнікі якога — дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сарока і першы віцэ-старшыня Мінскага ста- лічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Уладзімір Сівуха. Папярэднічаў яму фонд «Паўночныя Афіны», узгадвае Рыгор Сямёнавіч:

— Некалі стаяў занядбаны палац у Залессі. Разам з уладай Смаргонскага раёна, Залескім музеем-сядзібай, пры падтрымцы старшыні аднаго з прадпрымальніцкіх саюзаў Уладзіміра Карагіна мы ўтварылі дабрачынны фонд, узбудзілі інтарэс да гэтай мясціны. Неўзабаве грошы выдзеліў урад, атрымалі еўрапейскі грант, і сёння ёсць куды прыехаць, зараз папаўняецца музейная экспазіцыя. Вядома, яшчэ шмат трэба прыкласці намаганняў, каб Залессе адпавядала тагачаснай назве — Паўночныя Афіны, якія ў ХIХ стагоддзі сталі цэнтрам прыцяжэння еўрапейскага бамонду, як бы мы сказалі зараз, асяродкам гасціннасці яе гаспадароў, месцам правядзення знакамітых літаратурна-музычных вечароў. Цяпер музейныя работнікі да гэтага імкнуцца. Мы вырашылі, што зоймемся канкрэтна Маладзечна.

— Рыгор Сямёнавіч, але ж на Маладзечаншчыне так мала засталося матэрыяльных слядоў роду Агінскіх. Чым абудзіць цікаўнасць?

— Сляды маюцца ў многіх кутках Беларусі, у тым ліку і ў нас. Проста людзі не ведаюць гэтага. Да прыкладу, у вёсцы Аборак Палачанскага сельсавета нарадзіўся сакратар Міхала Клеафаса Леанард Ходзька. Напрыканцы XVIII стагоддзя тут знаходзіўся цэнтр вялікага маёнтка, што належаў роду Агінскіх. Вядомы на ўсю акругу тамтэйшы касцёл Святога Роха адбудаваў дзядзька кампазітара Францішак Ксаверый. Вось у яго ў 1793 годзе і набыў маёнтак Казімір Дэдэрка, дзед Леанарда Ходзькі. Мы ўстанавілі мясціну, дзе стаяў яго дом, наводзім парадак у закінутым сямейным склепе. Рэшткі зруйнаванага вялі- кага помніка, які ўказваў, чыё тут пахаванне, засталіся. Вялікі куб з натуральнага каменя валяўся ў адным баку, калона — у другім. Мы ўсё ўстанавілі. Вырабілі пастамент для крыжа. Зараз аднаўляем уязную браму. Там жа ляжаць рэшткі ад агароджы, якім па паўтысячы гадоў. Відаць, сапраўды прыйшоў час збіраць камяні. Ці ж не цікава нашчадкам даведацца, хто жыў тут да нас? Праводзім работы па частковай рэстаўрацыі сядзібы. На месцы, дзе стаяў дом, установім гранітную пліту. На ёй занатуем прозвішчы ўсіх, хто нам дапамагаў. Напрыканцы чэрвеня запросім мясцовую моладзь, усіх, хто прымаў удзел у рабоце, і скажам: вось мы зрабілі што маглі, каб тут не было сметніцы, а потым вам працягваць справу адраджэння нашай агульнай спадчыны.

Міхал Клеафас АГІНСКІ
Міхал Клеафас АГІНСКІ

— Род Дэдэркаў, як і Ходзькаў, не вызначаўся знатнасцю і багаццем. Аднак іх дынастыі далі свету шмат адукаваных і знакамітых асоб, — расказаў сябар фонду краязнаўца Валерый Бурэнь. — І менавіта нашчадкам роду Дэдэркаў па жаночай лініі (ці, як казалі нашы продкі, «па кудзелі») быў асабісты сакратар і памочнік Міхала Клеафаса Агінскага.

А вось па бацькоўскай лініі («па мячы») пытанняў пра сям’ю Леанарда Ходзькі вельмі многа. Напрыклад, чаму яго бацька Людвіг, удзельнік паўстання Касцюшкі, маршалак шляхты Завілейскага павета, не жыў разам з жонкай і дзецьмі ў Аборку?

Леанард большую частку жыцця правёў у Францыі, там знаўся з Вікторам Гюго. Я знайшоў ліст французскага пісьменніка да нашага земляка. Менавіта як гісторык, архівіст, даследчык Леанард Ходзька  ўпершыню ўстанавіў, што Мікалай Капернік — гэта польскі вучоны, а калісьці лічыўся нямецкім. Быў знаёмы з Жорж Санд, якая перакладала яго творы. Пры дапамозе французскага пасольства знайшлі яго магілу ў горадзе Пуацье. Трэба ехаць і завезці туды жменьку зямлі з роднага Аборка. Жонка яго з роду Малішэўскіх. Цікава было б даведацца, дзе пахавана і яна. У Агінскіх служыў урач з такім прозвішчам, іншыя работнікі. Магчыма, з тых самых Малішэўскіх. 

У Парыжы ён атабарыўся толькі ў 1826 годзе, а да гэтага тры гады працаваў у маёнтку Залессе, потым суправаджаў свайго патрона ў эміграцыі. Кампазітар з’ехаў у 1822-м, узяўшы з сабой і дваццацідвухгадовага сакратара, якога шмат чаму навучыў, крытыкаваў за неаб’ектыўнасць, патрабаваў занатоўваць факты без усялякіх эмоцый. «Гісторык нават у меркаваннях аб гнюсным рабаўніцтве павінен захоўваць спакой», — пісаў пазней Агінскі свайму вучню. Ходзька капіраваў усе артыкулы і нататкі, якія друкавалі польскія эмігранты і французы аб іх, збіраў архіў. Сабраць 125 тамоў дакументаў па гісторыі Рэчы Паспалітай, капіруючы матэрыялы, якія нельга было атрымаць у арыгінале, сістэматызаваць іх – і ў наш час няпростая задача. А ў XIX стагоддзі кожную літару трэба было напісаць пяром, ды акуратна — каб патомкі маглі прачытаць. І гэта толькі матэрыялы па гісторыі! А яшчэ ж была геаграфія, статыстыка і іншае. Менавіта архіў Леанарда Ходзькі стаў ядром музея польскага ў швейцарскім Раперсвілі. Ён выдаў мемуары Агінскага ў чатырох тамах, якія яшчэ не перакладзены, біяграфію Касцюшкі, гісторыю польскіх легіёнаў войска Напалеона. І шмат іншага. 

Рыгор САРОКА
Рыгор САРОКА

Не менш таямніц, чым Аборак, захоўвае і старажытны будынак на тэрыторыі Маладзечанскага станкабудаўнічага завода. Побач некалі стаяў і манастыр трынітарыяў, які пабудаваў дзед Агінскага Тадэуш. Пасля будаўніцтва неўзабаве памерла яго жонка Ізабэла з роду Радзівілаў, яе пахавалі ці каля сцен манастыра, ці ў падзямеллі, дзе ляжалі манахі. А можа, і зараз засталіся якія-небудзь астанкі?

На месцы касцёла цяпер ліцейны цэх. Дык вось пад ім захавалася крыпта. Краязнаўцы спрабавалі спусціцца ў падзямелле, аднак прайшоўшы некалькі метраў, наткнуліся на муроўку з аднаго і другога боку. Жанчына, якая некалі працавала на станказаводзе, расказала пра нішы, устаўленыя трунамі. Магчыма, дагэтуль там ляжаць манахі, а можа, і бабуля Агінскага. 

Наогул, для Маладзечна той будынак — своеасаблівы дзядзінец. Адтуль пачыналася асветніцтва краю – у розныя часы размяшчаліся розныя навучальныя ўстановы. А першую адкрыў дзядзька кампазітара Францішак Ксаверый, перавёўшы сюды Бабруйскае шляхецкае вучылішча.

Па дарозе на Вілейку, як толькі пераедзеш мост праз Ушу, з правага боку відаць валы старажытнага замчышча. Гэта тое, што засталося ад маладзечанскай рэзідэнцыі Агінскіх. 120 гадоў яны валодалі гэтымі мясцінамі. Мястэчка, якое было падзелена на часткі паміж рознымі гаспадарамі, сабраў, скупіў менавіта дзед аўтара паланэза «Развітанне з Радзі- май». Чым паспрыяў росквіту паселішча, бо раздробленыя гаспадаркі не змаглі б развівацца на поўную сілу. 

Цікавае супадзенне ці нават знак, пакінуты нашчадкам з мінулага, знайшлі краязнаўцы ў Геленове. Цяпер гэта мікрараён Маладзечна, а калісьці — таксама радавы маёнтак. Ужо за польскім часам там стаяла капліца-арка на ўсю цяперашнюю вуліцу Машэрава. Статуі рыцараў з алебардамі і  па баках скульптуры львоў нібы абаранялі спакой навокал. У 1960 годзе арку знеслі, куды падзеліся стражнікі-рыцары, невядома, а львоў перавезлі ў вёску Гарадзілава, дзе яны стаяць каля парку і дагэтуль. Надзіва ў літоўскім Рытавусе, дзе жыў сын Агінскага ад другога шлюбу Ірэніуш, таксама ўваход у парк дагэтуль упрыгожваюць львы. Такі вось магічны знак, указваючы на повязь гэтых дзвюх мясцін, дзе жылі прадстаўнікі легендарнага роду. 

Нядаўна ў Літве з канцэртам пабывалі выкладчыкі і студэнты Маладзечанскага музычнага каледжа. Наогул, у беларусаў даўнія сяброўскія стасункі з Рытавусам, дзе створаны музей Агінскага. Там цяпер ладзяцца культурніцкія імпрэзы, прысвечаныя юбілею кампазітара. Сваю праграму падрыхтаваў і сімфанічны аркестр каледжа, якім кіруе Рыгор Сарока:

— Выканалі некалькі яго паланэзаў, арыі з оперы Алега Залетнева «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт». Падарылі музею яе партытуру. У верасні паедзем у Гузав, дзе нарадзіўся Агінскі, а 25 верасня зноў паставім оперу ў Маладзечне. Магчыма, удасца паказаць нашу пастаноўку ў Музычным тэатры сталіцы.

Наогул, тое, што зрабіў для ўшанавання памяці Агінскага Рыгор Сямёнавіч Сарока, — вялікі падзвіжніцкі шлях. Па-першае, помнік каля вучылішча, якое носіць імя кампазітара, за што дырэктара калісьці нават папракалі, маўляў, чаму ў гонар паляка назваў установу. Затым дабрачынны фонд, пастаноўка оперы ды і сама ідэя яе стварэння нарадзіліся дзякуючы яго арганізатарскім здольнасцям і створанаму ім жа маладзёжнаму музычнаму тэатру. Ён нездарма носіць званне народны — як-ніяк навучэнцы данеслі да мала- дзечанцаў опернае мастацтва. Некалі на Беларусі існавалі 22 тэатры, дзе ставіліся оперы, зараз можна казаць, што ў Маладзечне пачалі адраджаць тыя культур- ніцкія традыцыі.

Памятная дошка ў Фларэнцыі таксама з’явілася пры актыўным і нават авантурным удзеле Сарокі. Яшчэ ў 1993 годзе ўзнікла ідэя ўсталяваць дошку на доме ў Фларэнцыі, дзе правёў апошнія гады жыцця наш зямляк, успамінае Рыгор Сямёнавіч:

— Я падхапіў задуму. Знайшлі сродкі. Мастацкі савет гэтага сапраўднага горада-музея станоўча ацаніў работу скульптара Валерыя Янушкевіча, бо ў культурнай сталіцы Еўропы, дзе кожная цагліна — рарытэт, патрабаванні да такога роду твораў, самі разумееце, высокія. І вось адлілі дошку, збіраліся яе ўжо везці ў Італію, аднак няма запрашэння. 

Наадварот, адтуль прыйшло паведамленне, што не маецца дакладнай інфармацыі, у якім менавіта доме памёр князь Агінскі, каму ён належыць і ці дасць гаспадар дазвол на ўстаноўку мемарыяльнага знака. У нас жа ніхто не ведаў дакладна адрасу — ні музыказнаўцы, ні гісторыкі. І вось у архіве старажытных актаў знайшлі пісьмы да былога сенатара, якія дасылалі яму з Масквы,  з адрасам: Фларэнцыя, п`я Санта-Марыя-Навэла, каса (дом) Марыоні. Знайшлося ў Італіі і пасведчанне аб смерці. 

— Падштурхнуў італьянскі бок запрасіць нас да сябе авантурны крок з майго боку, — працягвае маэстра. — Я вырашыў, што калі не наканавана знаку вісець у горадзе вялікіх мастакоў і паэтаў, раз нас туды не запрашаюць, то няхай копія яго будзе на будынку нашага вучылішча. А на ёй жа было пазначана, што такая ж ужо вісіць у Фларэнцыі. Так супала, што на наступны дзень у італьянскай амбасадзе ў Мінску адкрывалі таксама дошку-двайнік Скарыне, арыгінал якой устаноўлены на сцяне Падуанскага ўніверсітэта. Аб гэтым і аб нашай падзеі паведамілі ў адным выпуску тэленавін, і пасол Джанлука Бертынета, убачыўшы такую ініцыятыву маладзечанцаў (мы і яму дасылалі запрашэнне), дапамог з запрашэннем у Італію. Аднак і там нас чакалі складанасці: не было дакументальнага пацвярджэння, што апошні прытулак князь меў менавіта ў тым доме. Па загадзе мэра  Фларэнцыі знайшлі ў кнізе запісаў, што 15 кастрычніка 1833 года ў горадзе памерла сем чалавек, у тым ліку і Агінскі. Там жа ўказаны адрасы. Так атрымалі дазвол. Толькі праз тры гады намаганняў яе і ўсталявалі на п`яца Санта-Марыя-Навэла. 

Папаўняецца рэпертуар аркестра музычнымі творамі, напісанымі не толькі Міхалам Клеафасам, але і іншымі прадстаўнікамі таленавітага роду. Іх адшукваюць музыказнаўцы. Многія з Агінскіх займаліся мецэнацтвам. 

Рыгор Сямёнавіч прыгадаў:

— Больш за дваццаць гадоў таму, калі пачаў шукаць імя, якое б можна было прысвоіць вучылішчу. І, па-мойму, я не памыліўся. Асоба вартая таго.  Убачыўшы, што ён пахаваны ў храме-пантэоне Санта-Коча разам з Мікеланджэла, Макіявэлі, Галілеем, расчуліўся да глыбіні душы і сказаў сабе: пастаўлю помнік. Потым тры гады, пакуль разам з Алегам Залетневым працавалі над операй, мроіў яе пастаноўкай, цяпер вось Аборак. Думаю, мы даказалі, што дастойны вялікай спадчыны кампазітара.

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»

klimovich@sb.by

Фота Алега БЯГАНСКАГА і з сайта музычнага каледжа
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter