Для турыстаў адкрыты яшчэ адзін форт Брэсцкай крэпасці

Таямніцы літары А

У мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” штогод бываюць сотні тысяч турыстаў. А вось крапасныя фарты неяк заставаліся без належнай увагі. Брэсцкія архітэктары Аляксандр Жаркоў і Андрэй Варабей вырашылі выправіць сітуацыю. Яны “адкрылі” турыстам  забыты форт, пазначаны ваеннымі будаўнікамі літарай А.


Аляксандр Жаркоў шкадуе, што ўнікальная фартыфікацыйная спадчына Брэсцкай крэпасці пакуль яшчэ слаба выкарыстоўваецца:

— Крэпасць фартавая. А яе ведаюць як бастыённую. Фарты незаслужана засталіся “за кадрам”.  Толькі форт нумар V даступны турыстам. Там музей. Мінулай вясной мы зарэгістравалі фонд “Фартыфікацыя Брэста”, распрацавалі турыстычныя маршруты, атрымалі сертыфікаты як экскурсаводы.  Чаму форт А? Гэта ўнікальнае збудаванне   1912 — 1915 гадоў пабудовы. Пасля вайны форт выкарыстоўвалі нашы ракетчыкі. Было б выдатна ў перспектыве  стварыць і  тут музей. У нас шмат матэрыялаў па Першай сусветнай, па Другой, шмат ваенных экспанатаў савецкага перыяду.  Ёсць што паказваць.

Але для пачатку зазірнём у мінулае стагоддзе. Чаму будаваліся фарты? Таму што да другой паловы XIX стагоддзя Брэст-Літоўская крэпасць ужо не зусім адпавядала свайму прызначэнню. З другой паловы 60-х гадоў XIX стагоддзя пачалася яе паэтапная рэканструкцыя. Да  1888 года  вакол  крэпасці было ўзведзена дзевяць цагляна-земляных фартоў. Агульная даўжыня абарончай лініі дасягала 30 кіламетраў. У 1911 годзе быў адобраны новы генеральны план развіцця крэпасці. На адлегласці 6-7 кіламетраў  стваралася лінія з 11 новых фартоў, якія атрымалі літарнае абазначэнне.

Да вясны 1915 года крапасная пазіцыя атрымала закончаны выгляд, і крэпасць Брэст-Літоўск стала адной з найбольш падрыхтаваных у Расійскай імперыі. Праўда,  у баявых дзеяннях Першай сусветнай яна практычна не прыняла ўдзелу…


Што з фартамі цяпер? Адны трапілі пад прамысловую і жылую забудову і былі знішчаныя, іншыя пасля Другой сусветнай адышлі да Польшчы. А частка захавалася. Чаму б іх не паказваць турыстам?! За гэтую справу ўзяліся ваенна-гістарычны клуб “Рубеж” і фонд “Фартыфікацыя Брэста”, якімі кіруюць Аляксандр Жаркоў і Андрэй Варабей.

Неяк мне давялося стаць удзельніцай квэст-экскурсіі ў форт А.  Каб захапіць чалавека, трэба даць яму самому ўсё прачуць, ці не праўда? Арганізатары  падзялілі нас на дзве каманды. Далі заданні і кінулі, можна сказаць, на барыкады. Мы шукалі фрагменты, каб у выніку скласці з іх карту Брэст-Літоўскай крэпасці 1907 года. Разгадвалі загадкі. Здзіўляліся. Чырвонаармеец, да прыкладу,  паказаў, як у Першую сусветную абясшкоджвалі міны. Затым мы дружна вызвалялі палоннага. Ад Першай сусветнай перайшлі да савецка-польскай. Потым — Вялікая Айчынная. Квэст працягваецца каля паўкапаніра. Чырвонаармеец паказвае, як вяліся падрыўныя работы. Мы ўзялі ў палон немца. Потым — вызваленне Беларусі. І — халодная вайна. Апошні рубеж. Папрактыкаваліся ў кіданні гранат. Купілі сувеніры...

Экскурсія доўжылася 2,5 гадзіны, якія праляцелі як імгненне. За гэты час нашы экскурсаводы некалькі разоў непрыметна пераапраналіся — у форму таго перыяду часу, пра які расказвалі.  

Аляксандр Жаркоў лічыць, што з дапамогай экскурсій удасца захаваць форт:

— Адзін час тут экстрэмалы практыкаваліся на квадрацыклах, хадзілі “чорныя капальнікі”, дачнікі выкідвалі бытавую тэхніку. Мы правялі суботнік. Расчысцілі хмызняк, вывезлі смецце. У форта — вялікі патэнцыял. Можна арганізоўваць не толькі прыгодніцкія гульні,  але і простыя аглядныя, вела­сіпедныя і нават  экалагічныя экскурсіі.


Сапраўды, форт  цікавы яшчэ і тым, што тут — рэспубліканскі заказнік “Барбастэла”. З  буйнейшай у Еўропе зімоўкай кажаноў.  Пасля вываду падраздзяленняў Савецкай Арміі ў безгаспадарных будынках сфарміраваўся пячорны мікраклімат: высокая вільготнасць — да 95 працэнтаў і тэмпература +1-5 градусаў. У сезон з лістапада па сакавік тут збіраецца звыш 2,5 тысячы асобін рукакрылых 12 відаў, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу.

Паводле слоў Аляксандра Жаркова, аб правядзенні экскурсій абавязкова апавяшчаецца прыродаахоўнае ведамства:

— Мы прайшлі ўсе ўзгадненні. Склалі схему, дзе дазволена бываць. Гэта выдатна, што тут заказнік па ахове рукакрылых. Але акрамя таго на  невялікай тэрыторыі форта выяўлены 31 від млекакормячых, каля 100 відаў птушак, у тым ліку зімародак і зялёны дзяцел, а таксама два віды рэптылій і 8 амфібій. Гэта ж цікава!

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter