Таямніца магічных варот. Пад нерукатворнай каменнай аркай раней мог праехаць коннік, а зараз хіба што можна толькі прапаўзці

Ёсць на Дзятлаўшчыне, непадалёку ад вёскі Горка нерукатворныя каменныя вароты, якія згодна з паданнем валодаюць цудадзейнай сілай. Як і ў даўнюю пару, людзі імкнуцца прайсці праз іх, дзеля чаго і прыязджаюць з розных куткоў Беларусі. Адных вядзе цікавасць да ўсяго незвычайнага, іншых — надзея на збаўленне ад душэўных і цялесных хвароб.

Мясцовая жыхарка Святлана Кашырэц расказала, што ёй, калі яна была яшчэ маленькай дзяўчынкай, гэтае месца паказала бабуля. Памятае, як настаўляла, што камяні ні ў якім разе нельга  абразіць, каб бяды не здарылася. А калі чалавек з глыбокай верай сюды прыйдзе, каменныя вароты цуды твораць. Нават мох, якім пакрыліся, казала, вылечваць можа.
— Мы ўжо прывыклі, што людзі пастаянна пытаюць пра каменныя вароты,  шукаюць іх, — гаворыць жанчына.
— А самі вы ў іх сілу верыце?
— Абразіць   ні ў якім выпадку не асмелілася б, — кажа жанчына і расказвае гісторыю, якая ў Горцы перадаецца  літаральна з вуснаў у вусны. На Святога Георгія  непадалёку ад паклонных камянёў, як яшчэ называюць нерукатворную арку людзі, лесарубы валілі лес. Бачаць, што сабралася на схіле гары шмат народу, і кожны стараецца прапаўзці пад аркай з валуноў. Падышлі, пацікавіліся, навошта яны гэта робяць. А калі даведаліся, самім захацелася паспрабаваць. Аднак знайшоўся сярод іх скептык, які пальцам каля віска пакруціў ды плюнуў у бок валуноў. Пакуль да дзялянкі ішоў, усё пляваўся ды лаяўся, спыніцца не мог. Напалоханы, прыбег назад, а слова чалавечага, акрамя лаянкі, вымавіць не  можа. Здзіўленыя такой праявай людзі вызвалі “хуткую дапамогу”, бедалагу адвезлі ў бальніцу. Расказваюць, што праз некаторы час у Горку прыязджала жанчына з двума дзецьмі, каб перад святымі камянямі грэх мужа замаліць. Казала, што яго, страціўшага чалавечую мову, апанавала цяжкая хвароба. Так і памёр на бальнічным ложку.
На самай справе з паклоннымі камянямі, што аркай застылі на схіле гары, звязана шмат легенд. Кожная з іх сведчыць пра тое, што яны твораць дабро толькі добрым людзям, па міласці  ліхіх камяні кожны раз урастаюць у зямлю.
На жаль, супрацоўнікі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея якіх-небудзь дакументальных пацвярджэнняў, якія пралівалі б святло на гэтае загадкавае месца, карэспандэнту паказаць не змаглі. Але пра паклонныя камяні яны таксама ведаюць.  Расказалі, што і ў музей па звесткі людзі неаднаразова ўжо звярталіся.
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ў свой час каменныя вароты  сапраўды былі настолькі высокімі, што пад імі мог свабодна  праехаць коннік. На Юр’я тут ладзілі святы з коннымі спаборніцтвамі. Коннікі, якія збіраліся з ўсёй ваколіцы, павінны былі хвацка праскочыць праз вароты.
У тым, што месца гэта спакон вякоў лічылася святым, сумнявацца не прыходзіцца нават скептыку. Побач з незвычайнымі  камянямі, якім, відаць, пакланяліся яшчэ ў паганскія часы, быў пабудаваны праваслаўны храм. На жаль, да нашага часу ён не захаваўся. Зараз на яго месцы, дзе, дарэчы, б’е жыватворная крынічка, людзі ўзвялі капліцу.
Пенсіянерка Марыя Карніенка расказвала, што помніць з дзяцінства, як на Юр’я маці пасылала яе ў гэтае святое месца да крынічкі  па ваду яшчэ да ўзыходу сонца. Верылі людзі, што тым самым здароўе і спакой ў хату дзіця прынясе. Нават у багаборчы савецкі час паклонныя камяні ніхто чапаць не асмеліўся, а вось агароджу вакол крынічкі разбурылі і саму крынічку  затапталі. Але ж людзi веру продкаў не згубілі. Прыйшоў лепшы час, і крынічку расчысцілі, капліцу ўзвялі. А да паклонных камянёў і сёння ручнікі нясуць.
Бачаць людзі цуд і ў тым, што камяні вадаточаць. Расказваюць, што менавіта на Крыжапаклонным тыдні, у Вялікі пост кропелькі вады з’яўляюцца на камянях. Прычым след, які яны, сцякаючы, пакідаюць, таксама нагадвае крыж.
Яшчэ, як распавядаюць старэйшыя жыхары вёскі, камяні сталі прыкметна ўрастаць у зямлю. Ці пад цяжкасцю грахоў чалавечых, як сведчыць паданне, ці па іншай прычыне? Але ж, відавочна. Ёсць легенда, што мясцовы памешчык правёў пад цудадзейнымі варотамі свайго сляпога сабаку. Абразіў святое месца. Зараз ад каменных варот застаўся толькі вузенькі праём, праз які можна хіба што прапаўзці. І людзі на каленях прапаўзаюць...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter