Тая, якая любiла матэматыку

Соф’ю Кавалеўскую называлi прынцэсай навукi

За неверагодныя здольнасцi i працавiтасць у Гейдэльбергу Соф’ю Кавалеўскую лiчылi мясцовай легендай, а жыхары Стакгольма называлi яе прынцэсай навукi

Сям’я генерала Васiля Корвiн-Крукоўскага абедала за вялiкiм доўгiм сталом у сваiм радавым маёнтку Палiбiна на Вiцебшчыне. Генерал быў дэмакратычным чалавекам, i таму выхавацелi яго дзяцей i слугi сядзелi таксама тут. Распытваючы дзяцей пра вучобу, генерал звярнуўся ўрэшце да малодшай сваёй дачкi:

— Ну што, Софа, цi палюбiла ты матэматыку? 

— Не, татуля, — адказвала яна.

— Дык палюбiце ж яе, i палюбiце больш, чым iншыя навуковыя прадметы! — усклiкнуў хатнi настаўнiк Iосiф Малевiч.

З гэтага часу ўрокi арыфметыкi для дзяўчынкi сталi падобнымi да чароўных падарожжаў у таямнiчы свет лiчбаў. Настаўнiк паставiў перад сабой задачу зацiкавiць вучанiцу i нечакана заўважыў у яе цудоўныя здольнасцi да дакладных навук.

Далейшы лёс юнай Корвiн-Крукоўскай вырашыў сябар сям’i, прафесар фiзiкi марской акадэмii Мiкалай Тыртаў. Выдаўшы ўласны падручнiк фiзiкi, ён падарыў адзiн экземпляр бацьку Соф’i. Якiм жа было здзiўленне, калi падчас наступнага свайго вiзiту ён убачыў падручнiк у руках шаснаццацiгадовай дачкi генерала. Кнiга гэтая была разлiчана на тых, хто ўжо меў адпаведны ўзровень ведаў, i таму Тыртаў запэўнiў сябе, што дзяўчына, хутчэй за ўсё, кiне падручнiк, не дайшоўшы i да сярэдзiны. Але атрымалася iнакш. Соф’я чытала, спыняючыся на цяжкiх для яе разумення месцах, i спрабавала сама знайсцi адказ на пытаннi, якiя ўзнiкалi. Тыртаў быў уражаны. Ён назваў Соф’ю «новым Паскалем» i настаяў, каб генерал даў магчымасць дачцэ займацца вышэйшай матэматыкай. У настаўнiкi быў рэкамендаваны Аляксандр Странналюбскi.

Адначасова Соф’я займалася фiзiкай у магiстра Пецярбургскага ўнiверсiтэта Фёдара Шведава. Паступова ў галаве дзяўчыны выспела думка, што яна павiнна «адкрыць новую дарогу для жанчын, дарогу ў навуку, стаць вучонай». Але для гэтага трэба было слухаць лекцыi ў якiм-небудзь унiверсiтэце. У Расii гэта было немагчыма — жанчынам не дазвалялася вучыцца ў вышэйшых навучальных установах. Але можна было паспрабаваць набыць неабходныя веды за мяжой.

У тыя часы бацькi рэдка давалi дазвол i грошы разумным дочкам сваiм дзеля чужаземнай навукi. Жанчына, нават знатная i багатая, мусiла ведаць сваё месца, месца жонкi, мацi, захавальнiцы сямейнага ачага. Але прагрэсiўны муж мог паспрыяць навучанню жонкi. Прагрэсiўныя мужы былi рэдкасцю. Аднак можна было дамовiцца з нiгiлiстычна настроеным студэнтам пра фiктыўны шлюб. Менавiта такi шлях абралi Соф’я i яе старэйшая сястра Ганна, якая марыла стаць пiсьменнiцай.

Сябры знайшлi для Ганны цалкам надзейную кандыдатуру — сына дробнамаёмаснага дваранiна Вiцебскай губернi Уладзiмiра Кавалеўскага, якi меў сваю справу — займаўся кнiгавыдавецтвам. Але, пазнаёмiўшыся з сёстрамi Корвiн-Крукоўскiмi, малады чалавек раптам заявiў, што згодны стаць фiктыўным мужам толькi малодшай сястры. Ён захапiўся сiлай iнтэлекту Соф’i. З вялiкiм скандалам, але шлюб адбыўся. А пасля маладыя, прыхапiўшы з сабою i Ганну, накiравалiся ў Пецярбург, дзе Кавалеўскi, якога цiкавiлi лекцыi па фiзiялогii i анатомii ў медыка­-хiрургiчнай акадэмii, дамовiўся са славутым акадэмiкам Сечанавым, што лекцыi неафiцыйна будзе слухаць i яго жонка.

Як чалавек шырокай эрудыцыi, Соф’я Васiльеўна цiкавiлася ўсiм, што выкладалi карыфеi медыцынскiх навук, але сэрца яе ўсё ж такi належала матэматыцы. На жаль, дамовiцца наведваць заняткi па матэматыцы ў Пецярбургскiм унiверсiтэце Кавалеўскай не ўдалося. Таму фiктыўныя муж i жонка неўзабаве выехалi за мяжу. Соф’я Кавалеўская аказалася першай жанчынай, якой было дазволена наведваць лекцыi ў Гейдэльбергскiм унiверсiтэце. Вельмi хутка яна ператварылася ў мясцовую легенду дзякуючы сваiм незвычайным здольнасцям i працавiтасцi. Побач з фiктыўнай жонкай займаўся вучобай i Кавалеўскi. Ён атрымлiваў веды па геалогii.

Калi Кавалеўская зразумела, што мясцовыя прафесары ўжо не могуць задаволiць яе цiкаўнасцi, яна накiравалася ў Берлiн, дзе выкладаў выдатны матэматык Карл Вейерштрас. Пяцiдзесяцiпяцiгадовы вучоны прыняў дваццацiгадовую Кавалеўскую з непадробленай цiкаўнасцю. Паразмаўляўшы з ёю некаторы час на навуковыя тэмы, ён зразумеў, што «бачыць перад сабою ўнiкум», i звярнуўся да савета Берлiнскага ўнiверсiтэта з просьбай дазволiць таленавiтай жанчыне наведваць яго лекцыi па матэматыцы. Савет адхiлiў просьбу, i Вейерштрас прыняў рашэнне займацца з Соф’яй прыватна. Iх супрацоўнiцтва цягнулася з невялiкiмi перапынкамi чатыры гады, пачынаючы з 1870 года. А пасля настаўнiк прапанаваў Соф’i паспрабаваць атрымаць дыплом доктара ў Гётынгенскiм унiверсiтэце.

Перспектыва натхнiла Соф’ю, i яна замест адной напiсала тры навуковыя работы, дзве з якiх, прысвечаныя ўраўненням у прыватных вытворных i абелевым iнтэгралам, не страцiлi навуковай каштоўнасцi i ў нашы днi. Соф’я Кавалеўская атрымала ступень доктара фiласофii з вышэйшай пахвалой — summa cum laude. Гэта адбылося ў лiпенi 1874 года.

Да гэтага часу фiктыўны шлюб Соф’i Васiльеўны ператварыўся, у рэшце рэшт, у сапраўдны. Муж i жонка вырашылi вярнуцца на радзiму.

З вялiкiмi спадзяваннямi Кавалеўскiя выехалi ў Пецярбург, дзе думалi абсталявацца. Але, нягледзячы на iх вучоныя ступенi, уладкавацца яны не здолелi. Жыць без працы было цяжка, тым больш што ў сям’i з’явiлася дзiця, маленькая Соф’я, якую бацькi ласкава называлi Фуфа. Стары генерал абяцаў дапамагаць дачцэ, але ён раптоўна памёр. Спроба наладзiць бiзнес на грошы, атрыманыя Соф’яй Васiльеўнай у спадчыну, скончылася няўдачай. Сям’я вымушана была пакiнуць Пецярбург i шукаць шчасця ў Маскве, дзе Уладзiмiру Кавалеўскаму абяцалi месца на кафедры геалогii i палеанталогii Маскоўскага ўнiверсiтэта. Аднак магчымасцi зноў заняцца навукай у Соф’i не аказалася i тут. Пасля чарговай няўдалай спробы дабiцца здачы магiстэрскiх экзаменаў у 1880 годзе Кавалеўская выехала разам з дачкой у Берлiн.

27 красавiка 1883 года ў Маскве скончыў жыццё самагубствам муж Соф’i. Каб мець магчымасць рэгулярна дасылаць жонцы i дачцэ грошы на жыццё за мяжой, Кавалеўскi зноў паспрабаваў заняцца бiзнесам. I па нявопытнасцi звязаўся з махлярамi, якiх хутка прыцягнулi да судовай адказнасцi. Баючыся патрапiць разам з iмi ў турму, Кавалеўскi добраахвотна развiтаўся з жыццём…

Соф’я страшна перажывала. Але апраўдаць маладушша мужа не магла. Ачуняўшы пасля нервовага зрыву, Кавалеўская выязджае ў Расiю i дабiваецца рэабiлiтацыi сумленнага iмя Уладзiмiра Кавалеўскага праз суд. А потым прымае прапанову шведскага матэматыка Густава Мiтаг-Лефлера прыехаць у Стакгольм, каб распачаць у нядаўна адкрытым тут унiверсiтэце чытанне спецыяльнага курса.

У Стакгольме Кавалеўская з’явiлася ў лiстападзе 1883 года. Яе прынялi вельмi сардэчна. Новы Стакгольмскi ўнiверсiтэт сапернiчаў са старым у горадзе Упсала, якi ўсяляк заяўляў пра свой кансерватызм. Запрашэнне для чытання лекцый жанчыны было своеасаблiвым выклiкам Стакгольма Упсале. Жыхары Стакгольма называлi Кавалеўскую прынцэсай навукi i ганарылiся, што яна стала «першым прыват-дацэнтам жанчынай ва ўсёй Швецыi».

Пасля прачытання першага курса лекцый Кавалеўская была прызначана прафесарам Стакгольмскага ўнiверсiтэта i стала, такiм чынам, першай у свеце жанчынай­-прафесарам. А ў 1888 годзе Кавалеўскай была прысуджана прэстыжная прэмiя Бардэна, заснаваная Парыжскай акадэмiяй навук.

Дыплом пераможцы i залаты медаль Кавалеўскай уручалi 24 снежня 1888 года ў Парыжы. Разам з ёю на ўрачыстасцi прысутнiчаў новы сябар жанчыны-вучонага i яе цёзка па прозвiшчы Максiм Максiмавiч Кавалеўскi.

У жыццё Соф’i Кавалеўскай новае каханне ўвайшло зусiм нечакана. Упершыню яна даведалася пра iснаванне Максiма Кавалеўскага ў 1884 годзе. Аднойчы стакгольмскi паштальён уручыў ёй цэлы стос лiстоў i кнiг на iмя прафесара Кавалеўскага. Соф’я Васiльеўна здзiвiлася супадзенню прозвiшчаў i навуковых званняў i вярнула чужую карэспандэнцыю на пошту. А ў лютым 1888 года ёй давялося i пабачыцца з Максiмам Максiмавiчам, якi прыехаў у Стакгольм па запрашэннi камiтэта лорэнаўскага фонду выступiць як лектар. Памiж iмi адразу ўзнiкла сiмпатыя. Зноў цёзкi па прозвiшчы сустрэлiся летам 1888 года ў Лондане, сiмпатыя перарасла ва ўлюбёнасць.

Вяселле з Максiмам Кавалеўскiм было прызначана на лiпень 1891 года. Яна вельмi чакала гэтай даты, але ў пачатку года моцна прастудзiлася.

З-­за нежадання вылежаць хваробу (Кавалеўская да апошняга добрасумленна чытала лекцыi студэнтам) жанчына хутка зусiм злягла. Урачы канстатавалi запаленне лёгкiх. 10 лютага 1891 года Соф’я Васiльеўна памерла.

Увесь навуковы свет быў уражаны. Стакгольм абвясцiў жалобу. Соф’я Кавалеўская знайшла вечнае супакаенне ў шведскай зямлi, там, дзе яе прынялi як сваю, прывабную iншаземку, якая любiла матэматыку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter