Таццяна ШАМЯКІНА: “Успамінаю бацьку розным”

Дачка выдатнага беларускага пісьменніка Івана Шамякіна пра бацькавыя падарожжы, гастранамічныя прыхільнасці і манеру пісання

Дачка выдатнага беларускага пісьменніка Івана Шамякіна пра бацькавыя падарожжы, гастранамічныя прыхільнасці і манеру пісання

Тое, што аўтарам вядомых твораў “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль”, “Трывожнае шчасце” з’яўляецца Іван Шамякін, ведае ледзь не кожны беларус. Але што мы яшчэ ведаем пра гэтага таленавітага пісьменніка? Што любіў Іван Пятровіч, як сядаў за працу, чым захапляўся, у якія краіны падарожнічаў? Пра бацькавыя прыхільнасці, уласную творчасць, пераклады твораў Івана Шамякіна расказвае яго дачка, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, культуры і мастацтва, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ Таццяна Шамякіна.

— Таццяна Іванаўна, у вашай творчай скарбонцы больш за чатырыста публікацый самага рознага кшталту. Любоў да літаратуры, бясспрэчна, перадалася вам ад бацькоў. А калі вы адчулі гэтую цягу да слова?

— Яшчэ ў школе. Заканчвала я школу № 2, адну з лепшых у Мінску. У нас былі выдатнейшыя настаўнікі рускай мовы і літаратуры. Увогуле ў той час, у 1960-я гады, літаратура і мова былі галоўнымі прадметамі, урокі па іх — кожны дзень. Шмат пісалі сачыненняў. І ўсё ж галоўнае — атмасфера ў сям’і, кола яе інтарэсаў вызначае ўсё ў выбары прафесіі, а магчыма, і фарміруе здольнасці дзяцей.

— Акрамя беларускай літаратуры вы займаецеся міфалогіяй і сусветнай культурай. Гэтаму таксама неяк паспрыяў бацька?

— Ускосна — так. Ён часта вазіў мяне ў Маскву, пастаянна вадзіў там па музеях. Акрамя таго, жылі ж мы ў цэнтры Мінска — спачатку на вуліцы Карла Маркса, дзе цяпер мы з вамі размаўляем, затым на вуліцы Янкі Купалы. Вакол — музеі, тэатры. Я наведвала ўсе лекторыі ў Дзяржаўным мастацкім музеі. А цікавасцю да міфалогіі я абавязана хутчэй свайму настаўніку — кіраўніку маёй дыпломнай працы, а затым і кандыдацкай дысертацыі, доктару філалагічных навук, прафесару, акадэміку, народнаму пісьменніку Івану Навуменку.

— Ці памятаеце вы, як ваш бацька пісаў? Ці былі ў яго пэўныя рытуалы? Ведаю, Караткевіч сядаў за чарговы твор у белай кашулі і з паўлітрам кавы, а Крапіва друкаваў на нямецкай трафейнай машынцы і выключна ноччу, каб не перашкаджалі сямейныя.

— Спачатку мой бацька таксама пісаў ноччу, затым, калі мы, дзеці, сталі хадзіць у школу, раніцай. Але асабліва добра яму працавалася не ў горадзе, а на радзіме маёй маці — у вёсцы Церуха Гомельскага раёна. Туды мы выязджалі кожнае лета. А наконт манеры пісання... У яго была цікавая асаблівасць: калі пісаў, ён правую руку падтрымліваў левай, як бы дапамагаў асноўнай рабочай. На машынцы ніколі не друкаваў — усе рукапісы перадрукоўвала мама.

— Кажуць, кожны раз, чытаючы твор, ты адкрываеш для сябе штосьці новае. Калі Іван Пятровіч напісаў тое ж “Сэрца на далоні”, вам было ўсяго шаснаццаць гадоў. Як мянялася стаўленне да твораў бацькі з гадамі? Ці звярталіся вы да яго з просьбай патлумачыць той ці іншы момант, паразважаць над зместам кнігі і гэтак далей?

— Безумоўна, размовы пра творчасць былі. Асабліва калі я стала вучыцца на філфаку. А будучы ўжо дацэнтам, я нават распрацавала спецкурс “Псіхалогія літаратурнай творчасці”, прычым пачала з таго, што распаўсюдзіла вялікую анкету сярод пісьменнікаў, у тым ліку звярталася і да бацькі. Дарэчы, самыя цікавыя адказы на анкету аказаліся ва Уладзіміра Караткевіча. Яны апублікаваны ў васьмітомным зборы яго твораў. Увогуле ж з гадамі ўсе творы пачынаеш успрымаць інакш. Перачытваючы сёння творы Шамякіна, я заўважаю тое, чаго не бачыла ў маладосці. Акрамя таго, гляджу на іх у кантэксце ўсяго пражытага бацькам жыцця, яго эпохі.

— Многія творы Івана Шамякіна экранізаваны. Вам падабаецца, як зняты карціны? Якая з іх ваша любімая?

— Далёка не ўсе з іх экранізаваны ўдала. Але гэта датычыцца любога з беларускіх пісьменнікаў, каго шмат экранізавалі, — і Быкава, і Караткевіча. Найлепшай экранізацыяй з бацькавых твораў лічу стужку Міхаіла Пташука па рамане “Вазьму твой боль”, дзе галоўную ролю Івана Батрака бліскуча сыграў Уладзімір Гасцюхін. Шкада, што не знялі пенталогію “Трывожнае шчасце”. Яна выключна ўдала кладзецца на экранізацыю: і час тут паказаны розны — даваенны, ваенны, пасляваенны, і дзеянне адбываецца ў розных месцах, і героі абаяльныя, і сюжэт дынамічны, з прыгодамі. Проста дзіўна, за якую, прабачце, муру бярэцца наша кінастудыя і не бачыць сапраўдны скарб — выключна ўдзячную літаратурную аснову. Шамякін як празаік увогуле вельмі кінематаграфічны.

— Што натхніла вас на пераклады творчасці бацькі?

— Зварот да перакладаў твораў бацькі — у многім выпадковасць і ў той жа час заканамернасць. Здарылася так, што пайшлі з жыцця яго выдатныя перакладчыкі з Ленінграда — Арсеній Астроўскі і Павел Кабзарэўскі. А масквічы халтурылі. Тады бацька сам прапанаваў мне стаць яго перакладчыкам.

— Ці даваў Іван Пятровіч парады, як і што рабіць? Наколькі строгі крытык ён быў?

— Парады нават у пачатку маёй работы не даваў, але чытаў усё, што я пісала, — крытыку, пераклады, паказваў на недахопы.

— Як доўга перакладаюцца творы?

— Па-рознаму, залежыць ад многіх фактараў. Напрыклад, бацьку неабходна было пасылаць гістарычны раман “Петраград — Брэст” на экспертызу гісторыкам у Маскву, а яны патрабавалі выключна рускі варыянт. У мяне толькі што нарадзілася дачка Славяна, я працягвала выкладаць на філфаку, але ўсё ж пераклала раман за два месяцы. Гэта, можна сказаць, рэкорд.

— Што было для вас самым складаным у гэтай працы?

— Складанасць у адэкватнай перадачы стылю арыгінала.

— Таццяна Іванаўна, успомніце, якім ваш бацька быў дома, з роднымі? Якія былі ў яго захапленні?

— Акадэмік Уладзімір Гніламёдаў назваў Шамякіна “летапісцам дзвюх эпох”. Кожная з эпох накладвала сваю адзнаку на творцу. Я таксама ўспамінаю бацьку розным. Сталы Шамякін — зусім не тое, што малады. Безумоўна, я люблю ўспамінаць яго маладым: заўсёды вясёлым, смяшлівым, жартаўлівым. Ён любіў анекдоты, досціпы, каламбуры. Дасціпнасць дзядулі перадалася яго ўнучцы — маёй старэйшай дачцэ Марыі.

— Як вы бавілі свой вольны час?

— Я вельмі ўдзячная бацькам за тое, што яны нас вазілі на машыне па ўсім Савецкім Саюзе. Вось яшчэ адкуль мая прыхільнасць да культуры іншых народаў. І паверце, успаміны пра бачанае і сёння вельмі дапамагаюць мне чытаць адпаведныя дысцыпліны студэнтам. У вольны час тата любіў лавіць рыбу і збіраць грыбы.

— Ці былі ў Івана Пятровіча нейкія прыхільнасці ў ежы?

— Ён любіў менавіта беларускія стравы. Нават у сталыя гады, пасля некалькіх аперацый, еў смажанае сала. У маладосці любіў паесці, але яго цікавіў хутчэй, так бы мовіць, “літаратурны” бок кулінарыі. Напрыклад, у 1950-я гады ў маскоўскім рэстаране “Пекін” ён замовіў стравы з самымі рамантычнымі, літаратурна прыгожымі назвамі. На жаль, смак іх і нават выгляд аказаўся залішне нязвыклы для беларуса...

— Іван Пятровіч досыць шмат падарожнічаў. А што, як ён расказваў, яго ўразіла ці здзівіла за мяжой больш за ўсё?

— Сярод шматлікіх падарожжаў бацькі найбольш яму спадабалася вандроўка на цеплаходзе па Дунаі разам з мамай у 1960 годзе. З гарадоў найбольш любіў успамінаць Вену, Кіеў, Пецярбург.

— Раскажыце, на якой стадыі знаходзіцца праект па выданні збору твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах?

— Выйшла 15 тамоў. Рыхтуюцца ўжо апошнія тамы. Разам з калегамі-літаратуразнаўцамі задзейнічана ў гэтай працы і я, а таксама мая малодшая сястра Алеся Іванаўна — тэкстолаг, кандыдат філалагічных навук.

— Івана Пятровіча няма з намі амаль дзесяць гадоў. Па чым вы сумуеце больш за ўсё ў зносінах з бацькам?

— Чым далей, тым большае шкадаванне, што пры жыцці бацькоў не пра ўсё, што з’яўляецца сапраўды важным, удалося пагаварыць.

— У вашага бацькі было шмат вядомых сяброў, якія часта бывалі ў вас у гасцях. А які з візітаў ці якое са знаёмстваў вы запомнілі больш за ўсё?

— У 1950—1960-я гады сябры, калегі, суседзі наведвалі нас амаль кожны дзень. Яны абмяркоўвалі не толькі літаратурныя справы, найбольш — палітыку. З гасцей асабліва я любіла ўкраінцаў, якія часта заязджалі да нас у Церуху (вёска — на мяжы з Украінай). З масквічоў запомнілася наведванне нашай кватэры пасля нейкага саюзнага пленума, што праходзіў у Мінску, сусветна вядомага Канстанціна Сіманава і Аляксандра Чакоўскага, тады галоўнага рэдактара самай папулярнай сярод інтэлігенцыі “Литературной газеты”.

— Івана Шамякіна сёння любяць і чытаюць з захапленнем гэтак жа, як пры жыцці? Чым скараюць чытача яго творы?

— Сёння ўвогуле чытаюць нашмат менш, чым раней. Такая цяпер нелітаратурная эпоха — залішне прагматычная, маладухоўная. Тым не менш і ў наш час я часта сустракаю шчырых прыхільнікаў творчасці Шамякіна, і нават далёка не заўсёды людзей толькі сталага веку. Прычым пераважная большасць чытачоў гаворыць, што менавіта Шамякін — іх любімы з беларускіх пісьменнікаў. І зразумела чаму. Людзі стаміліся ад хаосу, тлуму, герояў-разбуральнікаў, а Шамякін уздымаў чалавека, высвечваў у ім лепшае. Дзейны, актыўны герой і цеплыня адносін паміж людзьмі — вось што найперш характарызуе творчасць Шамякіна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter