Хто не ведае такія папулярныя праграмы, як “Сустрэчы з песняй”, “Любімыя мелодыі мінулых гадоў” ?

Таццяна Песнякевіч (Беларускае радыё): «Канал «Культура» павінен весці за сабой»

АЎТАР, вядучая, музыказнаўца Таццяна ПЕСНЯКЕВІЧ знаёма слухачу з 1977 года. Менавіта тады яна ўпершыню выйшла ў эфір. А сёння хто не ведае такія папулярныя праграмы, як “Сустрэчы з песняй”, “Любімыя мелодыі мінулых гадоў” на першым канале Беларускага радыё, “Класіка на біс”, “Хатняя філармонія”, “Біяграфія шэдэўраў”, “Майстар-клас акадэмічнай музыкі”, “Гасцінец” на канале “Культура”. Чым адрозніваюцца яе падыходы да працы на розных каналах, як кампазіцыі праходзяць яе прафесійны фільтр, ці разважае яна аб праблемах сучасных напрамкаў музыкі? 


— Таццяна Пятроўна, у вас прафесійная музычная адукацыя. А як трапілі на радыё?

— Па-першае, калі вучылася ў кансерваторыі, на практыку нас пасылалі ў газеты, на тэлебачанне, радыё. Спачатку прыйшла ў газету “Вячэрні Мінск”. Потым размеркаванне, а ў мяне малы сын. Што рабіць? Падказаў пра вакансію на Беларускім радыё блізкі сябар нашай сям’і Генадзь Цітовіч, выдатнейшы хормайстар, фалькларыст, стваральнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору, які прымаў тут удзел у перадачах. 

— Ці была хвіліна, калі хацелася пакінуць радыё?

— Я працую з 1977 года і нічога іншага для сябе не бачыла, нават сама здзіўляюся. Ведаеце, у мяне ёсць маленькая ўнучка, яе бацькі заўсёды слухаюць нашы каналы. Дык вось, яна сказала: “Мама, тата, я ведаю, што такое радыё. Гэта калі бабуля адтуль размаўляе!”

— Прозвішча Песнякевіч – гэта псеўданім?

— Не, яно належыць майму мужу, але вельмі пасуе да працы.

— На першы погляд, рабіць музычныя перадачы проста… 

— На самай справе ўсе куды складаней. Акрамя таго што трэба адабраць цікавы твор, у некаторых перадачах я павінна і расказаць пра яго  — як ён узнік, дзе гучаў, чым можа прывабіць — пра выканаўцу, чаму слухаем. 

— Вы яшчэ і вядучая праграмы па фальклору “Гасцінец”. Цікава, адкуль такая прага да гэтага музычнага напрамку? 

— У нас быў прадмет па фальклору ў кансерваторыі. Аднойчы мы атрымалі заданне знайсці такі матэрыял сярод сваіх знаёмых. Мая матуля, якая родам з Мсціслаўскага раёна, наспявала мне некалькі вясельных песень. Яны спадабаліся. Шкадую, што згубіла бабіны з тымі запісамі. Калі прыйшла сюды на працу, патрэбна было працягваць праграму “Радыё- клуб Фальклор”, якую пачыналі Зінаіда Мажэйка, Тамара Варфаламеева. Яна існавала гадоў 20, з цягам часу яе змянілі “Галасы стагоддзяў”, а зараз “Гасцінец”. Усе запісы захоўваюцца ў залатым фондзе. У вёсцы я бачу бясконцую дабрыню, жаданне падзяліцца ўсім, што ёсць, любоў да свайго двара, хаты і прагу зрабіць гэта прыгажэйшым. 

— Як праходзілі гэтыя запісы: запрашалі ў студыю ці ездзілі самі? 

— Падчас перадачы “Радыёклуб Фальклор” мы аб’яўлялі, каб людзі дасылалі адрасы тых, хто ведае старыя песні, ці тых, хто непасрэдна спявае. Калі носьбіты былі далёка, мы выяз- джалі, тых, хто жыве блізка, запрашалі ў студыю. Экспедыцыі рабілі час ад часу. Апошні раз выязджалі гады два таму запісваць старажытныя ўзоры, якія яшчэ засталіся, на Палессе — у Пінскі, Лельчыцкі, Жыткавіцкі раёны. На ўсходзе, поўначы фальклор ужо размыты, няшмат застаецца такіх носьбітаў. 

— Няўжо ўжо няма сэнсу ездзіць у глыбінку?

— Канешне, сэнс ёсць. Калектыў, які хоча мець свой асаблівы рэпертуар, павінен шукаць тое, што засталося. Неабавязкова гэта вельмі старыя людзі, хтосьці ўзгадвае фальклор з дзяцінства толькі ў гадоў 60. На радыё “Культура” зараз ёсць перадача “Беларуская этнафонія”, якую вядзе Аляксандра Макарэвіч, яна скончыла кансерваторыю. Калі кудысьці едзе, запісвае фальклор на звычайны радыйны дыктафон і выкарыстоўвае ў сваіх выпусках. У фонды, праўда, гэта не ідзе. Што тычыцца нас, дык трэба выпрацоўваць маршрут і шукаць такія цікавыя прыклады, бо Беларускае радыё — адзіная такая пляцоўка, дзе ўсё захоўваецца. 

— Сёння праблема сувязі пакаленняў вельмі актуальная. Ці можна зацікавіць фальклорам моладзь?

— На гэта пытанне адказаць цяжка… Самае лёгкае — даваць фальклор у нейкіх апрацоўках і сучасных інтэрпрэтацыях з зусім іншым гучаннем інструментаў. Зараз галасамі старых бабуль не зацікавіш, акрамя людзей, якія прыкіпелі прафесійна. Больш ярка глядзяцца маладыя носьбіты фальклору. У гэтым сэнсе шмат робіць кафедра этнамузыкалогіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, дзе вывучаюць манеру спеваў розных рэгіёнаў краіны... 

Мне здаецца, што нікога не трэба цягнуць, маўляў, гэта наш помнік, продкі, зямля. Кожны чалавек прыходзіць да ўсведамлення свайго “я”, прыналежнасці да краіны ў сваім узросце і праз штосьці сваё. Аднойчы да нас у студыю пасля выступлення прыехалі спявачкі з Жыткавіцкага раёна. Узростам немаладыя, яны былі вельмі стомленыя. А калі заспявалі, я на свае вочы бачыла, як кожная станавілася прыгажуняй. Гэта фантастыка! 

— Як падбіраеце матэрыялы да “Гасцінца”?

— Яны ці прымеркаваныя да пэўнага свята, абрада, ці гэта калектыў, які захоўвае цікавыя ўзоры старадаўняй песні.

— Якая аўдыторыя перадачы?

— З “Радыёклубам Фальклор” вырасла не адно пакаленне, некаторыя сталі займацца гэтым прафесійна. Прывяду прыклад Івана Кірчука з этнатрыа “Троіца”. Ён выконвае многа ўзораў, якія пачуў у нашай праграме. Ёсць круг пастаянных слухачоў, і мы рэгулярна сустракаемся з імі, былі і ў Гродна, і ў Брэсце.

— На жаль, канал “Культура” мае невялікія рэйтынгі…

— Ніколі акадэмічная, фальклорная музыка і тое, што разлічана на меламанаў, не будзе рэйтынгавым. Але такое мастацтва трэба падтрымліваць усімі сіламі, бо  гэта дыханне нацыі. Канал “Культура” павінен весці за сабой, падымаць людзей да свайго ўзроўню.

— Музыка праходзіць праз ваш прафесійны фільтр?

— Праходзіць, але ўсё ж такі перавагу аддаеш таму, што хоча пачуць твая аўдыторыя. Наша мэта перш за ўсё — не выхаваць добры густ, а падарыць добры настрой. Людзі сталага ўзросту, якія ўспамінаюць сваю маладосць, вельмі любілі жорсткія рамансы — “Дантистка Зоя”, “Платочек с розовой каймою”. Калі мы ездзілі ў экспедыцыі, нам расказвалі: вось гэта спявалі вясною, гэта падчас жніва, а вось гэтыя жорсткія рамансы — самыя любімыя. Проста серыялы! І мы не можам выкрасліць гэты пласт. Па просьбе магу паставіць адзін, але рэдка. 

— На Беларускім радыё ёсць канал “Культура”, з цягам часу з’явіўся “Беларусь 3”, які таксама працуе на такую тэматыку. Вядома, мы разумеем неабходнасць іх існавання, нягле- дзячы на нешырокую папулярнасць. Ведаю, у Еўропе ёсць такія каналы, дзе цэлы дзень круцяць той жа фальклор…

— Там іншы ўзровень культуры. Людзі могуць сабрацца на плошчы на фестываль музыкі Баха. І ўсе будуць слухаць Баха! Гэтыя традыцыі выпрацоўваліся стагоддзямі. У нас такое нельга ўявіць, так гістарычна склалася.

— Вы працуеце і на Першым канале Беларускага радыё, і на канале “Культура”. Як тут адрозніваюцца падыходы да аўдыторыі, для якой ствараеце музычныя праграмы? 

— На Першым канале гэта “Сустрэча з песняй” і “Любімыя мелодыі мінулых гадоў”. Першая робіцца па пісьмах, якія дасылаюць людзі ў асноўным сталага ўзросту. Гэта савецкая песня ў самых лепшых яе ўзорах. У другой праграме могуць быць і савецкія, і замежныя кампазіцыі. Тое, што людзі памятаюць. На канале “Культура” больш прафесійная аўдыторыя.

— З чаго пачаць дылетанту, які жадае выхаваць у сабе якасны музычны густ?

— Зразумела, адразу не станеш меламанам. Трэба цікавіцца, слухаць каналы Беларускага радыё, на якіх і пачуем добрыя прыклады. 

— А сучасная беларуская папса?..

— Яна мне нецікавая.

— Як ставіцеся да таго, што пэўны працэнт беларускай музыкі трэба ставіць у эфір?

— Добра, бо ёсць цікавыя ўзоры класічнай музыкі. Ігара Міхайлавіча Лучанка “Алеся”, “Вераніка”, “Спадчына”, “Мой родны кут”, прыгожыя меладычныя песні з добрымі словамі Леаніда Захлеўнага, Уладзіміра Зарэцкага. 

— Таццяна Пятроўна, а што далей? 

— Канал “Культура” цесна супрацоўнічае з Еўрапейскім вяшчальным саюзам і, у прыватнасці, з фальклорнай групай, якая арганізуе міжнародныя фестывалі, рыхтуе праекты “Каляды”, “Вялікдзень”. Туды дасылаюць матэрыялы ўсе еўрапейскія радыёстанцыі, робіцца зборны выпуск, потым мы трансліруем гэта. 

Нядаўна я адправіла матэрыялы на праект “Фалькмузыка і планета Зямля” да міжнароднай канферэнцыі па абароне клімату, якая адбудзецца ў снежні. Трэба было даць адну песню, якая неяк звязана з такой тэматыкай. Я ўзгадала, што Іван Кірчук спявае “Хораша вясной ды поле чыстае”. Гэта песня з вёскі Барталамееўка Веткаўскага раёна. Той, што трапіла пад Чарнобыль. 

Зразумела, з кожным вяшчальным сезонам мы штосьці мяняем. Магчыма, пазней будзем рабіць перадачы больш жывымі ў прамым эфіры. У гэтым сезоне адкрылі вельмі цікавую праграму “Гістарычны канцэрт”. Тут мы круцім запісы, якія захоўваюцца ў нашай фанатэцы, зробленыя ў 80-х гадах і дасланыя Усесаюзным радыё з Масквы. Гэта канцэрты выдатных зорак, якія пакінулі нас. Ужо прайшло некалькі праграм, дзе спявалі Абразцова, Архіпава, выступалі розныя аркестры.

korshuk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter