Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Новыя віды старой Татаркі

Татарка: торфабрыкет, трофі-рэйд і модныя капелюшы

У Беларусі сем рабочых пасёлкаў. Адзін з іх – паміж Асіповічамі і Бабруйскам — з арыгінальнай усходняй назвай Татарка. Заснаваны ён на месцы глухога хутара.  

Захавалася некалькі паданняў пра назву паселішча. Адно з іх распавядае, што ў часы татарскіх набегаў войска хана Каюка дабралася і да хутара. Бязлітасны кат здзекаваўся з палонных, рабаваў усё, што вока бачыла. Разам з ім лютавалі і шасцёра яго братоў. Суправаджала іх у баявым паходзе сівая маці. Яна вышуквала прыгажунь для ненасытнага сына. Сярод перапужаных палонных прыглянулася ёй чарнявая маладзіца з дзіцем на руках – жонка сотніка. Старая загадала ёй збірацца. Жанчына не стрымалася і плюнула ёй у твар. Падскочылі вершнікі, вырвалі з мацярынскіх рук немаўля. Сівая татарка шабляй секанула па ім на вачах у анямелай маці, якую павалаклі да хана Каюка. Але не давялося яму цешыцца. Смелая жанчына непрыкметна выцягнула ў хана нож і ўваткнула яму ў грудзі. Тым часам на татарскі лагер наляцела княжацкая дружына і разбіла захопнікаў. З-пад воза выцягнулі і старую, што засекла сотнікавага сына. Князь загадаў павесіць яе. Пятлю на шыю ёй накідаў пасівелы за адну ноч сотнік. Памяць пра мужную жанчыну засталася. Мясціну, дзе кара спасцігла сівую жанчыну, назвалі Татаркай. 


Паўтара стагоддзі таму праз гэтыя мясціны пралегла Лібава-Роменская чыгунка. Адкрылася чыгуначная станцыя, якой далі назву Татарка.  

Закранулі паселішча ваенныя падзеі пачатку мінулага стагоддзя. Пасля ўсталявання савецкай улады пачаў дзейнічаць торфазавод. У пасёлку адкрыліся школа, клуб, бібліятэка, бальніца. 

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных балотах высадзілася 214-я паветрана-дэсантная брыгада. На знішчэнне байцоў гітлераўцы кінулі некалькі палкоў.  Частка дэсантнікаў пасля бою прарвалася на ўсход. У брацкай магіле, што ў цэнтры рабочага пасёлка, навечна спачываюць 318 герояў. 

Рабочы пасёлак Татарка ўключаны ў рэспубліканскую праграму развіцця малых населеных пунктаў.

ПРЫРОДНАЙ прыгажосцю і зямнымі багаццямі шчодра надзелена Беларусь. Кожная новая вандроўка дапаўняе ўражанні ад убачанага. Гэта пацвярджаюць шматлікія факты. Чаруючае казачнай прыгажосцю возера Нарач увайшло у тройку самых папулярных курортаў на постсавецкай прасторы, уступаючы толькі казахстанскаму курорту Бурабай і кіргізскаму возеру Ісык-Куль. Сусветна вядомую славу мае Белавежская пушча. Вабяць цудоўнай непаўторнасцю беларускія нацыянальныя паркі, запаведнікі і заказнікі. 

Турызм плануецца развіваць у асіповіцкім рабочым пасёлку Татарка, якому паўтара стагоддзя. Уключаны ён у дзяржаўную праграму “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”. Мінулагодняй восенню сюды падведзены прыродны газ. Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Іван Малаковіч, з якім сустрэліся ў Асіповічах, перакананы, што Татарка стане папулярным цэнтрам турызму. Праз пасёлак праходзіць чыгунка, побач — аўтамагістраль. Падворкі акружае сасновы бор, за якім пачынаюцца выпрацаваныя за паўстагоддзя тарфянікі, якія паўторна забалочваюцца. На гэтых масівах вырашана праводзіць спаборніцтвы на квадрацыклах, якія носяць назву трофі-рэйд. Напрыканцы лета першы міжнародны турнір збярэ беларускіх і замежных аматараў мотаспорта. 

Рабочы пасёлак рыхтуецца да спартыўнага дэбюту. Двухпавярховыя шматкватэрныя жылыя дамы абстаўлены рыштаваннямі. Капітальны рамонт пачаўся ў аддзяленні паштовай сувязі, што размешчана ў аднапавярховым драўляным доме насупраць сельвыканкама. З кіраўніком мясцовай улады Віктарам Рамашкам зазірнулі ў будынак, у якім засталіся некранутымі толькі сцены. Перагародкі знесены, мяняцца будзе падлога, столь. Ад Віктара Віктаравіча пачуў, што мо танней было б новы будынак узвесці. У цесным пакойчыку не спыняе работу начальнік аддзялення Аксана Пінчук. Паштальёны Ала Джулай і Галіна Барсукова абслугоўваюць жыхароў Татаркі. 

У рыштаваннях і сярэдняя школа. Сёлета атэстаты сталасці атрымалі шасцёра выпускнікоў. Выдатніца Настасся Пархомчык рыхтуецца да паступлення ў медыцынскі каледж. 

Старшыня сельвыканкама Віктар РАМАШКА

Крыху больш за 60 навучэнцаў у школе, якою другі год кіруе выпускнік Наўгародскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вадзім Грэнь. Свой працоўны адпачынак ён праводзіць у школе, дзе зараз педагогі і тэхнічныя работнікі заняты рамонтам. Заменены аконныя рамы. Падлогу заменяць на новую. Працы ўсім стае. 

Загадчыца бібліятэкі Святлана СТАЛЯРОВА

Вузкім калідорам прайшлі ў цесны кабінет дырэктара. Вадзім Пяровіч – былы кадравы афіцэр. Умее трымаць парадак і дысцыпліну. Нарадзіўся і вырас на Хмяльніччыне суседняй Украіны. Пасля распаду СССР стаў грамадзянінам Расіі. З сям’ёю жыве ў Асіповічах і штодня ездзіць у Татарку, да якой паўтара дзясятка кіламетраў. Большасць школьных педагогаў мясцовыя. 

Дырэктар сярэдняй школы Вадзім ГРЭНЬ і настаўніца Галіна БЕЛЯКОВА

З цеплынёю ў голасе ўзгадала настаўніца пачатковых класаў Галіна Белякова свайго педагога Зою Адамаўну Саковіч, якая сэрцам адчувала кожнага выхаванца. Галіна Васільеўна лічыць гэта галоўным у прафесіі. За тры дзесяцігоддзі яе настаўніцтва змянілася некалькі пакаленняў вучняў. Кожнай паштоўцы, пісьму радуецца яна. Памятае сваіх выхаванцаў. З цеплынёю ўзгадала былога вучня-няўдачніка Сашу Дзялендзіка, якога выхоўвала бабуля. Хлопчыка пакусаў сабака. Ад перапуду ў падлетка парушылася псіхіка. Шмат складанасцей было з ім. Ледзьве закончыў школу. Не ўсё гладка складваецца ў яго жыцці. Пры сустрэчы з Галінай Васільеўнай заўсёды прыветліва вітаецца. 

Тэхнічны работнік школы Павел БЯЛЯК

Механізатарам вярнуўся пасля заканчэння Кіраўскага дзяржаўнага сельгасліцэя і працуе ў цэху здабычы і перапрацоўкі торфу Сямён Карпекін. Начальнікам участка на гэтым прадпрыемстве працуе і выпускнік школы Аляксандр Патупчык. Не пакінуў малую радзіму і стварыў прыватнае прадпрыемства па выпуску галаўных убораў Дзмітрый Суравец. 

Лесавод-пажарны Анатоль ПАТАПЕЙКА і ляснічы Віктар АРЦЁМАЎ

У КАБІНЕЦЕ дырэктара пачуў пра сямейную дынастыю педагогаў Пішчовых. Паўвека таму пасля заканчэння Магілёўскага педвучылішча маладая пара прыехала настаўнічаць у Татарку. Атрымалі жыллё ў двухкватэрным доме. Таццяна Іосіфаўна вучыла ў пачатковых класах, а Уладзімір Мікалаевіч вёў урокі фізкультуры, а потым узначаліў сельвыканкам. Арганізаваў моладзь на ўпарадкаванне стадыёна. Футбольныя матчы, спартыўныя спаборніцтвы, розныя ўрачыстасці і цяпер праводзяцца на ім. Тут накачваў мускулы выпускнік сярэдняй школы Іван Усніч. Ён паспяхова закончыў ваенна-паветраную акадэмію імя Юрыя Гагарына і ўзначаліў кафедру ў Харкаўскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы. Выпускнік школы Васіль Калядка стаў заслужаным урачом БССР, а Людміла Казючыц – адна з вядучых актрыс Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. 

Індывідуальны прадпрымальнік Пётр БАБІН у абедзенны перапынак

Кожнай сустрэчы з былымі вучнямі рада аўдавелая Таццяна Іосіфаўна Пішчова. Вокны яе ўтульнага доміка выходзяць на падворак, які больш падобны на прыгожы кветнік. Сокам наліваюцца яблыкі белага наліву, зацвітаюць гронкі вінаграда, цягнецца да сонца абрыкос, шырока раскінула галлё дрэва грэцкага арэху, а на ўскрайку лапушыста красуецца ляшчына. Прыселі з гаспадыняй за столік, усталяваны пад яблыняй. Усхваляваная візітам нечаканых гасцей Таццяна Іосіфаўна, ледзьве стрымліваючы пачуцці, гаварыла пра мужа, якога два гады таму не стала. Ніякай працы не цураўся і сваіх дзяцей, школьных выхаванцаў, да яе прывучаў. Залатыя рукі былі ў яго. Садовыя дрэўцы з сынам Мікалаем садзіў. А гаспадыня з дочкамі Ганнай і Кацярынай кветкамі, агародчыкам займаліся. Дзеці выраслі, сталі таксама педагогамі. Сын Мікалай Уладзіміравіч – дырэктар суседняй Жорнаўскай сярэдняй школы. Дачка Ганна Уладзіміраўна – дэкан факультэта ў Беларускім дзяржпедуніверсітэце імя Максіма Танка. Другая дачка Кацярына Уладзі- міраўна – настаўніца малодшых класаў у Татарцы. Трое сыноў яе – сталічныя педагогі. Часта адведваюць маці і бабулю, дапамагаюць ім па гаспадарцы. 

Педагог Таццяна ПІШЧОВА

Непадалёку ад падворка Пішчовых – домік старэйшай жыхаркі рабочага пасёлка Марыі Курыльчык. Карцела пазнаёміцца з амаль што стогадоваю гаспадыняй, паслухаць пра былое жыццё. Дзве маладыя жанчыны выйшлі з-за дома, прадставіліся ўнучкамі Марыі Кузьмінічны. Таццяна і Вольга прыязджаюць часта да бабулі з Бабруйска. Абедзве – настаўніцы замежных моў. І маці іх Алена Андрэеўна таксама настаўнічала ў Бабруйску, цяпер на пенсіі. А бабуля працавала бухгалтарам на торфапрадпрыемстве. Раней яна сама ўпраўлялася з вялікім агародам, любіла частаваць унучак блінцамі са смятанкай. Сёстры наперабой расказвалі пра сваю цудоўную бабулю, якой лёс падараваў доўгі век. Марыя Кузьмінічна ў свае багатыя гады пры светлай памяці, толькі ногі сталі не слухацца. Хадзіць перастала. А па-ранейшаму любіць, каб парадак як у доме, так і на падворку быў. Таццяна займаецца агароднінай, а Вольга – кветкамі. Да самага ганка падступае акуратна дагледжаны кветнік. А далей – грады з цыбуляй, капустай, памідорамі, гуркамі, буракамі. Расказалі сёстры пра кавуны, якія вырастаюць тут да 8—10 кілаграмаў. Сакавітыя, салодкія. І сёлета ўжо зацвітаюць. Любяць сонца і ваду. Вось толькі сустрэцца з Марыяй Кузьмінічнай не выйшла. Не надта добра сябе адчувала. Яна – апошні мясцовы сведка далёкага мінулага ваеннага ліхалецця. 

Наталля ПАПОВА з дачкою Дар’яй

У СЯРЭДНЯЙ школе захоўваецца альбом з успамінамі жыхароў пра перажытае ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Дзесяцігоддзі таму збіралі матэрыял юныя следапыты школьнага клуба “Пошук”. Удалося ўстанавіць адрасы ветэранаў-дэсантнікаў 214-й паветрана-дэсантнай брыгады, якая ў першыя месяцы вайны высадзілася непадалёку ад Татаркі ў Ражнятоўскім лесе і прыняла няроўны бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Школьнікі адшукалі аднаго з ветэранаў гэтай баявой брыгады. З Ленінграда на сустрэчу ў школу прыехаў ветэран-дэсантнік Нікан Ісаеў. Яго баявы сябра Яўген Вярбіцкі пасля таго жудаснага бою з фашыстамі ў Ражнятоўскім лесе прапаў без вестак. Трыццаць гадоў шукала магілу сына маці Аляксандра Сямёнаўна Вярбіцкая. Юныя следапыты перапісваліся з ёю. Яны і высветлілі ў Нікана Канстанцінавіча, што ён сябраваў з Яўгенам Вярбіцкім і ведаў, як ён загінуў. Паведамілі маці, што сын пахаваны ў брацкай магіле пасёлка. Прозвішчы яшчэ 12 загінуўшых байцоў 214-й паветрана-дэсантнай брыгады ўстанавілі юныя следапыты.

Лабарант цэха здабычы і перапрацоўкі торфу Святлана ЦУРАНАВА

Насупраць школы ўсталяваны мемарыял на брацкай магіле ваенных ахвяр. Вучні пастаянна шэфствуюць над ім. Ёсць і помнік землякам, што не вярнуліся з вайны. Маладыя пары, якія рэгіструюць свой шлюб у сельвыканкаме, ускладаюць кветкі да святынь. 

ГАНАРАЦЦА жыхары пасёлка сваім дэндрапаркам, разбітым каля лясніцтва. Рэдкія пароды дрэў і кустоў высаджаны тут. З ляснічым Віктарам Арцёмавым прайшліся па царству экзатычных дрэў. Амаль дзесяць тысяч гектараў лесу абслугоўвае невялікі працоўны калектыў. Штогадова абнаўляюцца ўгоддзі маладымі пасадкамі. Сёлета на 23 гектарах высадзілі сасну. Расповяд ляснічага перабілі гукі гармоніка, а потым пачуўся і зычны спеў. Так адпачываў у абедзенны перапынак гарэзлівы кранаўшчык Пётр Бабін. Разам з брыгадай будаўнікоў ён усталёўвае агароджу вакол канторы лясніцтва. З сабою на працу возіць і гармонік. Спевы гарманіста слухала ўся Татарка.

Будаўнікі Валянцін СНЫТКО і Віталь ЛЯМЕШКА

Раней брэндам пасёлка была прадукцыя торфапрадпрыемства, а цяпер імідж стварае вытворчасць па выпуску незвычайных капелюшоў. Заказчыкі арыгінальнай прадукцыі — сталічныя тэатры, розныя арганізацыі і ўстановы. Пакуль дзясятак чалавек заняты на капялюшнай вытворчасці, але попыт дыктуе пашырэнне штату. Як і будучае ёсць у развіцці спартыўнага турызму на былых торфараспрацоўках.

Мараць жыхары пра свой праваслаўны храм. Хочацца спадзявацца, што да 150-годдзя пасёлка ён упрыгожыць слынную майстрамі па выпуску адмысловага торфу і незвычайных капелюшоў Татарку.

Асіповіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter