Тарыф. Мальберт. Жыроўка

Ці адчулі мастакі фінансавую палёгку цяпер, калі Кодэкс аб культуры ўступіў у сілу?

Два месяцы таму ўступіў у сілу Кодэкс аб культуры — дакумент унікальны, распрацаваны ўпершыню, які пакуль не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Ён аб’яднаў каля 60 нарматыўных прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, і яго з’яўлення ў сферы культуры чакалі. З нецярпеннем асаблівым — сябры Беларускага саюза мастакоў. І не без падстаў. Творцы спадзяваліся, што менавіта Кодэкс аб культуры дапаможа вырашыць праблему, увагу да якой яны спрабавалі прыцягнуць неаднаразова: непад’ёмныя, асабліва ў апошнія гады, сумы аплаты за ацяпленне творчых майстэрняў.

Для скульптара Аляксандра БАТВІНЁНКА майстэрня — сакральнае месца як і для кожнага творцы, бо менавіта тут нараджаецца мастацтва.
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Пра гэтую сітуацыю «Рэспубліка» пісала летась у ліпені. Нагадаем. Справа ў тым, што ацяпленне ў майстэрнях у 10 разоў даражэйшае, чым у звычайных кватэрах, вось і набягалі за зіму значныя сумы. У памяшканнях з вялікай плошчай — да 9 мільёнаў тады яшчэ недэнамінаваных рублёў даходзіла, пра што і расказвалі мастакі ў сваім лісце ў газету. Абураліся: хіба гэта справядліва — ставіць творчую майстэрню ў адзін шэраг з заводамі? Пыталіся: дзе браць такія грошы, асабліва пенсіянерам? І прасілі дапамогі — дазволіць плаціць за цяпло хаця б па сабекошце.

Але на той момант нічога змяніць было немагчыма. Тагачасны дзеючы артыкул 14 Закона «Аб творчых саюзах і творчых работніках» зацвярджаў: саюзы, іх арганізацыі і прадпрыемствы аплачваюць камунальныя паслугі, электраэнергію і арэнду па тарыфах і расцэнках, устаноўленых для памяшканняў, якія займаюць бюджэтныя арганізацыі.

А вось у чаканым Кодэксе аб культуры гэты артыкул не прадугледжваўся, што здымала абмежаванні і дазваляла паўплываць на сітуацыю. 

Дык ці адчулі творцы фінансавую палёгку цяпер, калі Кодэкс аб культуры ўступіў у сілу?

У майстэрні народнага мастака Беларусі Георгія ПАПЛАЎСКАГА акрамя карцін i неабходных прылад знаходзiцца мноства цікавых прадметаў,
прывезеных ім з падарожжаў па ўсiм свеце
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца гаворыць: лікавання дакладна няма. Бо пакуль ёсць тое, што ёсць. І паказвае ліст — адказ Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) на пісьмовы зварот Міністэрства культуры адносна магчымасці зніжэння тарыфаў. У ім сказана: 27 лютага МАРГ і Мінэнерга прынята і зараз знаходзіцца на юрыдычнай экспертызе сумесная пастанова «Аб зацвярджэнні Інструкцыі па вызначэнні груп спажыўцоў электрычнай і цеплавой энергіі, па якой могуць дыферэнцыравацца тарыфы на электрычную і цеплавую энергію».

У адпаведнасці з гэтай інструкцыяй майстэрні творчых работнікаў выдзяляюць у асобную тарыфную групу, расцэнкі для якой будуць устаноўлены пасля ўступлення дакумента ў сілу. Даведачна пазначана: тарыфы на ацяпленне творчых майстэрань мяркуецца ўстанавіць на ўзроўні тых, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат, гэта азначае 100 працэнтаў. 

Выходзіць, тое, чаго і дамагаліся мастакі?

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор СІТНІЦА
Фота Сяргея ЛАЗЮКА

Спадар Сітніца згаджаецца — так. І тут жа кажа — але:

— Сёння можна сціпла парадавацца, што ёсць такая папера, аднак не ведаю, наколькі гэта аблягчае нам існаванне. Розніцу ў аплаце за ацяпленне мы істотна адчулі б, калі б прынятая пастанова ўступіла ў сілу ў гэты ацяпляльны сезон. Цяпер жа ён, лічы, закончыўся. Наступны раз цяпло спатрэбіццца толькі з кастычніка, і што будзе да таго часу з цэнамі на «камуналку», я не ведаю, яны ж растуць… Ці паспеем за імі адчуць тую палёгку ў аплаце? Шчыра сказаць, я ў гэтым не ўпэўнены. А калі ўлічыць, што дзяржавай пастаўлена задача, каб у бліжэйшыя два гады ўсе пакупнікі цяпла плацілі за яго цалкам, то і гаварыць не будзе пра што — усім кошт аднолькавы, 100 працэнтаў: і кватэры, і заводу, і майстэрні, і фірме.

Пакуль за мінулыя восень — зіму за цяпло мастакі заплацілі гэтак жа, як і раней. Калі майстэрня невялікая, метраў 30 квадратных, 200—250 рублёў за месяц, калі плошча памяшкання ў два разы болей, то па 500—600 рублёў выйшла. 

Але зноў заплацілі не ўсе творцы — няма з чаго. За такіх Саюз мастакоў сваімі грашыма разлічыўся, запазычанасці ў аплаце за майстэрні няма. Затое цяпер сам у велізарных даўгах, каля 150 тысяч рублёў за зіму «вісяць», бо грошы творцы вяртаць саюзу не спяшаюцца. Як спагнаць — пытанне…

І ўсё ж як небудзь канцы з канцамі Саюз мастакоў зводзіць. Канешне, дыхалася б вальней, каб больш было работы. Але такіх сур’ёзных аб’ектаў і маштабных заказаў, як, напрыклад, Палац Незалежнасці, мемарыяльны комплекс «Трасцянец» ці Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія некалькі гадоў таму дазволілі няблага зарабіць, зараз няма. Мастацкія камбінаты, якія знаходзяцца ва ўласнасці грамадскага аб’яднання, стаяць, а значыць, няма адлічэнняў на саюз, і грошай на рахунку — нягуста. 

— Прадпрыемствы ж у нас спецыфічныя, — тлумачыць Рыгор Сітніца, — вырабляюць габелены, кераміку. Яны ж не могуць дамавіны выпускаць…

Хаця, прызнаецца, думаў ужо і ў гэтым накірунку. Без жартаў — пра дадатковыя паслугі. Разважае: прыватнікі вырабляюць надмагільныя помнікі, а скульптурны камбінат няўжо не можа? Ці, скажам, мастацкія камбінаты. Чаму б не ўзяцца там за нейкія сталярныя работы? Купляюць жа творцы падрамнікі ў прыватнікаў. Гэтак жа, як палатно або фарбы. Можа, паспрабаваць наладзіць свой паток? Пра палатно дамовіцца з Аршанскім ільнокамбінатам, пачаць самім грунтаваць, а з фарбамі — асвоіць кітайскі рынак замест цяперашніх вельмі дарагіх паставак з Расіі. 

— А што рабіць? — заўважае мой здзіўлены позірк Рыгор Сітніца. — Фантазіруем, прыдумваем, каб нешта такое вырабляць, што куплялася б і прыносіла хоць якую капейку. 

svirko@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости