Раней падобнае мясцовыя жыхары бачылі толькі па тэлевізару

Тарнада рваў Шаркаўшчыну на шматкi

Раней падобнае мясцовыя жыхары бачылі толькі па тэлевізару


МОЦНЫ ўраган – тарнада — прайшоўся пад вечар у панядзелак па Шаркаўшчынскаму раёну. Ён падняў у паветра кіёск з прадаўцом, палажыў казлавыя краны на чыгуначнай станцыі, разбурыў некалькі помнікаў на могілках, зруйнаваў жывёлагадоўчыя фермы ў адной з гаспадарак, пашкодзіў дзве сотні аднакватэрных і восем шматкватэрных дамоў у райцэнтры і суседніх з ім вёсках. І толькі вялікім цудам абышлося без чалавечых ахвяр. Праўда, трое жанчын з рознымі траўмамі  трапілі ў бальніцу.


Міхаіл Кавалёнак, дырэктар ААТ “Шаркаўшчынскі райаграсэрвіс”:

— Вяртаўся дамоў па кальцавой дарозе. Гляджу, над Шаркаўшчынай так чорна, нібыта там штосьці моцна гарыць. Раптам адчуваю, як машыну пачынае падымаць. Паціху з’ехаў у кювет. І тут гляджу — лятаюць у паветры шыфер, вёдры, плёнка... 

Юрый Гардынаў, жыхар вёскі Юзэфова:

— Быў на агародзе, а маці знаходзілася ў хаце. Кінуўся ў дом. Крычу: “Мама, кладзіся на падлогу!”

Як усё нечакана пачалося, так і скончылася раптоўна.  Выходжу на вуліцу, гляджу,  ажно ўсе гаспадарчыя пабудовы зруйнаваныя, а ад хаты засталіся толькі сцены.

Віктар Крук, жыхар вёскі Юзэфова:

— У мяне франтоны цагляныя выціснула, шыфер сарвала з даху.  Агарод зрэзала разам з дрэвамі. Сук яблыневы так увагнала ў зямлю, што хлопцы не змаглі выцягнуць, і давялося адпілоўваць. 


Галіна Шышко, жыхарка Шаркаўшчыны:

— Стала цямнець сярод белага дня.  Хацела пайсці закрыць парнічок, але вецер падняўся такі, што ледзь паспела дзверы хаты зашчапіць на кручок. Схавалася на кухні. Усё трашчала, грымела. Сыпаліся шкло і шыфер.  Ад агароду нічога не засталося: ні бульбы, ні цыбулі. Колькі жыву, такога  не бачыла. Прыехалі во два сыны, зяць, унукі. Вокны зашклілі, страху ладзяць. Сын  шыфер на гараж купляў, але цяпер аддаў мне. Кажа, што гараж пачакае.

Цудам, іначай не назавеш, абышлося без чалавечых ахвяр у  дзіцячым  садзіку № 4. Загадчыца ўстановы   Наталля Дабравіцкая з жахам прыгадвае:

— Калі ўбачыла, як з-за суседніх дамоў падымаецца чорны слуп і ў ім усё ляціць уверх, кінулася ратаваць дзяцей. Добра, што выхавацельніца Марыя Усцінаўна Пачкоўская не разгубілася — завяла іх у буфетны пакой і схавала ў нішы ў сцяне. Яны і спалохацца не паспелі.  А ў спальні, дзе незадоўга перад гэтым яны адпачывалі, выбіла вокны і ўсе ложкі  засыпала шклом...


Тое, што засталося ад фермы “Маркі”.


Па словах намесніка галоўнага ўрача Шаркаўшчынскай ЦРБ Мікалая Манкевіча, дапамога медыкаў у першыя гадзіны пасля здарэння спатрэбілася 14 жыхарам раёна: зберагчыся ад смерча тым, хто аказаўся ў яго эпіцэнтры, было немагчыма — у паветры ляталі кавалкі шыферу, шкла, дошкі. Асноўныя пашкоджанні выпадковых ахвяр — удары, парэзы, пераломы. Цяжкія траўмы атрымала прадавец магазіна, якая на момант сустрэчы з тарнада знаходзілася на сваім рабочым месцы. Ураган падняў лёгкі будынак у паветра разам з ёй, перакінуў праз дарогу і ўдарыў аб бетонны слуп.

Апошні ўдар стыхіі, па ўсёй верагоднасці, прыйшоўся на вёску Крайцы Глыбоцкага раёна, якая знаходзіцца непадалёк ад мяжы з Шаркаўшчынскім. Там ён, пакуль выдыхнуўся, паспеў знішчыць дахі на дамах і, быццам запалкі, пакласці ў радок дзясяткі векавых ліп і ясеняў у пойме невялікай рачушкі. Больш за другіх пацярпела хата адзінокага дзядулі. Па волі выпадку пенсіянер незадоўга да таго адпрасіўся дадому на лета з сацыяльнай установы, дзе яго даглядалі ўзімку. На хату пажылога гаспадара смерч кінуў вялікае дрэва. У выніку яно не толькі пашкодзіла дах, але і столь. Тым не менш дзядуля, расказаў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, наадрэз адмовіўся вяртацца на сацыяльны ложак. Да такога пажадання пажылога чалавека кіраўніцтва раёна аднеслася з разуменнем і павагай — ужо назаўтра хату сяльчаніна будаўнікі прывялі ў парадак.

Але найбольшы ўрон ураган нанёс Шаркаўшчынскаму раёну. Ад трох будынкаў жывёлагадоўчай фермы КУП СГП імя Маркава, напрыклад, месцамі засталіся толькі фрагменты сцен. Даводзіцца здзіўляцца, як у такой сітуацыі выратаваліся амаль усе цяляты. Дырэктар гаспадаркі  Багуслаў Паўлоўскі тлумачыць гэта тым, што дахі ляглі на жалезныя канструкцыі і тым самым не падмялі жывёл; траўміраваліся толькі тыя, на якія ўпалі сцены. Кіраўнік удзячны аператыўнай дапамозе МНС і арганізацый раёна, якія дапамаглі ратаваць жывёлу.

Той самы “лятаючы” кіёск.

Пад вечар 12 ліпеня на ферму прыехалі прадстаўнікі аўтарытэтнай абласной камісіі. Пагадзіліся, што ўсе будынкі ўзнаўляць няма сэнсу, вырашылі замест іх ўзвесці арачнік для цялят. Гэта будзе канкрэтная дапамога вобласці  гаспадарцы. 

Значныя страты, каля мільярда недэнамініраваных рублёў,  нанёс ураган ААТ “Шаркаўшчынскі райаграсэрвіс”: фактычна толькі сцены засталіся ад цэнтральных майстэрняў, і былі знішчаны дахі на базе мінеральных удабрэнняў, ферме “Навасельцы”, збожжасушылцы, многіх жылых дамах. Праўда, ужо да абеду аўторка дзве будаўнічыя брыгады зладзілі дахі на майстэрнях і  ферме “Навасельцы”. На ўсё пайшло паўтары тысячы лістоў шыферу. Яшчэ спатрэбіцца не менш 2,5 тысячы лістоў. Сітуацыя  ўскладняецца тым, што будынкі незастрахаваныя, бо на іх няма пашпартоў. Праўда, 80 мільёнаў недэнамініраваных рублёў прадпрыемству выдзяляе раённы бюджэт.

Дарэчы, раённы штаб на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Валерыем Казлоўскім дзейнічае аператыўна і зладжана. І людзі не лічацца з часам. Нават ноччу ў дзень стыхіі аднаўлялі пашкоджаныя лініі электраперадачы 20 брыгад РУП “Віцебскэнерга”, каб у першай палове наступнага дня закрыць гэта пытанне. На расчыстцы вуліц ад завалаў, рамонце дахаў  працавалі не толькі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але і іншых арганізацый раёна.  

Самі жыхары актыўна выйшлі на рамонт сваіх пашкоджаных сядзіб, прыехалі дапамагчы  родзічы. Праблемай  стаў  шыфер, які  за лічаныя гадзіны разабралі не толькі ў самой Шаркаўшчыне, але і ў суседніх раёнах. 

У раённым аддзяленні Дзяржстраху чарга  з самай раніцы. Начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг Валерый Катовіч праінфармаваў, што ўжо з заявамі звярнулася больш як 100 чалавек. Яго агентам дапамагаюць калегі Глыбоцкага, Міёрскага і Браслаўскага раёнаў. Маўляў, з кампенсацыяй страт зацягваць доўга не будуць, ў першую чаргу выплацяць тым, хто найбольш пацярпеў.

У аўторак у Шаркаўшчыне адбылося пасяджэнне абласнога штаба па ліквідацыі  наступстваў стыхіі, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Аскерка, старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама  Сяргей Догель, кіраўніцтва раёна. На ім вырашаны ўсе неадкладныя бягучыя задачы. У прыватнасці, шыфер будзе пастаўлены як з фондаў вобласці, так і кааператыўным і прыватным гандлем, а таксама па лініі МНС.  Да аднаўленчых работ падключаецца будаўнічая арганізацыя  наваполацкага трэста № 15 .  Канкрэтная дапамога будзе аказана пацярпеўшым сельгаспрадпрыемствам.

Дарэчы, гэты ўраган на Шаркаўшчыне — другі за тры тыдні.

В ТЕМУ

Синоптики объяснили природу торнадо, который прошелся по городскому поселку Шарковщина. Чтобы образовался смерч, необходимы высокие температуры и влажность, большие грозовые облака. Эти условия и сошлись на Витебщине. На территорию страны перед непогодой пришли очень теплые воздушные массы со Средиземного моря, развивалась мощная кучево-дождевая облачность, высота верхней границы которой над Витебской областью достигала 14 километров. Под этими облаками образовался атмосферный вихрь, который с вращательными движениями опустился до поверхности земли. Смерчи, характерные для южного климата, в нашей стране случаются довольно редко: последний раз это явление наблюдали в Гомельской области в прошлом году. Правда, тогда торнадо не затронул населенные пункты, а «прошелся» по лесу.

Уладзімір САУЛІЧ, “СГ”

saulich@bk.ru

Алена БЕГУНОВА

a_veresk@mail.ru

Фота Уладзіміра САУЛІЧА  і Алены АНАНІЧ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter