Практычна ўсе дзецi з вескi Стаi Лепельскага района ходзяць у школу мастацваў i вывучаюць нацыянальныя традыцыi

Танцы ў стылі этна

Сёння модна быць экстрасучасным і ледзь ці не супертэхналагічным. Вось толькі пачынаць бы нам усім сваю адукацыю з асноў... Са спрадвечнага. Традыцыйнага. Дрэнна сапраўды не будзе. Так, дарэчы, жывуць у вёсцы Стаі Лепельскага раёна, дзе практычна ўсе дзеці ходзяць у школу мастацтваў, у адзін фальклорны калектыў. Карэспандэнт «Р» зазірнула на заняткі ва ўжо заслужаны аматарскі калектыў «Сунічкі». 

У Стаях ёсць адна сярэдняя школа. У ёй вучацца каля 120 дзяцей. Усяго ў «Сунічкі» ходзяць 115 дзяцей ад 3 гадоў з усёй вёск

Нас сустракае дырэктар ДУА «Лепельская дзіцячая школа мастацтваў», кіраўнік «Сунічак» Вераніка Хомбак. У гэтай школы два філіялы – у вёсках Бароўкі і Стаі. У апошняй і маленькія, і дарослыя (іх бацькі) удзельнічаюць у жыцці школы і калектыву. Вераніка Аляксандраўна дастае тоўстую папку, у якой амаль усё пра школу: тут фотаздымкі — вось з міністрамі культуры, з фестываляў у Мінску, Віцебску, Лепелі і іншых гарадах, а таксама газетныя выразкі, дыпломы абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў… Дырэктар гартае папку: 

— 27 гадоў таму я прыехала ў Стаі па размеркаванні з Новалукомля, дзе скончыла аддзяленне харэаграфіі мастацкага вучылішча. Добра разумела: трэба вучыць дзяцей у сельскай школе адраджаць традыцыі. Якраз тады начальнікам аддзела культуры выканкама была Вера Іванаўна Закрэўская — чалавек вельмі ініцыятыўны. Яна была ў Венгрыі і бачыла, што ў іх там ёсць этнашколы. Ідэю падхапілі, узяліся за працу над сваёй школай.

Пачалося ўсё з танцаў. У першай групе рабят, якія вучылі беларускія танцы, было сем пар. Напачатку бацькі ў далёкім 1996 годзе без аптымізму аддавалі дзяцей у «Сунічкі». Маўляў, што гэта за кашулі з арнаментам, што за лапці... Але адзін, другі, трэці канцэрт, і дарослыя пачалі разумець, што нашы старадаўнія танцы — гэта прыгожа. Больш за тое, дзеці прыкіпелі да заняткаў. Малыя так лёгка засвойвалі матэрыял, што школа і надалей развівала этнанапрамак: з'явіліся аддзяленні вакалу, ігры на музычных інструментах, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з'явілася і самая сапраўдная батлейка!

— Выкладчыкі адраджалі яе, працуючы са старымі фотаздымкамі, другімі матэ­рыяламі. І паступова тэатр лялек за­працаваў. Асабліва ён спадабаўся дзеткам, якія саромеліся выходзіць на сцэну. Затое якія цуды і майстэрства яны паказвалі за шырмай, — быццам вярнулася ў мінулае Вераніка Аляксандраўна. 


У выніку за пару гадоў склаўся калектыў, у якім танцавалі фальклорныя танцы пад свой акампанемент у сваімі рукамі вышытай вопратцы. У 2013 годзе «Сунічкі» атрымалі званне заслужанага калектыву краіны. З дзіцячых сельскіх калектываў такое званне яны атрымалі другімі ў краіне! А яшчэ быў дыплом ЮНЕСКА — за захаванне культурнай нематэрыяльнай спадчыны.

— Гэта заслуга не толькі выклад­чыкаў, але і бацькоў дзетак. Канешне, яны разам з намі не выступаюць на канцэртах, але дапамагаюць у арганізацыі, — Вераніка Хомбак гатовая ўсіх пералічыць пайменна. — Нашы канцэрты заўсёды відовішчныя і прыгожыя. Толькі ўявіце сабе на сцэне 60 пар, больш за 30 вакалістаў, музыкаў, якія граюць на цымбалах, гармоні­ку, баяне, скрыпцы, фартэпіяна… Усе нашы дзеці і спяваюць, і граюць, і танцуюць, і займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю: вышываюць, плятуць, робяць лялек, займаюцца разьбой па дрэве… Кожны па тры гадзіны амаль штодня пасля школьных заняткаў займаецца творчасцю. 

Самыя маленькія ўдзельнікі калектыву — ад трох гадоў. З імі пачынаюць займацца яшчэ ў дзіцячым садзіку. 

Адкуль, дарэчы, выкладчыкі бяруць інфармацыю, матэрыялы пра тое, якой дакладна была харэаграфія, музыка ў нашых продкаў?

— Для гэтага мы аб'язджалі вёскі. Адна носьбітка традыцый — Галіна Савельеўна Фокіна, жыхарка Стай, якая нарадзілася ў 1929 годзе, нават пяць гадоў працавала ў нашай школе. У яе мы ўсе вучыліся танцам, песням, слухалі старыя казкі і апавяданні, — дырэктар паказвае фатаграфію Галіны Савельеўны — тая сядзіць на лавачцы каля хаты ў традыцыйным касцюме. — Ад яе мне больш за ўсё запомніўся танец «Месяц». Дзецям ён вельмі падабаецца.

Дарэчы, а можа, і мне пакажуць пару ўрокаў? Заходзім у клас, дзе займаюцца хлопцы ды дзяўчаты. Мне паказваюць пару рухаў танца «Каханачка», але нешта раблю не так... Не ў рытм.

— А вы не хвалюйцеся. Сін­хроннасць у фальклоры адносная, — супакойвае мяне Вераніка Аляксандраўна, і хлопцы ківаюць галовамі. — Раней пары выконвалі танец па-свойму. Кожны паказваў сябе, спрабаваў вылучыцца. У гэтым танцы, напрыклад, нават важная імправізацыя. У пытаннях харэаграфіі нашаму калектыву дапамог знаўца танцавальнага фальклору Мікалай Козенка. Ён прыязджаў з Мінска, паказваў многія танцы, дзяліўся рэпертуарам, сабраным раней, і ў цэлым накіроўваў нас у патрэбнае рэчышча.

Увогуле, нягледзячы на фальклорны накірунак, ведаюць тут дзеці і класічныя, эстрадныя танцы, і танцы розных рэгіёнаў нашай краіны, бо пастаянна ўдзельнічаюць у фестывалях і канцэртах, дзе знаёмяцца з іншымі калектывамі і абменьваюцца вопытам. На фестывалях «Славянскі базар», «Берагіня» і многіх іншых, у тым ліку за межамі краіны, «Сунічкі» — частыя госці. 

Нямала рабят, якія выйшлі з «Сунічак», потым працуюць ха­рэографамі, музыкантамі, філо­лагамі... Тыя, хто паступіў на тэхніч­ныя спецыяльнасці альбо звязаныя з дакладнымі навукамі, усё роўна ва ўніверсітэтах удзельнічаюць у творчых групах, звяртаюцца за рэпертуарам, нотамі і дапамогай да выкладчыкаў «Сунічак». 

Фота з архіва герояў

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter