Танцы на біс

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь святкуе юбілей.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь святкуе юбілей.

Шэсць дзесяцігоддзяў — прыступка за прыступкай, званне за званнем, поспех за поспехам, новая краіна за краінай і фестываль за фестывалем. Гэтаму калектыву пляскалі ў ладкі Парыж і Атава, Манрэаль і Квэбэк, Рыга і Тбілісі, Масква і Талін, Пскоў і Даўгаўпілс, Смаленск і Сарагоса, і, вядома, родная Беларусь.

Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль танца  “Лявоніха”, вядучы калектыў цэнтра культуры “Віцебск” — адзін з самых знакамітых на Віцебшчыне. Шэсць дзесяцігоддзяў ён адданы беларускай харэаграфіі. Талент і працавітасць, віртуознае майстэрства ў спалучэнні з нацыянальнай самабытнасцю і павагай да гледача — гэтыя рысы складаюць стыль працы калектыву. Залатыя старонкі творчай біяграфіі “Лявоніхі” непарыўна звязаны з заслужаным работнікам культуры Беларусі Леанідам Барадулькам, які кіраваў калектывам на працягу 36 гадоў. Яго пастаноўкі жывуць да нашых дзён.

Зараз кіраўнік “Лявоніхі” Уладзіслаў Драке, у творчай скарбонцы якога шмат новых сучасных пастановак. У аснове рэпертуару ансамбля — яркі беларускі фальклор: вясёлыя, жыццярадасныя і адначасова глыбока лірычныя “Лявоніха”, “Чабарок”, “Таўкачыкі”, “Кругавая”, “Старасельская кадрыля” і многія іншыя танцы. Пастаянна папаўняецца калекцыя танцаў народаў свету.

Дзе б ні выступалі артысты “Лявоніхі” — на клубнай сцэне ці пляцоўцы прэстыжных міжнародных фальклорных фестываляў — усюды яны, горача захопленыя танцам, знаходзяць магутны эмацыянальны водгук гледачоў, у тым ліку і замежных. У пэўнай меры менавіта дзякуючы гастролям “Лявоніхі” ў Францыі, Германіі, Польшчы, Літве, Грузіі, Іспаніі і Расіі ў замежнай публікі сфармавалася ўяўленне пра Беларусь у цэлым і пра Віцебск у прыватнасці.

Аснову калектыву складаюць непрафесійныя танцоры — энтузіясты і прыхільнікі народнага танца, якія прыходзяць у харэаграфічны клас пасля працоўнага дня. У многіх з іх прафесіі далёкія ад сферы культуры, але гэтыя маладыя людзі (сярэдні ўзрост цяперашняга складу артыстаў 21—23 гады ) маюць гарачае жаданне танцаваць. Яны сталеюць, потым прыводзяць сюды сваіх братоў і сясцёр, мужоў, жонак і дзяцей. Кожнае новае пакаленне выхоўваецца ў традыцыях павагі да папярэдніх артыстаў. Сваёй творчасцю “Лявоніха” папулярызуе самабытнасць, лірызм, прыгажосць нацыянальнага беларускага танца.

Ансамбль запатрабаваны ва ўсіх праектах цэнтра культуры “Віцебск”, выступае і з сольнымі праграмамі, прадстаўляе Беларусь на міжнародных фальклорных фестывалях і святах.  У 2011—2013 гадах “Лявоніха” была адным з удзельнікаў сумеснага праекта цэнтра культуры “Віцебск” і цэнтра латышскай культуры Даўгаўпілса “Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё” праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь”. Так у рэпертуары ансамбля з’явіўся латышскі народны танец, былі набытыя нацыянальныя касцюмы і народныя музычныя інструменты. Летась калектыў з поспехам паказаў сябе на міжнародным фестывалі ў Алжыры.

Да віншаванняў “Лявоніхі” далучацца зоркі эстрады, сярод якіх — Руслан Аляхно, Іван Вабішчэвіч, Пётр Ялфімаў, Ілона Багеле (Латвія), Віктар Масковіч (Малдова), Яўген Гор (Расія), а таксама аркестр Віцебскага гарнізона. Удзел такіх знакамітых асоб — не выпадковасць, а заканамерны вынік актыўнага супрацоўніцтва ў разнастайных творчых праектах, у тым ліку ў Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter