В Гомельской области на второй день Пасхи будут водить Сулу

«Танкі» на дарозе

Абрад «Ваджэнне Сулы» праводзіцца штогод у вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна на другі дзень Вялікадня. Сёлета свята пройдзе 29 красавіка. На некалькі дзесяцігоддзяў традыцыя вадзіць Сулу была прыпынена. Але яе ўдалося аднавіць у 2007 годзе дзякуючы намаганням мясцовых энтузіястаў пры падтрымцы ДУА «Маркавіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа».

gp.by

Абрад настолькі старажытны і адметны, што ў сакавіку яго прызналі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Кажуць, Сулу вадзілі ў гэтай мясцовасці спрадвеку, лічачы, што правядзенне гэтага веснавога абраду забяспечвае добрую ўраджайнасць, спрыяе здароўю, засцерагае ад маланкі.

Удзел у абрадзе, як правіла, прымаюць дзяўчаты і маладыя жанчыны, апранутыя ў нацыянальныя строі. Пачынаецца свята ў вёсцы Гадзічава. Пасля літургіі ў мясцовай Свята-Кацярынінскай царкве ўдзельніцы абраду выходзяць на скрыжаванне і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды («танкі») — колавы «Як на нашай вуліцы шырокая возера», крывы «А ў крывога танка, да не выведу канца», карагоды-гульні «Чарнабрывы каралёк» і «Падшыбну кабыліцу». Падкідваюць угору маленькіх дзяўчатак, а затым становяцца ў шэрагі, узяўшыся пад рукі, і ідуць лінейным карагодам з прыпеўкамі і песнямі ў бок вёскі Маркавічы. На скрыжаваннях дарог «танкі» паўтараюцца. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца ахвотныя. Завяршаецца абрадавае шэсце, згодна з матэрыяламі livingheritage.by, каля сельскага дома культуры, дзе працэсію сустракаюць велікодным кулічом і фарбаванымі яйкамі. Пасля ўдзельнікі абраду збіраюцца за накрытымі сталамі, спяваюць, танцуюць, гуляюць, весяляцца.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter